28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мецэнат купіў шэсць купюр з «Пагоняй» за 5,2 тысячы даляраў, а ананім - за 10 тысяч

5
Мецэнат купіў шэсць купюр з «Пагоняй» за 5,2 тысячы даляраў, а ананім - за 10 тысяч

Са слоў Паўла Падкарытава, купюры цалкам адлюстроўваюць нацыянальную сутнасць Беларусі.

Расейскі бізнэсовец Павел Падкарытаў выкупіў у антыквара купюры 1993 года з выявай «Пагоні», якія так і не патрапілі ў абарачэнне. Сэт стане адным з экспанатаў музея беларускай шляхты, які мецэнат плануе адкрыць у набытай ім за 120 тысяч даляраў сядзібе ў Ваўкавыскім раёне, піша tut.by.

Павел Падкарытаў распавядае, што сустрэў камплект банкнот у каталогу маскоўскага аўкцыённага дома. Пачатковы кошт - 180 тысяч расейскіх рублёў (амаль 5,9 тысячы беларускіх рублёў) за шэсць купюр.

- Я меў намер выкупіць лот, калі яго кошт не ўзнімецца вышэй за 300 тысяч расейскіх рублёў (9,8 тысячы беларускіх рублёў). Аднак, калі пачаліся таргі, аўкцыяніст абвясціў, што на сэт паступіла завочная заяўка сумаю 600 тысяч расейскіх рублёў (19,6 тысячы беларускіх). Я палічыў такую цану моцна завышанай і ўдзельнічаць у барацьбе не стаў. Праз пару дзён, калі я забіраў у аўкцыённым доме выкупленую мной трохрублёвую купюру 1863 года, абмеркаваў гэтае пытанне з прадстаўнікамі аўкцыяніста. Сказаў, што цана на аўкцыёне была занадта высокая і што калі ва ўладальніка ў наяўнасці яшчэ адзін камплект, я гатовы выкупіць яго без аўкцыёну па цане 300 тысяч рублёў (амаль 10 тысяч даляраў).

Праз два дні прадстаўнікі аўкцыённага дома адказалі: ва ўладальніка ёсць сэт, які ён гатовы прадаць па названаму кошту. Угода адбылася. Бізнэсовец кажа, што ён не калекцыянер і купюры з «Пагоняй» цікавыя яму як «першы ўзор сапраўдных, нацыянальных беларускіх грошай».

- Тыя купюры, якія выйшлі ў абарачэнне пасля дэнамінацыі, вядома, нядрэнныя з эстэтычнага пункту гледжання, але ўсё ж не цалкам адлюстроўваюць нацыянальную сутнасць Беларусі, - адзначае мецэнат.

Плануецца, што банкноты 1993 года будуць выстаўленыя ў музеі беларускай шляхты ў Падароске. Але паколькі аб адкрыцці музея гаворка яшчэ не ідзе, сэт цяпер знаходзіцца не ў Беларусі, удакладняе ўладальнік.

- Справа аднаўлення сядзібы – не хуткая. У першую чаргу мы працуем над запускам кавярні і сувенірнай крамы, - распавядае Павел Падкарытаў.

Сярод экспанатаў будучага музея - паўсотні рымскіх манет, знойдзеных на тэрыторыі Беларусі, насценнае люстэрка і крэсла з сядзібы Рамана Скірмунта, мэбля для гасцёўні, як мяркуецца, з сядзібы роду Ігната Дамейкі.

Бізнэсовец разлічвае, што сядзіба ў Падароске будзе гатовая да прыёму першых наведвальнікаў да канца года. Да таго як на тэрыторыі «сядзібы» адкрыецца гатэль, па суседстве з'явіцца аграсядзіба. Музей запрацуе не раней за 2020 год - «і гэта аптымістычны прагноз». Паводле ацэнак Паўла Падкарытава, на сёння з улікам куплі ў сядзібу ўкладзена да 500 тысяч даляраў.

Нагадаем, што ўнікальныя беларускія банкноты 1993 года, якія так і не выйшлі ў абарачэнне, надрукавалі ў Нямеччыне - на замену «зайчыкам», якімі тады разлічваліся беларусы. З сярэдзіны 1993 года СМІ актыўна пісалі пра тое, што ў сховішча Нацбанка завезлі новыя грошы. У верасні 1994 года тагачасны старшыня праўлення Станіслаў Багданкевіч пацвердзіў, што грошы сапраўды ляжаць у падвалах, але калі іх пусцяць у абарот, не паведамлялася.

Летась на амерыканскім аўкцыёне Stack's Bowers Galleries выставілі камплект банкнот 1993 года. Стартавы кошт шасці купюр быў 6000 даляраў. Тады ахвочых набыць рэдкі лот не знайшлося.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках