18 красавiка 2024, Чацвер, 5:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як у Адэсе стваралі Беларускую дывізію

Як у Адэсе стваралі Беларускую дывізію

Камандаваў дывізіяй беларускі вайсковец і дыпламат, генерал Павел Вент.

17 чэрвеня 1880 у Менскай губерні нарадзіўся генерал Павел Вент, беларускі вайсковец і дыпламат. Нарадзіўся ў шляхецкай лютэранскай сям'і, піша сайт radabnr.org.

Скончыў Кадэцкі корпус, Міхайлаўскую артылерыйскую вучэльню, Электра-тэхнічныя курсы (інстытут), Вайскова-аўтамабільную школу, Мікалаеўскую вайсковую акадэмію з дадатковым курсам Генеральнага штаба.

Падчас Грамадзянскай вайны ў Расеі быў начальнікам штабу Заходняга войска, камандзір Крымскага коннага палка.

Пасля выдзялення, са згоды французаў, урадам Украінскай народнай рэспублікі сродкаў на фармаванне беларускіх вайсковых часцей, у Адэсе пачалося фармаванне Беларускай дывізіі, яе камандзірам быў прызначаны Павел Вент, якому неўзабаве прысвоілі генеральскі чын. Пасля ён стаў не толькі камандзірам Беларускай дывізіі на поўдні Расеі, але і прадстаўніком БНР пры штабе войскаў антыбальшавіцкай кааліцыі.

Падчас эвакуацыі ў канцы сакавіка - пачатку красавіка 1919 г. французаў і «белых» з Адэсы, павінна была эвакуявацца і Беларуская дывізія, аднак камандзір дывізіі Павел Вент застаўся ў Адэсе.

Бальшавікі на базе дывізіі пачалі фармаванне беларускай савецкай брыгады, якая хутка налічвала ўжо 10 тысяч байцоў, камандаваў брыгадай генерал Павел Вент.

Нацыянальна настроеныя беларускія афіцэры выступалі за перадыслакацыю брыгады ў Менск, але гэта не было дазволена. Неўзабаве ў Адэсе пачалося паўстанне Грыгор'ева, да якога далучыўся і Павел Вент. Пасля падаўлення паўстання Вент з'ехаў з Адэсы.

Пазней Вент быў інструктарам Генеральнага штаба літоўскага войска і вайсковым дарадцам пры Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Эстоніі і Латвіі, генерал-маёрам БНР.

Быў асабіста ўпаўнаважаны Радай народных міністраў БНР весці перамовы з урадам Эстоніі пра прызнанне Эстоніяй незалежнасці БНР і пра пасрэдніцтва Эстоніі ў перамовах з урадам Савецкай Расеі. У рамках сваёй працы Вент вёў перапіску з камандзірам Асобнага атрада БНР у Эстоніі - генералам Станіславам Булак-Балаховічам у пытаннях фармавання атрада.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках