25 красавiка 2024, Чацвер, 19:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь нарошчвае пастаўкі рыбы і морапрадуктаў у Расею

8
Беларусь нарошчвае пастаўкі рыбы і морапрадуктаў у Расею

Са студзеня да красавіка з Беларусі ў РФ завезлі рыбы і морапрадуктаў на $ 37,7 мільёна.

Са студзеня да красавіка 2017 года з Беларусі ў Расею завезлі рыбы і морапрадуктаў на агульную суму 37,7 млн даляраў, што на 24,5% больш, чым за той жа перыяд летась, піша tut.by.

Агульная вага ўвезенай рыбы і морапрадуктаў дасягнула 10,66 тысячы тонаў, што на 57% больш.

Значная частка паставак прыпадае на сушаную, салёную або ў расоле рыбу. Агульны аб'ём такой прадукцыі паводле вынікаў трох месяцаў дасягнуў 7,2 тысячы тонаў, павялічыўшыся на 18%. У гэтую пазіцыю таксама ўваходзіць рыбная пячонка і ікра, імпарт якіх вырас у 6,6 разы. Пры гэтым пастаўкі салёнага і вэнджанага ласосю выраслі на 24%, селядцу – у 5,2 разы. З Беларусі таксама трапляе вэнджаная скумбрыя, мінтай і стронга.

Пастаўкі замарожанай рыбы, якая займае другое месца ў беларускім экспарце ў РФ, выраслі ў 5,5 раза – да 3401,5 тоны. Асабліва ўзляцелі пастаўкі замарожанай скумбрыі. У студзені – красавіку 2016 года Расея закупіла ўсяго 8 тонаў гэтай прадукцыі, а ў 2017 годзе –ужо 1171,2 тоны.

Амаль у сем разоў вырас увоз рыбнага філе, фаршу і іншага мяса рыбаў: агульная вага імпарту гэтых тавараў склала 15,9 тоны. У той самы час экзотыка стала крыху радзей дабірацца да расейскага рынку: ракаў закупілі на 72% менш, малюскаў і беспазваночных – на 58% менш. Тым не менш беларусы па-ранейшаму ўвозяць у РФ каракаціцаў, кальмараў, вугроў і васьміногаў.

Амаль усю рыбу, якая трапляе на расейскі рынак, Беларусь закупляе за мяжой, прычым у краінах, на якія распаўсюджваецца расейскае эмбарга.

Паводле звестак Белстата, у студзені – красавіку беларусы імпартавалі 52,3 тысячы тонаў рыбы і морапрадуктаў, павялічыўшы пры гэтым закупкі на 14%. У вартасным выразе рыбны імпарт у Беларусь вырас на 5,5% і дасягнуў 107,8 млн даляраў.

Амаль 75% усяго аб'ёму закупаў – гэта замарожаная рыба. Яе прывозяць з Нарвегіі, Ісландыі і Фарэрскіх выспаў. Варта адзначыць, што Фарэрскія выспы рэкордна нарасцілі пастаўкі: яны завезлі ў Беларусь 3807 тонаў рыбы супраць 149 тонаў год таму. 17% імпарту прыпадае на філе, якое беларусы набываюць у Ісландыі, Індыі і Нарвегіі.

Крэветкі едуць у Беларусь з Нямеччыны, Грэнландыі і Даніі, а амары – з Нідэрландаў. Малюскі паступаюць у краіну галоўным чынам з Італіі і Нідэрландаў, але ёсць і больш экзатычныя пастаўшчыкі – Перу і В'етнам: яны прадаюць кальмараў, каракаціцаў і васьміногаў.

За апошнія гады Беларусь усё больш нарошчвае закупкі рыбы ў краінах Азіі, нягледзячы на далёкія адлегласці. Інданезія, Індыя, В'етнам ужо сталі сталымі пастаўшчыкамі. Самы вялікі аб'ём паставак у Кітая, які прывёз прадукцыі на суму 1,4 мільёна даляраў, павялічыўшы кошт імпарту на 23,7%.

У варунках увядзення харчовага эмбарга рыбная тэма ўжо не раз станавілася падставай для палемікі паміж Беларуссю і Расеяй. У адказ на крытыку з боку Масквы беларускія ўлады парыравалі, што рыбная сыравіна перапрацоўваецца, а не пераўпакоўваецца, і толькі потым пастаўляецца на экспарт.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках