20 красавiка 2024, Субота, 9:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Байцоўскі клуб» і «Пралятаючы над гняздом зязюлі» выйдуць па-беларуску

2
«Байцоўскі клуб» і «Пралятаючы над гняздом зязюлі» выйдуць па-беларуску

Кнігі культавых пісьменнікаў Паўночнай Амерыкі выйдуць у перакладзе на беларускую мову ў новай кніжнай серыі «Амерыканка».

Як распавяла tut.by ініцыятарка праекта, перакладчыца і паэтка Марыя Мартысевіч, падчас краўдфандынг-кампаніі на платформе ulej.by перакладчыкі і выдаўцы спадзяюцца сабраць 30 тысяч беларускіх рублёў (15,5 тысячы даляраў).

За гэтыя грошы выдавецтва «Янушкевіч» выпусціць у вялікім фармаце раман «Палёт над гняздом зязюлі» Кена Кізі. У выдавецтве «Логвінаў» у малым, кішэнным, фармаце выйдуць раманы «Байцоўскі клуб» Чака Паланіка, «Чытво» Чарльза Букоўскага (апошняя кніга гэтага пісьменніка) і «Пенелапіяда» Маргарэт Этвуд.

Апошняя ўяўляе сабой пераказ гісторыі гамераўскага героя Адысея, але з пункту гледжання ягонай жонкі Пенелопы, якая дваццаць гадоў чакала мужа з падарожжаў.

«Усе гэтыя кнігі надта таленавіта, жывым, гутарковай стылем перавялі найлепшыя англамоўныя перакладчыкі краіны. На мой погляд, гэтыя пераклады ўжо складаюць залаты фонд нашай літаратуры, - адзначыла Марыя Мартысевіч. - Вось толькі ведаюць пра гэта, па нашай сумнай нацыянальнай традыцыі, усяго пара дзясяткаў чалавек».

Паводле яе слоў, краўдфандынгавая кампанія была пачатая не толькі для таго, каб знайсці сродкі на выданне кніг.

«Мне як кіраўніцы праекта важна распавесці чытачу, што ў нас ёсць выдатныя літаратары, якія бачаць сваёй місіяй пераклад найлепшага з сусветнай класікі на беларускую, - кажа Мартысевіч. - Мастацкі пераклад ва ўсе часы быў важным сродкам, які рухаў наперад культуру, мову, літаратуру і грамадства. «Амерыканка» бачыцца нам суцэльнай серыяй таму, што тут падабраная сучасная класіка пра волю. Шмат у чым гэта кнігі, якія сфармавалі мяне, маё пакаленне. І мы мяркуем, што будзе вельмі выдатна, калі нашы дзеці і іх сябры будуць мець выбар, чытаць ім гэтыя кнігі ў арыгінале, па-беларуску ці ў перакладзе на родную, беларускую мову. Мы мяркуем, што заўсёды павінен быць выбар».

Паколькі серыя будзе мець прадаўжэнне, Мартысевіч просіць запоўніць анкету, каб ведаць, якія яшчэ кнігі яны б хацелі ўбачыць у перакладзе на беларускую мову.

Цікава, што перакладчыкі першых чатырох кніг - Аляксей Знаткевіч, Серж Мядзведзеў, Ігар Кулікоў і Вольга Калацкая - не атрымаюць за выданне кніг ні капейкі. Сабраныя грошы пойдуць як на само выданне, так і на выкуп аўтарскіх правоў. Са слоў Мартысевіч, за кожны прададзены асобнік электроннай кнігі (выдання выйдуць як у друкаванай, так і ў электроннай версіі) неабходна адлічваць чацвёртую частку.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках