28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мама памятае: Скаргу Ульяны Захаранкі разгледзяць у ААН

2
Мама памятае: Скаргу Ульяны Захаранкі разгледзяць у ААН

Камітэт правоў чалавека зарэгістраваў для разгляду зварот маці генерала Юрыя Захаранкі.

У сваёй скарзе Ульяна Захаранка просіць прызнаць Юрыя Захаранку памерлым. Аб рэгістрацыі скаргі 14 чэрвеня 2017 г абвясціў кіраўніцы «Беларускага дакументацыйнага цэнтра» Раісе Міхайлоўскай кіраўнік аддзела петыцый КПЧ ААН Ібрагім Салама.

Сайт «Беларускага дакументацыйнага цэнтра» папрасіў Раісу Міхайлоўскую пракаментаваць гэты факт.

- Юрый Захаранка (экс-міністр МУС РБ) быў гвалтоўна выкрадзены 7 траўня 1999 года. Больш за 18 гадоў таму. Не буду спыняцца цяпер на палітычным складніку гэтай справы. Ягонай маці Ульяне Рыгораўне ідзе 94-ы год. Усе гэтыя гады яна нічога не ведае пра лёс свайго сына, яна не атрымала ніводнай капейкі ад дзяржавы з нагоды страты карміцеля, яна не можа здзейсніць ніякіх натарыяльных дзеянняў, каб прыняць ці пакінуць у спадчыну маёмасць сына. У яе дзве ўнучкі і двое праўнукаў. Усе яны залежаць ад адной паперкі - афіцыйнага прызнання Юрыя Захаранкі памерлым. Наша правасуддзе адмаўляла ім у гэтым ужо двойчы. У 2002-м годзе, калі з такой просьбай звярталася жонка Вольга Захаранка, і ў жніўні 2016 года пры звароце ў суд Ульяны Рыгораўны.

У сакавіку гэтага года Ульяна Захаранка з нашай дапамогай адправіла скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН у сувязі з адмовай у правасуддзі ў Рэспубліцы Беларусь і парушэннем яе правоў, прадугледжаных ч.1 арт.14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. І вось літаральна праз 2 месяцы мы атрымалі паведамленне з Камітэта аб яе рэгістрацыі. Зыходзячы з нашага досведу ўзаемадзеяння з камандай аб петыцыях Камітэта, мы будзем зноў прасіць экстранага разгляду гэтай скаргі пры ўлічванні сталага ўзросту заяўніцы.

- На што звяртае ўвагу і што просіць Ульяна Захаранка ў сваім звароце ў КПЧ ААН?

- У скарзе заяўніца сцвярджае аб парушэнні Рэспублікай Беларусь у дачыненні да яе артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах - права на справядлівае судовае разбіральніцтва. А гэта напраўду і адбылося - ніякіх судовых разглядаў для прызнання Юрыя Захаранкі памерлым не праводзілася. Вось храналогія барацьбы 93-гадовай маці з судовымі органамі:

24 траўня 2016 года Ульяна Захаранка падала ў суд Кастрычніцкага раёна горада Менска заяву аб абвяшчэнні яе сына Юрыя Захаранкі памерлым.

30 траўня 2016 года суддзя суду Кастрычніцкага раёна горада Менска ў сваім кабінеце вынесла вызначэнне аб прыпыненні разгляду ў справе.

15 чэрвеня 2016 года на паказанае вызначэнне Ульяна Захаранка падала скаргу ў судовую калегію грамадзянскіх спраў Менскага гарадскога суда, якая сваім вызначэннем ад 1 жнiўня 2016 года адмовіла ў задавальненні скаргі.

12 жніўня 2016 года Ульяна Захаранка і яе адвакат абскардзілі пастанову суда Старшыні Менскага гарадскога суда, які адмовіў у задавальненні скаргі.

7 кастрычніка 2016 года судовыя пастановы былі абскарджаныя адвакатам Ульяны Захаранкі намесніку Старшыні Вярхоўнага Суда, які адмовіў у задавальненні скаргі.

Такім чынам, усе нацыянальныя магчымасці прававой абароны вычарпаныя, а дзяржава чарговым разам ігнаруе свае абавязкі ў абароне правоў грамадзян. Адмова разгляду справы аб абвяшчэнні памерлым фактычна ўяўляе сабой адмову Ульяне Захаранцы ў доступе да правасуддзя пры разглядзе яе грамадзянскіх правоў. Такая адмова не апраўданая ніякімі аб'ектыўнымі і разумнымі асновамі.

У скарзе Ульяна Захаранка мяркуе, што «...такая пазіцыя судоў абумоўленая пазіцыяй Аляксандра Лукашэнкі, які неаднаразова заяўляў, што зніклыя палітыкі жывыя і хаваюцца за мяжой. Аднак, ніякіх рэальных довадаў гэтаму ён не прыводзіць. Так, 3 лютага 2017 года, на прэс-канферэнцыі «Вялікая размова» Лукашэнка сказаў: «Па-мойму, Віця Ганчар або нехта яшчэ былі сфатаграфаваныя ў Нямеччыне. Мы за гэта ўхапіліся і пачалі тарпедаваць немцаў: адкуль гэтыя фатаграфіі? Дзе? Адказу мы дагэтуль не атрымалі...». А таксама: «...У грамадстве шмат розных версій. Я самы зацікаўлены чалавек, але я больш нічога не ведаю. Аб нябожчыках, калі яны сышлі з нашага жыцця, дрэнна не гавораць, але я ўсё ж спадзяюся, што дзесьці іх сляды ёсць».

Варта адзначыць, што версія пра тое, што зніклыя палітыкі жывыя і знаходзяцца ў Нямеччыне, даследавалася ўрадам ФРГ яшчэ ў 2002 годзе. Аднак ніякіх пацверджанняў яна не атрымала.

Ульяна Захаранка просіць Камітэт прызнаць абавязак дзяржавы Рэспублікі Беларусь даць эфектыўны сродак прававой абароны супраць указанага парушэння, уключаючы неадкладны разгляд справы аб абвяшчэнні памерлым Юрыя Захаранкі і выплату ёй належнай кампенсацыі, якая будзе складаць не менш той сумы, якую б яна магла атрымаць ад валодання сваёй уласнасцю, калі б такое права было прызнанае за ёй без неапраўданых затрымак.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках