25 красавiка 2024, Чацвер, 0:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падпалкоўнік-бунтаўнік Вусік: У міліцыі павінны служыць сумленныя людзі, а не самадуры

23
Падпалкоўнік-бунтаўнік Вусік: У міліцыі павінны служыць сумленныя людзі, а не самадуры

Мяцежны падпалкоўнік распавёў, чаму «прынцыпы» і «праца ў беларускай міліцыі» несумяшчальныя.

Падпалкоўнік Ігар Вусік заўсёды хацеў стаць міліцыянтам. Яшчэ хлапчуком у роднай вёсцы Лебядзянка ён думаў аб службе і марыў насіць форму. Цяпер жа з формай падпалкоўніку давялося развітацца. Былога начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Крычаўскага РАУС і двух ягоных падначаленых звольнілі з органаў унутраных спраў пасля таго, як яны распавялі ў СМІ пра несправядлівасць у шэрагах міліцыі, піша часопіс «Імёны».

— У міліцыі я з 1996 года, — успамінае 39-гадовы Ігар Вусік. — Было жаданне служыць, нават два разы паступаў. У першы раз аднаго бала недабраў, але з другога ўсё атрымалася. Калі пачаў працаваць, заробак у мяне быў 25 даляраў. Сябры і былыя аднакласнікі ў Расею ездзілі — зараблялі значна больш, аўто ў іх добрыя былі. Але я наважыў стаць міліцыянтам, і мне спадабалася.

Падпалкоўнік успамінае, што праблемы на працы ў яго пачаліся пасля таго, як у асабістага складу аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Крычаўскага РАУС начальства стала забіраць, з ягоных слоў, частку прэмій. У лютым 2017 года аддаваць сваю прэмію падпалкоўнік Вусік адмовіўся. У адказ на гэта да супрацоўнікаў аддзела ўжылі «санкцыі». Са слоў падпалкоўніка, кіраўніцтва прымусіла міліцыянтаў выконваць план у злачынствах. На справе гэта азначала, што супрацоўнікі не маглі сысці з працы, пакуль не выявяць правапарушэнні паводле артыкулаў «Дробнае хуліганства» і «Распіццё алкагольных напояў ў грамадскім месцы». Восем разоў іх перавялі на ўзмоцнены рэжым нясення службы. Даводзілася працаваць дзесяць дзён без выхадных па 12 гадзін на дзень.

— У снежні 2016 года шэсць маіх супрацоўнікаў былі прэміяваныя добрай прэміяй, але неабходна было аддаць 2,5 мільёна зампаліту Васілю Ціханенку, — распавядае Вусік. — Я выступіў супраць. Падняў скандал, спытаў: што вы робіце, навошта? Калі ў лютым я перастаў даваць грошы, нас перавялі на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Даходзіла да абсурду. Напрыклад, у нашага ўчастковага Канашэнкі жонка была ў лякарні, і ён застаўся глядзець за дзяўчынкай, якая хварэе на цукровы дыябет. Калі Канашэнка папрасіў памяняцца а 18.00, каб укалоць дзіцяці інсулін, яму адмовілі. Ён усё адно паехаў дадому, зрабіў укол дзіцяці, а потым хадзіў з ім разам па мікрараёну, пакуль не злавіў п'янага. Толькі пасля гэтага яго памянялі.

Мы выступалі не як супрацоўнікі міліцыі, а як грамадзяне для абароны сваіх правоў. А міністр абазваў мяне «скаржнікам».

У лютым 2017 года 11 міліцыянтаў з Крычава напісалі калектыўны ліст у МУС з просьбай правесці праверку ў дачыненні да начальніка Крычаўскага РАУС Станіслава Чупрына і зампаліта Васіля Ціханенкі. Яны абвінавачвалі Чупрына ў тым, што той злоўжывае ўладай: нецэнзурна выказваецца на адрас падначаленых, прадузята ставіцца да ўчастковых і прымушае вяртаць частку прэмій. Магілёўская ўправа ўласнай бяспекі правяла праверку, але ніякай крамолы ў дзеяннях Чупрына і Ціханенкі не выявіла. Замест гэтага ў МУС паставілі на прафілактычны ўлік аднаго з аўтараў калектыўнага ліста — падпалкоўніка Вусіка. Крычаўскія міліцыянты не апусцілі рукі і напісалі ліст міністру Ігару Шуневічу. Гісторыя стала здабыткам СМІ, слава аб Вусіку дайшла да вялікіх начальнікаў. У адказ на зварот да міністра Вусіка і яшчэ двух падпісантаў скандальнага ліста — лейтэнанта Андрэя Шашкова і маёра Юрыя Дзюбанава — два месяцы таму звольнілі з органаў унутраных спраў. Міністр Шуневіч назваў крычаўскіх міліцыянтаў «скаржнікамі», абвінаваціўшы ў парушэнні міліцэйскай этыкі.

— Для спынення карупцыйных злачынстваў — пабораў — мы наважыліся звярнуцца ў СМІ, — палемізуе з Шуневічам Вусік. — Мы выступалі не як супрацоўнікі міліцыі, а як грамадзяне для абароны сваіх правоў. За гэта мы пацярпелі? Міністр абазваў мяне «скаржнікам», звольнілі Дзюбанава і Шашкова. Шашкоў цяпер праходзіць службу ва ўнутраных войсках у Бабруйску. Пасля заканчэння ВНУ яму было неабходна адпрацаваць два гады. Ён прыйшоў да нас у РАУС, паглядзеў, якое бязладдзе дзеецца: кожны дзень абразы, паборы. Узяў і распавёў праўду. Яго забралі ў войска на трэці дзень пасля звальнення, каб скаргі не пісаў.

Сёння падпалкоўнік Вусік абураецца ў сувязі з пастановай міністра Шуневіча. Ён не задаволены вынікамі службовай праверкі МУС і падаў пазоў у суд Цэнтральнага раёна Менска з патрабаваннем скасаваць загад аб звальненні. Аднак чакаць выраку суда ў Беларусі падпалкоўнік не будзе. Вусіку трэба працаваць. Як распавёў падпалкоўнік «Імёнам», ён з'язджае з краіны на заробкі.

— Тэлефануюць звольненыя супрацоўнікі і прапануюць працу, — кажа ён. — Усе разумеюць, што дзеецца. Пасля звальнення ў Крычаве я нават не збіраюся на працу ўладкоўвацца ў Беларусі, не хачу. Няма тут працы. Паспрабуй куды ўладкавацца — гэта вельмі праблематычна.

Ігар Вусік кажа, што сёння многія знаёмыя з'язджаюць на заробкі ў Расею. Там, з ягоных слоў, можна зарабіць не менш, чым у беларускай міліцыі. Хутчэй за ўсё, падасца ў Расею і ён.

— Я з чыстым сумленнем пайшоў, — аналізуе свой учынак Вусік. — Калі ў міліцыі быў бы талковы кіраўнік, служыць можна, пытанняў няма. І служыць для людзей, народа. А не так тупа, з абразамі. Міліцыя патрэбная, толькі там павінны сумленныя людзі служыць, а не самадуры.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках