20 красавiка 2024, Субота, 2:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як людзі пад Менскам жывуць без вады

8
Як людзі пад Менскам жывуць без вады

Водаправод ёсць, свідравіна ёсць, грошы бюджэтныя выдаткаваныя. А вады ў пасёлку пад Менскам – няма.

Тры гады таму чытачка tut.by Кацярына Чупрыс ужо распавядала пра тое, што ў людзей, якія атрымалі надзелы ў вёсцы Броўкі Менскага раёна, няма дарогі, камунікацыяў. За мінулы час сітуацыя змянілася – з'явіліся электрычнасць, газ, водаправод, па вуліцы праклалі бетонныя трубы водаадвядзення, неўзабаве будзе і жвіровая дарога. Малайцы там у сельсавеце? Не спяшаецеся з высновамі. У водаправодзе няма вады, газ – за грошы кааператыву, пад'язныя шляхі будуць адсыпацца таксама за кошт людзей.

Надзел, які атрымала ў вёсцы Броўкі Лошанскага сельсавета ў Менскім раёне Кацярына з мужам у 2009 годзе, уяўляў сабой зямлю сярод пралеску без праезду. У агульнай колькасці сельсавет тут «нарэзаў» 60 надзелаў. Пры вылучэнні і продажы на аўкцыёне ўсім новым уладальнікам абяцалася, што камунікацыі будуць падведзеныя ў самыя кароткія тэрміны. Але з усяго абяцанага ў людзей на зямлі з'явілася толькі электрычнасць.

Водаправод праклалі ў 2014 годзе, але вады ў ім няма да гэтага часу. Для ягонай запіткі прабурылі артэзіянскую свідравіну, але ў эксплуатацыю яе не ўвялі.

– Вялізныя сродкі выдаткаваныя на праект, на будаўніцтва водаправода, бурэнне свідравіны, – абураецца безгаспадарчасцю Кацярына. – У выніку свідравіна больш за два гады стаіць закінутая, а новы водаправод не здадзены на баланс «Водаканала». На наш зварот прыйшоў ліст, дзе казалі, што ўсё будзе зроблена ў другой палове 2017 года. Але вось ужо гэтая другая палова пачалася, а прыкметаў, што са свідравінай нешта робяць, няма.

ФОТА: TUT.BY

За тры гады там усё зарасло пустазеллем, люкі стаяць адкрытыя.

Пакуль чыноўнікі раздавалі абяцанні, людзі самі развязвалі свае праблемы: адсыпалі да сваіх хатаў дарогі, за свой кошт усталявалі бетонныя трубы водаадвядзення. Мясцовыя праезды былі зробленыя ўласнымі сіламі забудоўнікаў, але ж глеба гліністая, дык гэтыя дарогі непрыдатныя для выкарыстання цэлы год. Увесну і ўвосень жыхары вёскі не могуць пешшу дайсці да крамы, дзіцячага саду, прыпынкаў грамадскага транспарту. Праблематычна гэта зрабіць і на ўласным аўтамабілі.

– У 2014 годзе стварылі кааператыў для правядзення газу, распавядае Кацярына. – Нам дзяржава ні капейкі на гэта не вылучыла, усё зрабілі за свой кошт. Цяпер вось на агульным сходзе пастанавілі адсыпаць дарогі за грошы, якія плацяць тыя, хто цяпер падключаецца да кааператыўнага газаправода.

Даўжыня дарогі – паўтара кіламетра. Толькі каб яе адсыпаць пяском спатрэбяцца вялікія ўкладанні.

– Пра асфальтаванае пакрыццё і казаць няма чаго – дорага. Прыкладна, 3-4 тысячы даляраў з кожнага сям'і давялося б збіраць.

ФОТА: TUT.BY

Уладальнікі надзелаў у Броўкі звярнуліся ў УКБ, каб прынамсі ўбачыць праект дарогі, якую абяцалі чыноўнікі яшчэ ў 2009 годзе. Высветлілася, што ў 2012 годзе праект быў распрацаваны за кошт бюджэтных сродкаў.

– Яго на замову «УКБ-Будінвест» распрацавала кампанія ТАА «Гіперком-праект», – кажа Кацярына. – Але праект на дарогу... знік. У «УКБ-Будінвест» Менскага раёна не могуць сказаць, дзе ён. А кампанія-праектавальнік спыніла існаванне ў 2013 годзе. Мы не змаглі знайсці ніякай інфармацыі пра гэтую фірму.

Стаміўшыся атрымліваць адказы, у якіх гаворыцца, што грошай у мясцовым бюджэце на развіццё інфраструктуры няма, людзі будуць будаваць дарогу самі.

– Мы просім дапамагчы нам прынамсі з тэхнікай, – кажа Кацярына. – Шапіра неяк абяцаў дапамагаць тым людзям, якія за свой кошт будуюць дарогу. Хоць бы грэйдар нам вылучылі на некаторы час. Мы звярталіся ў сельсавет, але нам адмовілі. Сказалі, што могуць дапамагчы з вырабам праекта, які ўжо быў.

ФОТА: TUT.BY

Не чуюць грамадзянаў ні ў аблвыканкаме, ні ў райвыканкаме: Бровак няма ў планах уладкавання дарог. Мясцовыя жыхары рыхтуюць калектыўны зварот у пракуратуру і іншыя органы кантролю: яны хочуць высветліць лёс дзяржаўных грошай, вылучаных на праектаванне дарог, будаўніцтва свідравіны. Гэтаксама ім цікава, на што былі выдаткаваныя грошы ад прададзеных надзелаў.

Кацярына кажа, што праз адсутнасць абяцанай інфраструктуры некаторыя людзі нават не пачыналі будавацца. Цяпер сельсавет спрабуе адабраць у іх надзелы: маўляў, парушаеце заканадаўства...

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках