28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інвестыцыйны голад

3
Інвестыцыйны голад

Прадпрыемствы ў Беларусі не прадаюцца датуль, пакуль ад іх не застануцца адны руіны.

Замежныя інвестары не падзяляюць аптымізму беларускіх уладаў з нагоды інвестыцыйнага клімату. Асабістыя гарантыі дыктатара, персанальная адказнасць губернатараў, шматлікія кантрольныя органы і жорсткая вертыкаль улады ёсць, а наўпроставых замежных інвестыцый - кот наплакаў. Цэнавыя дзівацтвы пры вызначэнні ўмоў уваходжання на рынак, навязванне умоў пры прыватызацыі, дыскрымінацыйныя практыкі для доступе да рэсурсаў унутры краіны - замежныя інвестары не жадаюць рызыкаваць сваімі грашыма дзеля гіпатэтычнага задавальнення стаць уладальнікам часткі беларускай наменклатурнай гаспадаркі. Пра гэта «БелГазеце» распавёў старшыня клубу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін:

Дзелавая атмасфера ў Беларусі, асабліва апошнія дзесяцігоддзі, нагадвае ці то патэльню, ці то пякельны кацёл, у якім вымушаныя варыцца беларускія прадпрыемствы і бізнэс. Дзякуй богу, што ў такой сітуацыі яшчэ ёсць курачкі, здольныя хоць па зярнятку, але прыцягваць ПЗІ. Таму я б сказаў, што сума інвестыцый у Беларусь адпавядае яе інвестыцыйнаму клімату. Дзяржава настолькі зашугала бізнэс павальнымі арыштамі, што ўслых пра гэтую праблему казала цяпер ужо былы дырэктар Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі Наталля Нікандрава, адзначаючы, што арышты з эканамічных прычын забіваюць інвестыцыйны клімат у краіне.

Выдатны тэрмін - «адмоўная селекцыя». Менавіта яна спрыяе выцеку капіталу з краіны. Кіраўніцтва краіны яшчэ ў першыя дні вясны паабяцала, што ў самыя кароткія тэрміны ўжыве захады ў дэкрыміналізацыі эканамічных рызык. Сярэдзіна чэрвеня - і адкат у меркаванні, праўда, на ўзроўні кіраўнікоў структур, такіх як КДК і МУС.

Пры зачыненых дзвярах - улады разумеюць і згаджаюцца з пазіцыяй бізнэсу, нават прапануюць пункты-разыначкі ў распрацаваных праектах. Але сканчаецца нарада, праходзіць тыдзень, атрымліваем выніковы праект на рукі, а там - лыжка дзёгцю ў выглядзе пары радкоў, якія перакрэслілі адначасова некалькі станоўчых старонак праекта. У выніку дакумент становіцца не толькі не рабочым, але нават шкодным для бізнэсу.

У бізнэсу да ўлады было толькі адно патрабаванне: не пагаршаць падатковую нагрузку, не ўводзіць новыя падаткі і не павялічваць стаўкі, не пераразмяркоўваць падатковую базу, не хітраваць унутры падатковага адміністравання. Рэфарматары ад улады перавярнулі яго з ног на галаву: калі мы паабяцалі вам не хітраваць і не пагаршаць, то цяпер пакуль нічога для вас зрабіць не можам.

Што тычыцца АПК. Спачатку дзяржава згвалціла людзей, якія працуюць на зямлі, і саму беларускую зямлю, а цяпер гатова падпісаць кантракт аб наўпроставых інвестыцыях у сельскую гаспадарку з Кітаем на $1 млрд з хвастом. Фактычна - гэта продаж зямлі кітайцам. Нельга гэтага рабіць - гэта адназначна. Інакш атрымаем пустыню Сахару. Хай кітайцы сядзяць у «Вялікім камяні», кляпаюць высокія тэхналогіі і не адцягваюцца на натура льны прадукт.

Што дазволена быку, то не дазволена Юпітэру. Затое дазволена зарэгістраваным СЭЗ выбудоўвацца ў чаргу на атрыманне дакладна такога ж пакета льгот, як у «Вялікага каменя». Але ж у СЭЗ і так льготы, чаму ж яны не змаглі бурна развівацца дагэтуль? Няўжо, чым больш ільгот, тым лепш? Лагічна ўсе гэтыя чэргі на атрыманне льгот і прэферэнцый, у якія выстраіліся СЭЗы і наменклатурныя любімчыкі, ліквідаваць. А разам з імі павінны адысці ў нябыт дакументы з паметкай «цалкам сакрэтна» або ДСП, дзе прапісаныя прэферэнцыі, падатковыя льготы і крэдыты для праўладных фаварытаў, якімі цяпер кішыць наша адміністрацыйная сістэма.

Інвестыцыйнае жыццё па-за СЭЗамі і «Вялікім каменем» ёсць, але мізэрнае. Чым больш ільгот у першых, тым менш шанцаў у МСБ. Беларус, які ўкладзе ў які-небудзь Пухавіцкі інструментальны цэх або завод, моцна рызыкуе застацца без яго.

А вось прынцып ацэначнай дзейнасці ў Беларусі можна ахарактарызаваць так: лепш качка пад ложкам, чым сініца ў руках. Таму часцяком прадпрыемствы не прадаюцца датуль, пакуль ад іх не застануцца адны руіны.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках