25 красавiка 2024, Чацвер, 19:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Дашкевіч: Сёння ўсе, хто сядзіць у «парламенце», - прызначаныя людзі

13
Зміцер Дашкевіч: Сёння ўсе, хто сядзіць у «парламенце», - прызначаныя людзі
ЗМІЦЕР ДАШКЕВІЧ
ФОТА: BELSAT.EU

Лідар «Маладога фронту» распавёў аб здрадзе, крыўдах на спецслужбы і абароне Курапатаў.

17 чэрвеня лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч атрымаў прэмію Васіля Быкава «За свабоду думкі». Ці заўсёды трэба бараніць свабоду сваёй думкі, ці заўсёды супраціў - шлях да перамогі, што стаіць за «справай патрыётаў»? На гэтыя і іншыя пытанні Зміцер Дашкевіч адказаў у жывым эфіры «Еўрарадыё».

- Я перш за ўсё - бацька, муж, цясляр і змагар. Свой выбар я зрабіў пад уздзеяннем рэферэндуму 1995 года. Калі ён праводзіўся, мне было 13 гадоў і я плакаў, калі рвалі на шматкі сцяг бел-чырвона-белы - не мог зразумець, чаму нацыя адхіляе свае сімвалы. Гэты дзіцячы боль, магчыма, стаў прычынай, чаму я далучыўся да «Маладога фронту».

Калі мяне арыштавалі ў 2006 годзе, я думаў - што мне рабіць? І мне прапанавалі адмовіцца ад сваіх поглядаў. Гэта пазбавіла б ад крымінальнай адказнасці. Як можна здрадзіць сябрам, разам з якімі я дзейнічаў? Калі ўжо турма, то я павінен гэты шлях прайсці.

Зона ў 2006 годзе моцна адрознівалася ад зоны сённяшняй. Раней цябе саджалі, і ты проста сядзеў, а цяпер табой і ўдзень і ўначы займаюцца.

Мне ні разу не прапаноўвалі супрацоўніцтва са спецслужбамі. Магчыма, недаацэньваюць мой патэнцыял. Нават крыўдна. Усё, што прапаноўвалі, калі мяне пераводзілі з зоны ў зону, - ламалі падпісаць прашэнне на імя Лукашэнкі.

Калі мы, шэсць чалавек, прыйшлі ў Курапаты, было ідыятызмам меркаваць, што мы чагосьці даможамся. Я там будаўнікам у нейкай дзёрзкасці крычаў: «Вы тут нічога не пабудуеце!», а потым сам сабе думаў: «Што я вярзу такое?!». І на трэці дзень пэцкання ў тых лужынах я ўжо маліўся, каб нас пасадзілі проста. Каб прыйшоў АМАП, і нас пасадзілі. Але мы там былі дзеля свайго сумлення.

У Курапатах некалькі разоў за апошні час бачылі людзей у накідках «Белай Русі» - яны там прыбіралі. Цудоўна. Людзі нарэшце, праз 30 гадоў, прыйшлі - хай прыбіраюць. Гэта выдатнае супрацоўніцтва з уладай. Але калі яны захочуць навязаць сваё бачанне таго месца, заліць усё ў бетон і цыбуліны праваслаўнай царквы там насадзіць, то гэта ўжо не тое супрацоўніцтва і дапамога.

Калі ёсць канкурэнцыя паміж людзьмі, паміж палітыкамі, у палітычнай і эканамічнай сферах, то ніколі не пральецца кроў. Кроў праліваецца там, дзе ёсць маніякальная прага да ўлады, грошай, уплыву і гэтак далей.

Часта апазіцыйныя актывісты выбарчай тэматыкай затуляюць сваё нежаданне працаваць паміж электаральнымі кампаніямі. Нам не трэба было ніякай электаральнай кампаніі, каб не ў самы зручны час пайсці і збіраць подпісы за бел-чырвона-белы сцяг. Ці каб пайсці на абарону Курапатаў.

Трэба дамагацца зменаў праз выбары. Але праблема беларускай сітуацыі ў тым, што нам трэба дамагчыся, каб выбары былі. Калі мы іх не даможамся, то і далей будуць такія фармулёўкі: «Хтосьці патрапіў у парламент». Сёння ўсе, хто сядзіць у «парламенце», - прызначаныя людзі.

Дзе былі гэтыя дэмакратычныя «дэпутаты», калі арыштоўвалі, чаму гэтыя людзі не ламаліся ў КДБ, калі патрыётаў валаклі ў КДБ, дзе гэтыя «дэпутаты» былі, калі Сяргей Пальчэўскі клаўся пад бульдозер? Я б мог іх паважаць, калі б было нейкае дзеянне, нейкі рух. Сядзець, націскаць кнопкі і расказваць, як яны прагаласавалі - гэта проста смешна.

Дамагчыся змен магчыма тады, калі мы навучымся быць адданымі ў малым. Праблема прыхільнікаў пераменаў у тым, што мы, застаючыся нявернымі ў малым, стала прэтэндуем на вялікае. Навошта чакаць змены рэжыму, каб пачаць сваіх дзяцей вучыць гаварыць па-беларуску - чаму цяпер не рабіць гэтага? Хіба гэта патрабуе намаганняў? Калі б тры мільёны чалавек, якія ў сацапытаннях выступаюць за беларускую мову к адзіную дзяржаўную мову, заўтра выйшлі і пачалі размаўляць па-беларуску - гэта б ужо была іншая дзяржава. Гэтага не адбываецца. Але мы ўвесь час разважаем, як дамагчыся ўлады, як скінуць рэжым.

Трэба не пра амбіцыі разважаць, а рабіць проста справу. Мяне часам папракаюць, што я ў лужынах ў Курапатах пэцкаюся, па слупах лажу ці ўлёткі раскідваю. Маўляў, не твая справа! А хто палезе? Я маю права кагосьці да чагосьці заклікаць, калі сам гэта раблю.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках