18 красавiка 2024, Чацвер, 11:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вячаслаў Касінераў - сістэме: Вы атавізм і хутка знікнеце

1
Вячаслаў Касінераў - сістэме: Вы атавізм і хутка знікнеце
ВЯЧАСЛАЎ Касінераў
ФОТА: «БЕЛСАТ»

Беларусы павінны супрацьпаставіць карнай сістэме салідарнасць і паразуменне.

Пра гэта збіты невядомымі ў Маладзечне пры поўным патуранні міліцыі актывіст Вячаслаў Касінераў напісаў у «Фэйсбуку»:

«Калі мяне збілі за мае погляды (празмерна жорстка, такіх сітуацый я наогул не памятаю з нулявых) я не палічыў сябе пераможаным. Наадварот. Людзі, якія гатовыя не разумеючы за што нападаць і амаль калечыць чалавека любымі магчымымі сіламі (некалькі дзясяткаў на пару актывістаў), самі ўжо такім чынам церпяць паразу.

Людзей, якія напалі на нас, варта пашкадаваць. Ім з гэтым жыць. Клімат іх асяроддзя, разам з дзяржавай і палкавай дысцыплінай зрабіў з іх маральных вырадкаў. (Гэта не значыць, што не варта сябе абараняць, я не пацыфіст). Цяпер для іх не існуе маральных арыенціраў, ідэйныя - нешта цьмянае, чалавечыя каштоўнасці - на ўзроўні задавальнення патрэбаў.

Калі яны мяне, ужо збітага, далей правакавалі на бойку, я гэтым недалёкім небаракам сказаў: «Вы - атавізм, ваша ідэя і вось гэта, што вы робіце - хутка знікне, як адзін з тармазоў прагрэсу ў забітай краіне».

Мы з вамі павінны выхоўваць сябе і сваіх блізкіх на каштоўнасцях узаемадапамогі, салідарнасці, шчырасці. Каб чалавек такіх поглядаў не тое што зрабіць, каб яму сказаць нешта, што прыніжае нейкую групу людзей - было сорамна, ганебна. У гэтым развязанне.

А не напісанне заявы і скаргі ў міліцыю! Уся карная сістэма (карная не толькі для актывістаў) заснавана на пачуцці страху. Людзі не робяць злачынстваў толькі таму, што баяцца празмерна жорсткага пакарання! Гэта тэзіс іх веры. «Усё добрае трэба укараняць» - словы кіраўніка гэтых людзей. А ў іх - як кіраўнік кажа, так яно і будзе. І ўкараняецца гэтымі ўсімі дубінкамі, кайданамі і кратамі. Яны не маюць рацыю.

Гэта нейкая тая фашысцкая ментальнасць - засноўваць сваю свядомасць, разуменне справядлівасці і парадку, абапіраючыся на пачуццё страху, магчымае пакаранне. Прадухіліць не можам, можам караць.

Але я ж не галаслоўны. Мне ў жыцці (29 гадоў амаль пражыў тут, у Беларусі) ніколі не дапамаглі міліцыянты. Не выратавалі мяне. Можа, я проста прадузята стаўлюся? Не. Вось маньяк з бензапілой. Спынены простым супрацоўнікам крамы. Многія злачынствы яны не бачаць і не заўважаюць, асабліва калі гэта робіцца прадстаўнікамі той жа самай касты. Мой выпадак - цэнтр горада, збіццё.

Разумееце, метад павелічэння колькасці кантролю, колькасці міліцыі - не працуе. Немагчыма столькі наняць міліцыі, каб усіх кантраляваць.

А наняўшы - кантраляваць тых вырадкаў, якія нанятыя ў такой колькасці (і гэтаму прыкладаў, на жаль, тысячы: ад падлеткаў, на якіх мочацца, і да забітых і закатаваных у турмах).

Менавіта таму я і не звярнуўся да іх. Для мяне карныя метады - непрымальныя (хоць я і не адмаўляю гвалт як сродак абароны сябе). Я не дазволю сабе стаць «пацярпелым», ліць сваімі дзеяннямі і словамі ваду на млын іх сістэмы пакарання, пераследу і гвалту. Я адмаўляю яе. Я веру, што публічнае асуджэнне, салідарнасць, магчымасць абараніць сябе, узаемадапамога і паразуменне, адукацыя - вось развязанне нашых праблем. Не вашы дубінкі, спадары міліцыянты, не кайданкі і не турмы».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках