29 сакавiка 2024, Пятніца, 5:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы адкрылі ген, які падаўжае жыццё мужчын на 10 гадоў

5
Навукоўцы адкрылі ген, які падаўжае жыццё мужчын на 10 гадоў

У грандыёзным эксперыменце бралі ўдзел 800 чалавек.

Міжнародная група навукоўцаў высветліла, што мутацыя ў гене, які адказвае за рост, наўпрост звязаная з даўгалеццем. Эксперыменты з удзелам больш чым 800 чалавек давялі гэтую гіпотэзу, аднак выявілася, што сувязь мутацыі з працягласцю жыцця прасочваецца толькі ў мужчын, піша hightech.fm.

Яшчэ ў 2001 годзе ў выніку вывучэння абшчыны амішаў у Пенсільваніі навукоўцы выявілі, што блізкія сваякі жывуць прыкладна аднолькавую колькасць гадоў і не супадаюць у гэтых паказчыках з далёкімі сваякамі. Шэраг даследаванняў таксама паказваў, што аднаяйцавыя двайняты больш сыходзяцца па працягласці жыцця, чым рознаяйцавыя двайняты. Аднак выявіць дакладныя гены, якія адказваюць за даўгалецце, навукоўцам не ўдавалася.

У той жа час даследчыкі неаднаразова звярталі ўвагу, што ў прыродзе больш дробныя асобіны жывуць даўжэй. Каб праверыць гіпотэзу, міжнародная група навукоўцаў наважыла даведацца, ці ёсць сувязь паміж працягласцю жыцця і генам, які адказвае за рэцэптар гармону росту.

Гармон росту выпрацоўваецца ў мозгу і цыркулюе па ўсім целе. Да клетак ён мацуецца з дапамогай павярхоўных малекул - рэцэптараў гармону росту. У сярэднім у чвэрці людзей выяўляецца мутацыя ў гене, які адказвае за гэтыя рэцэптары. Неабходны кампанент ДНК у іх проста адсутнічае.

Навукоўцы секвеніравалі выяўлены ген у 567 габрэяў-ашкеназі, старэйшых за 60 гадоў і іх дзяцей. За групай падыспытных назіралі цягам некалькіх гадоў. Выявілася, што мутацыя сустракаецца ў 12% мужчын, старэйшых за 100 гадоў - утрая часцей, чым у мужчын ва ўзросце 70 гадоў.

Падчас даследавання навукоўцы таксама прааналізавалі гены жыхароў ЗША, Францыі і супольнасці амішаў. Усяго ў эксперыменце ўзялі ўдзел 814 чалавек. Ва ўсіх трох групах былі выяўленыя карэляцыі паміж працягласцю жыцця і наяўнасцю мутацыі. Вынікі даследавання былі апублікаваныя ў часопісе Science Advances.

У сярэднім уладальнікі мутацыі жывуць на 10 гадоў даўжэй, чым уладальнікі звычайных генаў, высветлілі навукоўцы. Як паказала даследаванне, мутацыі з рэцэптарам гармону росту сустракаюцца і ў жанчын, але не ўплываюць на працягласць жыцця. Экспэрты прыйшлі да высновы, што ў мужчын і жанчын працэс старэння развіваецца паводле розных сцэнароў.

Як паведамляе The New York Times, навукоўцы прадоўжаць падрабязна вывучаць генетычныя асаблівасці доўгажыхароў і паспрабуюць зразумець, як менавіта на працягласць жыцця ўплываюць гармоны росту. Даследнікі спадзяюцца, што з дапамогай генетычнага рэдагавання можна будзе зрабіць карэкцыю ДНК і з дапамогай штучнай мутацыі падоўжыць чалавеку жыццё.

Мутацыі сапраўды могуць даваць чалавеку звышздольнасці - гэты феномен апісаны не толькі ў коміксах, але і ў навуковых працах. Так некаторыя паталогіі ў ДНК дазваляюць людзям хутчэй бегаць, менш спаць, лепш вытрымліваць фізічныя нагрузкі, а таксама абараняюць ад малярыі і павышанага халестэрыну. Часам мутацыі не даюць новых магчымасцяў, але і не адбіваюцца на якасці жыцця. Праведзены амерыканскімі навукоўцамі «сляпы» аналіз 589 306 сабраных ДНК выявіў 13 генетычных «супергерояў» - людзей з дэфектнымі генамі, але без якіх-небудзь парушэнняў здароўя.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках