28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Зеляніна» пасля лазні, або з лёгкай парай, спадар мэр!

4
«Зеляніна» пасля лазні, або з лёгкай парай, спадар мэр!
ФОТА: «Бобруйский Курьер»

Падрабязнасці першых двух дзён слуханняў паводле справы старшыні бабруйскага гарвыканкама.

Суд праводзіць выязная калегія Магілёўскага абласнога суда на чале з суддзём Сяргеем Каралёвым, піша «Бобруйский курьер».

Былому гарадскому кіраўніку выстаўленае абвінавачванне ва ўчыненні дзеянняў, прадугледжаных часткай 1 і 2 артыкула 430 (Атрыманне хабару) і часткай 1 артыкула 14 (Замах на злачынства) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Пракурор выставіў абвінавачванне па дзесяці эпізодах хабараў (сярод якіх - два ў значнай суме і адзін - замах на хабар).

Самая значная сума, якая фігуруе ў справе, - 6000 даляраў ЗША. У агульнай складанасці, ва ўсіх эпізодах сума хабараў складае блізу 20 тысяч даляраў ЗША.

Аднак былы мэр прызнаў віну толькі часткова: у чатырох эпізодах (у тым ліку - і паводле артыкула «Замах на злачынства»), выстаўленых яму; ён сцвярджае, што грошай не браў. Астатніх шэсць «выпадкаў» ён не адмаўляе, але кажа, што сумы ўзнагароджанняў былі меншымі. Са слоў Каваленкі, яму было перададзена толькі 15100 даляраў ЗША.

Грошы Андрэй Каваленка, паводле версіі абвінавачвання, браў за наданне дапамогі ў працаўладкаванні на кіроўныя пасады, за атрыманне падраду на будаўнічыя працы, за дапамогу ў перадачы памяшканняў у арэнду, за садзейнічанне ў будаўніцтве, за спрыяльнае развязанне пытанняў аб арэндзе зямельных надзелаў і памяшканняў, за спрыяльнае развязанне пытання пераводу жылога памяшкання ў нежылы фонд.

Разам з былым старшынём гарвыканкама судзяць уладальніка кавярні «Апшэрон» - Эльшада Ахундава і ягонага сына Артура - кіраўніка бабруйскага аддзялення асацыяцыі «Дзелавая ініцыятыва».

Эльшад, як і экс-мэр, знаходзяцца пад вартай у клетцы (адначасова ў зале суда дзяжураць ажно пяць супрацоўнікаў міліцыі!). Ахундавы абвінавачваюцца ў пасярэдніцтве пры атрыманні хабараў. Сваю віну яны цалкам прызналі.

Са слоў Ахундава-старэйшага, Андрэй Каваленка ў свой час дапамог працаўладкаваць сына, прызначыўшы яго на дырэктарскую пасаду. Менавіта гэтая акалічнасць і падштурхоўвала яго «аддзячыць» старшыні выканкама.

Практычна, усе сітуацыі перадачы грошай адбываліся ў лазні на дачы Ахундава ў Вербках, куды былы мэр наведваўся рэгулярна. Нават, калі грошы хабарадавальнікам перадавалі ў рублях, гаспадар дачы абменьваў іх на амерыканскія даляры, патлумачыўшы гэта тым, што «сорамна перадаваць грошы першай асобе горада ў беларускіх рублях».

Пасля двух дзён слуханняў, са слоў 62-гадовага Эльшада выцякае, што, перадаючы грошы, дзейнічаў ён выключна на просьбу знаёмых яго або ягонага сына, без скланення або прымусу да хабару. Са слоў жа Андрэя Віктаравіча, ва ўсіх эпізодах ён проста ішоў насустрач людзям, але дзейнічаў у рамках заканадаўства. А грашовыя ўзнагароды - гэта ініцыятыва просьбітаў, іх падзякі за паслугу.

Патлумачыў ён і матыў атрымання хабараў, прызнаўшыся, што ад грошай не адмаўляўся, бо адчуваў у іх патрэбу. Атрыманыя сродкі былы мэр выдаткаваў на рамонт аўто, жылога дома маці, а таксама на яе лячэнне і аплату навучання старэйшай дачкі.

Ад усіх абвінавачаных у зале суда гучалі словы раскаяння за зробленае.

Нягледзячы на тое, што працэс адкрыты, гледачоў і журналістаў на ім зусім няшмат.

Перад пачаткам слуханняў была і заплаканая маладая жонка Андрэя Каваленкі. Сам ён выглядае прыкметна схуднелым, асунутым, з жудаснымі сінякамі пад вачыма.

Магілёўскі суддзя паводзіць сябе вельмі скурпулёзна, але дэмакратычна, у кожным адпаведным выпадку не выпускаючы магчымасці паіранізаваць або пажартаваць.

Усе трое абвінавачаных у першыя два дні далі паказанні. Са сведкаў пакуль паўсталі перад судом толькі двое - прадстаўнікі Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якія давалі паказанні паводле справы садзейнічання экс-мэра ў працаўладкаванні Дзенісевіча на пасаду начальніка Бабруйскай гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

На наступным пасяджэнні выступяць іншыя сведкі, а таксама «хабарадавальнікі». Прызначанае яно на раніцу 26 чэрвеня.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках