19 красавiка 2024, Пятніца, 3:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цэны на бензін могуць рэзка вырасці

38
Цэны на бензін могуць рэзка вырасці
ФОТА: РІА НОВОСТИ

За «мадэрнізацыю» нафтаперапрацоўкі хутчэй за ўсё заплацяць беларускія кіроўцы.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў пераадолець спад у нафтаперапрацоўцы.

- Калісьці я ўжо казаў, што гэтае пытанне накшталт незалежнасці нашай дзяржавы. Мы павінны выпрацаваць план дзеянняў па вывадзе нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў з існуючай дрэннай сітуацыі, - заявіў дыктатар на нарадзе аб стратэгіі развіцця галіны, на якой былі вызначаны тэрміны мадэрнізацыі беларускіх НПЗ. Яе плануюць завяршыць у 2019 годзе, цана пытання - 1,2 млрд даляраў.

Падзенне прыбытку праз скарачэнне паставак расейскай нафты, зніжэнне сусветных коштаў нафты і замарожванне коштаў на нафтапрадукты ўнутры краіны - усё гэта істотна падарвала фінансавы стан нафтаперапрацоўчых заводаў, уважае экспэртка ў пытаннях паліўна-энэргетычнага комплексу Таццяна Манёнак.

І пры цяперашніх сусветных цэнах нафты не варта разлічваць на вяртанне да ранейшага ўзроўню прыбыткаў у нафтаперапрацоўцы, заявіла экспэртка ў інтэрв'ю «Заўтра тваёй краіны».

Са слоў Таццяны Манёнак, завяршэнне падатковага манеўру ў Расеі наблізіць кошты для Беларусі на расейскія энэргарэсурсы да сусветных. Мадэрнізацыя заводаў дасць магчымасць павысіць аб'ём выпуску больш ліквідных на сусветных рынках светлых нафтапрадуктаў.

- Ад хутчэйшай мадэрнізацыі НПЗ шмат у чым залежыць іх будучыня, - падкрэслівае экспэртка.

Але дзе ўзяць грошы на завяршэнне абнаўлення вытворчасці? Падчас паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай ішла гаворка пра магчымасць вылучэння 1 млрд даляраў крэдыту на гэтыя мэты.

- Галоўнае пытанне: ці будзе гэты крэдыт звязаным? Беларускія заводы ў асноўным закупляюць тэхналагічнае абсталяванне ў Еўропе, таму звязаны крэдыт у гэтым выпадку будзе нявыгадным. Магчыма, будуць задзейнічаны ўнутраныя рэсурсы - не выключана, што працягнецца рост цэнаў на нафтапрадукты на ўнутраным рынку, - прагназуе Тацяна Манёнак.

Беларусі даўно трэба было паклапаціцца пра альтэрнатыву нафтаперапрацоўцы, перакананая яна.

- Улічваючы сусветныя тэндэнцыі, трэба разумець, што нафтаперапрацоўка не зможа выконваць тую ролю, якую яна выконвала ў папярэднія гады. Яе час скончыўся, - мяркуе экспэртка.

Тым не менш, падкрэслівае суразмоўца, трэба разумець, што беларускія ўлады не глядзяць далёка наперад. Яны аперуюць у асноўным перспектывамі на найбліжэйшыя гады, спадзеючыся, што за гэты час Расея не паспее завяршыць падатковы манеўр. Да таго ж, у выпадку паляпшэння сітуацыі на рынку нафтапрадуктаў, мадэрнізаваныя прадпрыемствы будуць прывабней выглядаць для патэнцыйных інвестараў.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках