У Брусэлі пачаліся перамовы аб выхадзе Вялікабрытаніі з ЕЗ
- 19.06.2017, 20:50
- 15,282
Бакі абмяркоўваюць арганізацыйныя пытанні: у якім парадку і якія тэмы будуць абмяркоўвацца, і якой будзе перыядычнасць сустрэч.
Брытанскі міністр па Брэксіту Дэвід Дэвіс і кіраўнік дэлегацыі Еўрапейскага Звязу Мішэль Барні 19 чэрвеня прыступілі да перамоваў аб выхадзе каралеўства з ЕЗ. Перамовы пачаліся ў адпаведнасці з артыкулам 50 Дамовы аб Еўрапейскім звязе, якая апісвае працэс выхаду дзяржаў-сябраў са звязу. У пачатку перагавораў бакі абмяркоўваюць арганізацыйныя пытанні: у якім парадку і якія тэмы будуць абмяркоўвацца, і якой будзе перыядычнасць сустрэч, паведамляе «Радыё Свабода».
Са слоў Дэвіса, перамовы пачынаюцца ў пазітыўным і канструктыўным ключы. Барні пагадзіўся з брытанскім прадстаўніком і выказаўся на карысць першачарговага разгляду пытанняў аб статусе экспатаў і мяжы паміж Ірландыяй і Паўночнай Ірландыяй. Пытанне пра суму выплат, якія Брусэль разлічвае атрымаць ад Лондана, не было названае сярод першачарговых.
«Шлюбаразводнае ўрэгуляванне», паводле некаторых падлікаў, будзе каштаваць да 50 мільярдаў фунтаў стэрлінгаў (больш за 57 мільярдаў еўраў). Аднак, паводле ацэнак Financial Times, Брэксіт можа каштавацьма Брытаніі 100 млрд еўраў праз узмацненне жорсткасці патрабаванняў з боку краін-сябраў звязу. Са слоў крыніц Бі-бі-сі, перамовы будуць ісці паводле схемы, якая з'яўляецца пераважнай для ЕЗ: спачатку будуць абмяркоўвацца ўмовы выхаду Брытаніі з аб'яднання, а затым - пытанні пра будучыню супрацоўніцтва і гандлёвыя пагадненні.
Дата 19 чэрвеня была прызначаная для пачатку перамоваў яшчэ да таго, як прэм'ер-міністарка Тэрэза Мэй і яе партыя кансерватараў панеслі адчувальныя страты на нядаўніх парламенцкіх выбарах у Вялікабрытаніі. Вынікі выбараў спарадзілі сумневы адносна захавання ўсталяванай раней даты пачатку перамоваў.