25 красавiка 2024, Чацвер, 13:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пяць прычын, чаму Асмалоўка не павінна знікнуць

22
Пяць прычын, чаму Асмалоўка не павінна знікнуць
ФОТА: ONLINER.BY

Стала вядома, што новы праект забудовы менскага квартала, вядомага як Асмалоўка, прадугледжвае поўны знос забудовы.

Ці маюць гэтыя двухпавярховыя дамы ў цэнтры Менска гісторыка-культурную каштоўнасць, «Наша ніва» гаварыла са знаўцам Менска, мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім, аўтарам кнігі «Асмалоўка: дамы і мары».

1. Людзі

У гэтым квартале вырасла тры пакаленні людзей, якія не хочуць выязджаць з Асмалоўкі. Для людзей гэта не проста родны раён, але дамы іх бацькоў і дзядоў. Не разумець гэтага права людзей на іх гісторыю, на сямейную памяць - гэта не па-людску і амаральна.

2. Архітэктура

Гэты архітэктурны ансамбль уяўляе сабой міжнародную каштоўнасць. Праекціроўшчыкі, архітэктары былі з Украіны і Расеі: Міхаіл Ручко, Абрам Даніляк і акадэмік Міхаіл Паруснікаў. Апошні - аўтар знакавых будынкаў у Маскве, Пецярбургу, Харкаве, а таксама ў Менску на праспекце Незалежнасці.

Ёсць такі ж квартал-блізнюк у Днепрадзяржынску ва Украіне, але там ён быў пабудаваны для працаўнікоў гіганцкага хімічнага камбіната. І, вядома, за ўсе гэтыя гады быў дабіты цалкам.

Нешта такое захавалася ў Эстоніі, Латвіі, Літве і там правялі рэнавацыю. Такія дамы там аберагаюць, яны сталі часткай ландшафту.

Асмалоўка - гэта адзінае месца, дзе такі комплекс будынкаў застаўся цэласным кварталам. У свой час, акрамя згаданых вышэй архітэктараў, у яго стварэнні ўдзельнічаў і наш зямляк Міхаіл Асмалоўскі, які ў 1945-1951 гадах узначальваў Управу справамі архітэктуры пры Кабінеце Міністраў БССР. Менавіта з ягоным прозвішчам і звязаная народная назва - Асмалоўка. І тое, што гэты квартал - адзіны ацалелы на прасторах былога СССР у сваёй першаснасці, ужо само па сабе важна.

Гэты квартал служыць ілюстрацыяй стылю, уяўленняў таго часу пра лад жыцця, пра камфорт. Усё тое, каб звацца помнікам архітэктуры, у Асмалоўкі ёсць.

3. Мемарыяльнае значэнне

Першапачаткова гэтыя дамы будаваліся для вайскоўцаў побач са штабам Беларускай вайсковай акругі (цяперашнім Міністэрствам абароны). Туды планавалася пасяліць высокапастаўленых афіцэраў, генералітэт. Некаторы час там жылі героі Савецкага Саюза, маршалы. Сярод іншых - родны брат Пятра Машэрава Павел, ён там пражыў усё жыццё.

А яшчэ адзін квартал Асмалоўкі аддалі Кіраўніцтву ў справах мастацтва. Быў тады там такі кіраўнік Лютаровіч. Таму і забудову іранічна назвалі «пасёлкам Лютаровіча». Туды пасялілі вернутых з эвакуацыі народных мастакоў, розных заслужаных дзеячаў.

Там пасялілася цэлая дынастыя вядомых мастакоў Шчамялёвых - дзед, сын, унук, іх жонкі, Таццяна Разіна. Цэлы клан, цэлае племя.

Мастак Генрых Бржазоўскі жыў там, ягоны бацька прыехаў у свой час у Менск рабіць унутраны дызайн Чырвонага касцёла, усю сталярку. І вось сын ягоны стаў адным з першых заслужаных дзеячаў мастацтва БССР, аўтар больш чым 2000 карцін. Ягоная дачка Людміла, балерына, стала самай маладой заслужанай артысткай СССР.

Адразу туды адвялі адзін дом для габрэйскага тэатра БССР, які вярнуўся з эвакуацыі. Потым гэтыя артысты сталі дыктарамі на радыё.

Да нашых дзён у мансардах Асмалоўкі працуюць мастакі: Несцераў, графік Паўлавец, Руслан Вашкевіч. На некаторых дамах там можна павесіць утрая больш памятных дошак, чым на доме, дзе музей Петруся Броўкі, на вуліцы Карла Маркса. Столькі там жыло дзеячаў культуры, прафесуры! У Менску мала дзе можна сустрэць такі квартал, настолькі насычаны памяццю, як Асмалоўка.

4. Экалагічная каштоўнасць

У Асмалоўцы ўсё яшчэ пражываюць дзве сям'і, продкі якіх жылі ў гэтых кварталах да рэвалюцыі 1917 года. А ў цэнтры квартала захаваліся цудам дрэвы, якім больш за 100 гадоў.

Адразу пасля вайны жонкі вайскоўцаў захапляліся садоўніцтвам і там высаджвалі ўсялякія экзоты. За мінулыя 75 гадоў многія расліны сфармавалі ўнікальны біяцэноз, які стаў домам не толькі для людзей, але і для птушак, у тым ліку занесеных у Чырвоную кнігу. Там жывуць нават два віды кажаноў.

З пункту гледжання экалогіі, выразаць у цэнтры Менска сад, якому больш за 100 гадоў, - гэта вар'яцтва і злачынства. Зразумела, што падчас зносу дамоў дрэвы захоўваць не будуць. І што б нам ні казалі пра кампенсацыйныя пасадкі, то спатрэбіцца стагоддзе, каб яны набылі такую ж каштоўнасць.

На гэтым месцы ў разы прапануюць павялічыць транспартную плынь. Гэта значна пагоршыць экалагічную сітуацыю не толькі ў дамах на месцы Асмалоўкі, але і ў прывабных суседніх раёнах.

5. Спакойны адпачынак

У Менску перажываюць наконт адсутнасці пешаходных вуліц. Фактычна Асмалоўка і выконвае функцыі такога вось праменаду. З суседніх кварталаў прыходзяць цяжарныя або мамы з вазкамі, дзе ў цішыні, сярод зеляніны можна правесці час. Гэта месца для спакойнага адпачынку. Не трэба хвалявацца, што цябе там задушыць аўтамабіль. Аналагаў у Менску такому раёну няма. Гэта ўнікальнае асяроддзе.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках