24 красавiка 2024, Серада, 3:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святлана Алексіевіч стала ахвярай розыгрышу крамлёўскіх пранкераў

13
Святлана Алексіевіч стала ахвярай розыгрышу крамлёўскіх пранкераў
СВЯТЛАНА АЛЕКСІЕВІЧ
ФОТА: ULF ANDERSEN VIA GETTY IMAGES

Гісторыя з пранкерамі - добры прыклад таго, як расейская дзяржава набірае сабе новых жаўнераў інфармацыйнай вайны.

Пасля скандальнага інтэрв'ю вядомай беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч, якое апублікаваў «Регнум», у атаку на нобелеўскую лаўрэатку пайшлі расейскія пранкеры, піша nn.by.

Да Святланы Алексіевіч датэлефанаваліся вядомыя пранкеры Уладзімір Кузняцоў і Аляксей Сталяроў, больш вядомыя як «Ваван і Лексус».

УЛАДЗІМІР КУЗНЯЦОЎ І АЛЯКСЕЙ СТАЛЯРОЎ

Гісторыя з пранкерамі - добры прыклад таго, як расейская дзяржава набірае сабе новых жаўнераў інфармацыйнай вайны. Кузняцоў і Сталяроў пачыналі з тролінгу знакамітасцяў, а потым перайшлі на палітыкаў. Яны «разводзілі» Лукашэнку, прэзідэнта Турцыі Эрдагана. Апошнім часам пранкеры пазіцыянуюць сябе як грамадскіх дзеячаў, яны рэагуюць на «парадак дня», тэлефануючы тым, чыя пазіцыя не супадае з патрэбнай Расеі, за што Кузняцова і Сталярова падазраюць у сувязях з Крамлём і ФСБ. Да таго ж, некаторы час Ваван і Лексус нават мелі сваю перадачу на тэлеканале НТВ.

Алексіевіч яны паведамілі, што яна нібыта размаўляе з міністрам культуры Украіны.

У гутарцы пісьменніца зноў выказалася аб неабходнасці дэрусіфікацыі Украіны, падтрымала дэкамунізацыю і знос савецкіх помнікаў. На прапанову з'ездзіць у зону АТА Святлана Алексіевіч адказала станоўча.

У прынцыпе, нічога асаблівага новага або нечаканага з вуснаў пісьменніцы не прагучала. Аднак, расейскія СМІ ўжо пачалі абурацца «жорсткай ультраправай рыторыкай» Алексіевіч.

Сама пісьменніца пацвердзіла, што ёй тэлефанавалі. Але ж расейскія СМІ, якія цяпер захапляюцца з нагоды пранка, не паведамляюць, што Алексіевіч тэлефанавалі два разы.

- Спачатку патэлефанавалі нібыта ад міністра культуры Украіны, так. Я паверыла. А потым нібы тэлефанаваў Дварковіч [Аркадзь Дварковіч, намеснік старшыні ўрада Расейскай Федэрацыі-заўв.], там абяцалі нейкі ордэн Дружбы...Я ўжо не паверыла, спачатку проста назірала за гульнёй, а потым засмяялася, - распавяла Святлана Алексіевіч. - Але ў той гутарцы з «міністрам культуры» я нічога не сказала такога, чаго саромелася б. Мае погляды не мяняюцца.

У Расеі сёння не хочуць чуць праўду. І гэты шлейф ў Расеі вакол мяне - жаданне адказаць, жаданне абліць брудам постаць, якая перашкаджае. Звычайны прыём.

Наогул, цкаванне Алексіевіч у Расеі пачынае нагадваць ранейшыя кампаніі дыскрэдытацыі іншых лаўрэатаў Нобелеўскіх прэмій, крытычных да тагачасных уладаў: акадэміка Сахарава, пісьменнікаў Пастэрнака, Салжаніцына і Бродскага. У той жа час лаўрэаты-сімпатызанты, як фізік Алфёраў, пісьменнік Шолахаў, жылі сабе спакойна.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках