25 красавiка 2024, Чацвер, 4:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тэрэзе Мэй удалося стварыць большасць у брытанскім парламенце

Тэрэзе Мэй удалося стварыць большасць у брытанскім парламенце
ФОТА: JIM MATTIS/WIKIMEDIA COMMONS

Брытанскія кансерватары заручыліся падтрымкай паўночнаірландскіх юніаністаў.

Кансерватыўная партыя Брытаніі, якая не набрала большасці на датэрміновых парламенцкіх выбарах у пачатку чэрвеня, і Дэмакратычная юніанісцкая партыя (ДЮП) уклалі дамову, згодна з якой паўночнаірландская партыя будзе падтрымліваць торы пры галасаванні ў ключавых пытаннях.

Укладанню дамоўленасці папярэднічалі два тыдні інтэнсіўных перамоваў, паведамляе ВВС.

Датэрміновыя парламенцкія выбары ў Брытаніі былі абвешчаныя прэм'ер-міністрам Тэрэзай Мэй для ўзмацнення большасці кіроўнай партыі ў парламенце, аднак прывялі да супрацьлеглага выніку: кансерватары засталіся самай буйной партыяй у Палаце абшчын, але страцілі 12 мандатаў, а разам з імі і парламенцкую большасць, неабходную для правядзення пастаноў.

Аднак большасці не набралі і іншыя партыі, што прывяло да «падвешанага парламенту», калі ніводная партыя не можа прымаць пастановы самастойна, без падтрымкі іншых. Такое ў Брытаніі здаралася ўсяго двойчы за апошнія 100 гадоў.

Галасоў 10 дэпутатаў-юніаністаў будзе дастаткова для таго, каб кансерватары маглі праводзіць неабходныя ім пастановы, не асцерагаючыся тарпедаванне з боку апазіцыі - у першую чаргу, лейбарыстаў.

Прадстаўнікі ДЮП у парламенце пагадзіліся галасаваць салідарна з кансерватарамі ў ключавых пытаннях у Палаце абшчын, аднак фармальнай кааліцыі створана не будзе.

Дэталі пагаднення не выдаюцца, хоць прадстаўнікі апазіцыі ўжо заявілі, што Тэрэза Мэй абавязаная расказаць пра ўмовы дасягнутай дамоўленасці шырокай публіцы. Вядома, што перамовы факусаваліся на пытаннях фінансавай падтрымкі Паўночнай Ірландыі і «brexit».

Раней прадстаўнікі ДЮП заяўлялі, што ўрад Брытаніі ў рамках пагаднення паабяцаў палепшыць абыходжанне з ветэранамі вайны ў Паўночнай Ірландыі. У той жа час яны адмаўлялі паведамленні аб нібыта запатрабаванай імі суме на 2 млрд фунтаў дадатковага фінансавання Паўночнай Ірландыі ў абмен на сваю падтрымку.

Маленькая, але важная ў Паўночнай Ірландыі Дэмакратычная юніанісцкая партыя атрымала 10 месцаў у брытанскім парламенце.

Торы ж патрабавалася яшчэ восем месцаў, каб партыя магла прымаць пастановы і фармаваць урад, а іншыя партыі - лейбарысты, Шатландская нацыянальная партыя і ліберальныя дэмакраты - не жадалі ісці ў кааліцыю з торы.

Дэмакратычная юніянісцкая партыя заклікае абараняць адзінства з Вялікай Брытаніяй і выступае супраць рэферэндуму аб аб'яднанні Ірландыі і Паўночнай Ірландыі.

Партыя таксама паслядоўна выступае супраць аднаполых шлюбаў і абортаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках