28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежнага журналіста аштрафавалі за фота з памежнага перахода

9
Незалежнага журналіста аштрафавалі за фота з памежнага перахода

Намеснік начальніка гомельскай мытні аштрафаваў Кастуся Жукоўскага на $575.

Сёння намеснік начальніка Гомельскай мытні ў праваахоўнай рабоце Васіль Чайкоўскі прызнаў актывіста і журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага вінаватым у незаконным фатаграфаванні на тэрыторыі памежнага пераходу «Новая Гута» і вынес максімальна магчымы паводле артыкула 23.32 КаАП (парушэнне рэжыму ў пункце пропуску праз дзяржмяжу) штраф - 50 базавых адзінак ці 1 150 беларускіх рублёў, паведамляе gomelspring.org.

З пастановай актывіст не пагадзіўся і ўжо абскардзіў пазасудовы штраф у дзяржаўным мытным камітэце.

Нагадаем, 28 красавіка Кастусь Жукоўскі разам з бацькамі Героя Украіны Міхаіла Жызнеўскага вярталіся з Кіева на сваім аўтамабілі і ў пункце пропуску «Новая Гута» ім зладзілі паглыблены мытны дагляд. Іх аўтамабіль загналі ў бокс для пільнай праверкі, дзе Кастусь і зняў на мабільнік свой аўтамабіль.

«Падчас правядзення штодзённага маніторынгу СМІ і інфармацыйных рэсурсаў, размешчаных у глабальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт аддзелам ідэалагічнай работы Гомельскай мытні на сайце «Радыё Свабода» было выяўленае фота бокса паглыбленага надгляду мытні, зробленае Кастусём Жукоўскім», - напісаў у пратаколе Чайкоўскі.

Мытнікі мяркуюць, раз закон аб дзяржаўнай мяжы забараняе фатаграфаванне ў пунктах пропуску, значыць, грамадзяне, якія стаяць у чэргах і здымаюць на мабільнікі тое, што адбываецца вакол, здзяйсняюць правапарушэнні.

Іншага пункту гледжання прытрымліваецца сам Жукоўскі. На ягоную думку, нельга паўсюдна усё забараняць, бо можна дайсці да абсурду і пачнуць караць за фота з туалета памежнага перахода. - «Усякае абмежаванне правоў грамадзян мала прапісаць у законе, як гэта робіцца ў нас, трэба яшчэ давесці, для якой мэты яно ўжываецца. Калі дзяржава непакоіцца за сваю бяспеку, дык самай вялікай пагрозай для гэтай бяспекі з'яўляюцца як раз паўсюдныя парушэнні правоў чалавека, а не фота нейкага бокса на мытні!», - заяўляе Кастусь Жукоўскі.

Праваабаронца Леанід Судаленка з’вяртае ўвагу на максімальна магчымае спагнанне, хоць у Жукоўскага на ўтрыманні знаходзіцца малалетняе дзіця, што ўжо само па сабе з'яўляецца змякчальнай віну акалічнасцю.

«Заканадавец устанавіў забарону фота на дзяржаўнай мяжы, такім чынам, ужываючы гэтую забарону на практыцы, на дзяржаўных агентах кожны раз ляжыць абавязак давесці, для дасягнення якіх легітымных мэтаў уведзеная гэта забарона. У кейсе Жукоўскага гэта не зроблена, такім чынам, можна ставіць пытанне аб парушэнні права атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю», - кажа юрыст.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках