«Расатам»: У свеце надыходзіць крызіс ядзернай энэргетыкі
9- 22.06.2017, 12:01
- 28,023
Што будзе з Астравецкай АЭС?
Надзеі на ядзерную энэргетыку не апраўдаліся. У «Расатама» адкрыта загаварылі аб надыходзячым крызісе. Прычына - у сусветнай тэндэнцыі змяншэння патрэбнасці на новыя праекты атамных станцый, піша «Белсат».
«Усё цяпер развіваецца іншым шляхам. Стаўкі робяцца на зялёныя тэхналогіі з выкарыстаннем ветру, біягазу, сонечнай энэргіі. Гэта дазваляе замяніць генерацыю энэргіі больш экалагічнымі тэхналогіямі», – кажа Зміцер Кучук, партыя «Зялёныя».
А гэтак у практыцы выглядаюць ужо сённяшнія праблемы дзяржаўнай карпарацыі.
«Мы маем велізарны партфель на 130 мільярдаў долараў – гэта сярэдні партфель замоваў. Ужо цяжка ўявіць, дзе яшчэ мы зможам знайсці замову на будаўніцтва атамных станцыяў», – заявіў намеснік дырэктара «Расатому» Вячаслаў Першукоў.
Паводле звестак МАГАТЭ, ува ўсім свеце ў стадыі будаўніцтва цяпер шэсцьдзесят энергаблокаў АЭС. Атамныя станцыі працуюць у трыццаці краінах свету. Асноўныя расейскія праекты звязаныя з Турцыяй, Фінляндыяй і Беларуссю. Як цвердзяць адмыслоўцы, іх рэалізацыя для Расеі ўсё менш выгадная.
«Калі мы паглядзім на фінскую станцыю, якая магчыма пачне будавацца, «Расатам» быў вымушаны выкупіць траціну фінскай кампаніі, якая банкрутавала. Калі б не ўмяшальніцтва «Расатаму» яна б спыніла сваё існаванне з-за адсутнасці інвестараў», – распавядае фізік-ядравік з Расеі Андрэй Ажароўскі.
Прыбытковасць іншай станцыі – у беларускім Астраўцы – таксама сумнеўная. Пакуль Расея са сваёй кішэні вылучыла Беларусі крэдыт памерам 10 мільярдаў долараў. Ці беларуская АЭС пачне прыносіць абяцаныя залатыя горы ды калі – паводле адмыслоўцаў, справа незразумелая. Іншае пытанне: калі праект апынецца непаспяховы, з чаго Беларусь будзе вяртаць крэдыт?
А што калі крызіс у «Расатаме» пачне паглыбляцца? На думку часткі экспертаў, гэта можа наўпрост паўплываць на рэалізацыю праекту ў Астраўцы.
«Яны будуць абслугоўваць гэтыя станцыі ды намагацца на гэтым зарабляць. Ёсць верагоднасць, што павялічаць тарыфы на пакупку сыравіны і ўтылізацыю адкідаў. Гэта можа прывесці да таго, што беларуская АЭС будзе нерэнтабельная», – мяркуе Зміцер Кучук.
А прэтэнзіяў да беларускай АЭС пакуль шмат. Галоўная скіраваная да выканаўцаў, а дакладней – да іхных кампетэнцыяў і досведу. Вядома, што рэактар, зроблены на «Атаммашы» ў расейскім Валгадонску, быў толькі першаю такою прадукцыяй за апошнія дваццаць дзевяць гадоў. Пасля пры мантажы канструкцыі на пляцоўцы будучай АЭС рэактар упусцілі на зямлю. У тым, што ў ён быў пашкоджаны, эксперты не сумняваюцца.
«Гэта ўсё сведчыць (гэта не здагадкі, не ацэнкі экспертаў), што якасць будаўніцтва, якасць выканання працаў насамрэч нізкая. Гэта стварае дадатковыя пагрозы», – кажа Андрэй Ажароўскі.
Вострасць праблемы ў Беларусі і за яе межамі адчуваюць асабліва тыя, хто памятае, якія наступствы могуць выклікаць фатальныя памылкі. Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС пакалечыла жыцці мільёнаў людзей.