29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Слонімцы ўшанавалі памяць легендарнага паўстанца Міхала Валовіча

2
Слонімцы ўшанавалі памяць легендарнага паўстанца Міхала Валовіча
ФОТА: HARODNIASPRING.ORG

Герой паўстання 1830 года вярнуўся з Францыі на Радзіму, каб пачаць партызанскую вайну супраць расейскай улады.

У нядзелю, 25 чэрвеня, у вёсцы Парэчча Слонімскага раёна адбылося мерапрыемства па ўшанаванні аднаго з кіраўнікоў паўстання 1830-1831 гадоў супраць Расейскай імперыі Міхала Валовіча і яго 12 паплечнікаў, паведамляе racyja.com.

Да памятнага крыжа ў гонар паўстанцаў, які знаходзіцца на могілках вёскі Парэчча, прыехалі сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл, якія ўсклалі кветкі на мемарыяльны знак і ўшанавалі герояў хвілінай маўчання.

Міхал Валовіч скончыў Віленскі ўніверсітэт, дзе быў складаўся ў таварыстве філарэтаў і філаматаў.

Удзельнічаў у паўстанні 1830-1831 гадоў, змагаўся пад камандаваннем брыгаднага генерала Антонія Гелгуды. Пасля паразы паўстання эміграваў у Францыю, дзе зблізіўся з дэмакратычнымі арганізацыямі, рухам карбанарыяў.

Пад уплывам Юзэфа Заліўскага вырашыў узяць удзел у ягоным вайсковым рэйдзе на тэрыторыю Беларусі і Літвы, каб падняць там сялянскае паўстанне. Меркавалася, што заходнееўрапейскія карбанарыі акажуць ім дапамогу.

ФОТА: HARODNIASPRING.ORG

На рашэнне Юзэфа Заліўскага Міхал Валовіч павінен быў стварыць і ўзначаліць партызанскі атрад у Слонімскай-Навагрудскай акрузе. 19 сакавіка 1833 года паўстанцы перайшлі расейскую мяжу і пачалі дзейнічаць на Слонімшчыне і Гарадзеншчыне.

У атрад Валовіча ўступілі навакольныя сяляне з Парэчча, Астравы і Бардашы. Каб здабыць грошы, мяцежнікі напалі на пошту. Валовіч запланаваў узяць штурмам турму ў Слоніме з тым, каб вызваленыя зняволеныя далучыліся да паўстанцаў.

Гарадзенскі губернатар М. М. Мураўёў-Віленскі загадаў акружыць паўстанцкі атрад над Шчарай. Міхал Валовіч спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, але пісталет даў асечку. Паўстанцы былі ўзятыя ў палон. Усяго па Гарадзеншчыне было арыштавана больш за 150 чалавек. На допыце Валовіч сведчыў, што «хацеў выкарыстаць мяркуемае паўстанне, каб ажыццявіць свае намеры і вызваліць сялян».

11 чэрвеня 1833 года ў Горадні пачаўся судовы працэс. Побач з Валовічам на лаве падсудных сядзелі 10 сялян. Валовіч быў прысуджаны да смяротнага пакарання праз чвартаванне, аднак князь Далгарукі змякчыў прысуд. Міхаіла Валовіча павесілі ў Гародні 2 жніўня 1833 года. Астатнія паўстанцы былі сасланыя ў Сібір - на катаржныя работы, у арыштанцкія роты, на пасяленне.

Некалі Валовічы пабудавалі ў Парэччы з дрэва ўніяцкі храм, але ў 1842 годзе ён згарэў. Потым на месцы згарэлага храма быў пабудаваны новы з камення і цэглы. Але ішоў час і гэты храм забралі сабе праваслаўныя вернікі, а потым у другой палове ХХ стагоддзя ён ператварыўся ў калгасны склад. І толькі ў 1990-х гадах будынак храма быў вернуты праваслаўнай царкве і зараз яна амаль адбудавана па-новаму.

Дзесьці на могілках каля царквы некалі знаходзілася магіла Валовіча, але бальшавікі яе зраўнялі з зямлёй.

Пасля Францыі, Міхал Валовіч вярнуўся на Бацькаўшчыну, бо не змог жыць на чужбіне. «Кліча Айчына – не магу без яе», – казаў ён некалі. І ён вярнуўся, хаця ведаў, што яго чакае наперадзе. Пра ўсё гэта ў сваім выступленні сказаў слонімец Мікалай Барысік.

Міхал Валовіч загінуў у барацьбе за волю свайго народа. Але памяць пра яго жыве не толькі на роднай Слонімшчыне, але і ва ўсёй Беларусі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках