29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусі ёсць што ўтойваць ад іншых краін у дачыненні да сваёй АЭС

15
Беларусі ёсць што ўтойваць ад іншых краін у дачыненні да сваёй АЭС

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі і Літвы прынялі супольную заяву.

Заява прынятая на 7-й сесіі Нарады Бакоў канвенцыі ЕЭК ААН Эспоо і 3-й Сесіі Нарады Бакоў у пратаколе аб СЭА, што датычыць выканання Рэспублікай Беларусь яе абавязанняў у сувязі з будаўніцтвам АЭС, паведамілі Charter97.org аўтары рэзалюцыі.

Прыводзім тэкст заявы цалкам:

- Мы, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі і Літвы, вітаем прыняцце Менскай дэкларацыі і іншых пастаноў 7-й нарады бакоў канвенцыі Эспоо ЕЭК ААН.

Але разам з тым, мы выказваем глыбокае шкадаванне ў тым, што краіны не змаглі дамовіцца і прыняць пастанову Камітэта аб ажыццяўленні, якая, у тым ліку, утрымлівала высновы і рэкамендацыі ў невыкананні Канвенцыі краінамі ў ядзерных пытаннях. Сярод такіх была і справа аб Астравецкай АЭС. Яна была разгледжаная яшчэ на мінулай нарадзе бакоў, якая прызнала факты парушэнняў Канвенцыі і дала краіне свае рэкамендацыі. Сёлета Камітэт даў новыя рэкамендацыі Беларусі, якія прынятыя не былі. Гэта адбылося, у тым ліку, і таму, што Беларусь неканструктыўна падышла да прапаноў такога незалежнага органа, як Камітэт у ажыццяўленні, і, прынамсі, выступіла супраць стварэння пад эгідай Канвенцыі незалежнага экспертнага органа для ацэнкі ходу будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Такую незгаворлівасць праявілі і іншыя краіны, якія былі абвінавачаныя Камітэтам у парушэнні Канвенцыі пры ажыццяўленні дзейнасці ў ядзернай сферы. Аднак пазіцыя Беларусі ў дачыненні да высноў Камітэта, якія на наш погляд, з'яўляліся мяккімі і кампраміснымі, сведчыць пра нежаданне супрацоўнічаць з незалежнымі экспэртнымі органамі, і дае падставы для сумневаў у выкананні Беларуссю не толькі працэдур Канвенцыі, але і тэхнічных нормаў пры будаўніцтве.

Паводле нашай інфармацыі, Беларусі ёсць што ўтойваць ад іншых краін у дачыненні да сваёй АЭС - гэта, напрыклад, шматлікія парушэнні, уключаючы пачатак будаўніцтва АЭС пры адсутнасці архітэктурнага праекта, і інцыдэнты, у тым ліку, і з карпусамі рэактараў, пра якія мы выказваліся раней.

Мяккасць пастановы Камітэта ў дачыненні да Беларусі выяўлялася, на наш погляд, яшчэ і ў тым, што гэты орган адклаў ацэнку выканання нашай краінай пастановы мінулай сустрэчы з нагоды Астравецкай АЭС. У той час як былі відавочныя факты невыканання або няпоўнага выканання яго раздзелаў. Так, напрыклад, Беларусь адпаведна з рэкамендацыяй мінулай сустрэчы бакоў запрасіла да сябе місію SEED, але выключыла адтуль кампанент для ацэнкі выбару пляцоўкі, тады як менавіта для такой ацэнкі місію трэба было запрашаць. Іншы прыклад - у 2014-м годзе Беларусі было рэкамендавана прыняць такую пастанову для выбару пляцоўкі, якая адпавядала б раздзелам Канвенцыі і ўлічвала б меркаванне Літвы, аднак з 2014 года Беларусь не вярталася да разгляду пастановы аб выбары пляцоўкі. Беларусь таксама не арганізавала ўліку меркавання літоўскай грамадскасці з 2014 года.

З іншага боку, мы заклікаем Камітэт даць справядлівую і своечасовую ацэнку выканання Беларуссю папярэдняй, шостай нарады бакоў і Канвенцыі агулам, як мага хутчэй, датуль, пакуль першы энэргаблок Беларускай АЭС будзе ўведзены ў строй. Тады гэтыя высновы і рэкамендацыі страцяць першапачатковы сэнс. Мы заклікаем наступную пазачарговую нараду бакоў прыняць пастанову аб выкананні ў канцы 2018 пачатку 2019 года. Мы звяртаемся да Беларусі з патрабаваннем добраахвотна прыпыніць будаўніцтва сваёй АЭС у гэты перыяд, што будзе адпавядаць духу і літары Канвенцыі.

Дэлегаты 7-й Нарады бакоў канвенцыі Эспоо ЕЭК ААН з боку ГА «Экадом», БПЗ, незалежнай грамадскасці Літвы

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках