19 красавiка 2024, Пятніца, 19:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сямашка прапанаваў «памяняць шыла на мыла»

19
Сямашка прапанаваў «памяняць шыла на мыла»
УЛАДЗІМІР СЯМАШКА
ФОТА: DELFI

Віцэ-прэм'ер мяркуе, што ўранавая залежнасць ад Расеі - лепш, чым нафтагазавая.

Гэтым віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка патлумачыў неабходнасць будаўніцтва БелАЭС, выступаючы на выставе Атамэкспа-2017 у Маскве, паведамляе tut.by.

Пры гэтым цалкам пазбавіцца ад залежнасці беларускай энэргасістэмы ад РФ не атрымаецца, заявіў Сямашка. Нагадаем, станцыю будуе карпарацыя Росатам за сродкі расейскага ж крэдыту. Уладзімір Сямашка назваў гэты фінансавы праект «доўгатэрміновым і танным».

- Ёсць паняцце незалежнасці не толькі ад адной краіны, а залежнасці ад аднаго тыпу паліва. Нам сёння трэба дыверсіфікаваць крыніцы пастаўкі энэргіі, - сказаў віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка. - Калі мы пабудуем АЭС, то да 27-28 адсоткаў выпрацоўкі энэргіі будзе прыпадаць на яе.

Першы час Беларусь збіраецца купляць у Расеі і ядзернае паліва для сваёй АЭС. Са слоў віцэ-прэм'ера, ужо сёння прапрацоўваюцца і альтэрнатыўныя рынкі імпарту.

- Многія, хто ўжо пабудаваў АЭС паводле расейскага праекту, збіраюцца асвоіць ці ўжо асвоілі вытворчасць паліўных элементаў. Гэта і Кітай, і Украіна, і іншыя краіны, у якіх ёсць зыходнае паліва - уран. У перспектыве можа атрымацца, што мы пераключымся на гэтыя рынкі, - не выключае Уладзімір Сямашка.

Такая энэргетычная залежнасць ад Расеі, са слоў віцэ-прэм'ера, будзе больш надзейнай за цяперашнюю нафтагазавую. Сямашка нагадаў аб сыравінных канфліктах з Расеяй у 2006-м і 2009 годзе, калі нашы суседзі перакрылі трубы на шляху ў Беларусь.

- Гэта было зімой пры 25-градусным марозе. Праз два-тры дні пасля прыпынення паставак мы ўжо знаходзіліся на мяжы пэўнай катастрофы. Калі ты маеш атамную станцыю, то яе раптоўна спыніць нельга: паліва загружанае, яна аўтаномна працуе. І ў гэтым таксама ёсць элемент бяспекі, - патлумачыў Уладзімір Сямашка.

Тэрміны запуску першага энэргаблока БелАЭС перанеслі з лістапада 2018 га на 2019 г. Затрымка атрымалася праз замену корпуса рэактара, які будаўнікі пашкодзілі падчас ўстаноўкі. Другі энэргаблок адпаведна з кантрактам павінен быць запушчаны ў 2020 годзе.

- Трэба ўзмацняць нашу працу на першым блоку. Там цяпер недастаткова колькасці персаналу, з расейскага боку перш за ўсё. Мы дамовіліся, што да канца месяца правядзем з нашымі партнёрамі чарговую нараду і пройдзем па крытычным шляху станцыі, каб вызначыцца, чаго яшчэ не стае. Тады мы вызначым канкрэтныя тэрміны.

Беларуская АЭС уводзіцца побач з Астраўцом, у 50 кіламетрах ад Вільні. Станцыя будзе складацца з двух энэргаблокаў сумарнай электрычнай магутнасцю да 2400 МВт.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках