18 красавiка 2024, Чацвер, 18:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ідзіце ўсе ў скрыню!»: Асмалоўка ўзбунтавалася

26
«Ідзіце ўсе ў скрыню!»: Асмалоўка ўзбунтавалася

Жыхары «сэрца Менска» і актывісты далі першы бой адміністрацыі Цэнтральнага раёна.

Пра пачатак грамадскага абмеркавання горадабудаўнічага праекта дэталёвага планавання тэрыторыі ў межах вуліц Старавіленская - Кісялёва - Куйбышава - Камуністычная стала вядома ў сярэдзіне чэрвеня. Па праекце, які распрацоўваў "Менскград" на заданне Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва, двухпавярховыя дамы ў Асмалоўцы павінны пайсці зруйнаваць.

На іх месцы з'явяцца новыя жылыя дамы з падземнымі аўтастаянкамі. Па цэнтры Асмалоўкі збіраюцца размясціць пасаж «Старажоўскі» - крытую гандлёвую вуліцу з падземнымі паркоўкамі. З'явяцца і дзіцячыя садкі - на 90 і 70 месцаў.

Двор каля школы №188 хочуць ушчыльніць яшчэ адным жылым домам з убудаванымі офісамі і падземнымі аўтастаянкамі. А побач са школай плануюць пабудаваць офісны будынак.

Спрэчкі вакол двухпавярховых дамоў у Асмалоўцы ідуць не першы год. Гараджане, архітэктары, гісторыкі - усё пераконвалі гарадскія ўлады, што забудову трэба захаваць і надаць ёй статус гісторыка-культурнай спадчыны. Пытанне паднімалі і ў Мінкульце. Але галоўны архітэктар горада Павел Лучыновіч адзначаў, што застаецца незразумелым пытанне, якая будучыня ў аб'ектаў гэтага раёна ў выпадку надання яму статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Калі стала вядома пра пачатак грамадскага абмеркавання праекта, грамадскія дзеячы, актывісты і простыя менчукі пачалі актыўную кампанію ў інтэрнэце: была створана петыцыя за захаванне Асмалоўкі, якая на сёння набрала ўжо больш за 6 тысяч подпісаў. Збіралі іх у тым ліку і да прэзентацыі праекта, каб паказаць чыноўнікам, колькі неабыякавых гараджан, акрамя жыхароў Асмалоўкі, супраць яе зруйнавання, піша tut.by.

«Навошта нам ведаць, што вы тут будзеце будаваць, калі мы хочам тут жыць?»

Прэзентацыя праекта была прызначаная на вечар панядзелка ў актавай зале выканкама Цэнтральнага раёна. Сабралася на яе, чакана, нямала людзей: усіх ахвочых змясціць актавая зала не змагла, людзі стаялі за дзвярыма і ў праходах.

- Гэта проста беззаконне, - абураліся прысутныя яшчэ да пачатку сходу. - Нас хочуць зруйнаваць дзеля чаго? І галоўнае, нам не гавораць, куды нас хочуць выселіць. У нас высокія столі, сцены тоўстыя - дамы ў выдатным стане, іх яшчэ немцы будавалі.

Пачалі прэзентацыю са спазненнем - у залі шумелі і казаць чыноўнікам не давалі.

- Дзякуй вам вялікі, што вы прыйшлі на прэзентацыю праекта. Заказчыкам распрацоўкі дэталёвага плана выступае Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкама, распрацоўшчыкам - «Менскграда», - пачала мерапрыемства начальніца Упраўлення архітэктуры і будаўніцтва адміністрацыі Цэнтральнага раёна Вікторыя Далгоўская. - Рэгламент нашай сустрэчы такі: спачатку галоўны архітэктар праекта раскажа вам аб праекце, а потым мы пастараемся адказаць на вашыя пытанні.

- Адно пытанне, - устаў у залі мужчына. - Навошта нам ведаць, што вы тут будзеце будаваць, калі мы хочам тут жыць?

У залі заапладзіравалі.

- Мы катэгарычна супраць зносу, лічым дзеянні гэтых архітэктараў няправільнымі і незаконнымі, - падтрымаў іншы мужчына.

Хтосьці з прысутных прапанаваў перанесці сход - у залі было душна, месцаў усім не ставала. Хтосьці і зусім - у якасці пратэсту ўсім устаць і сысці.

- Паважаныя прысутныя, сярод вас ёсць і ахвочыя паслухаць, давайце ўсё ж такі дамо выступіць архітэктару праекта, - паспрабаваў супакоіць людзей кіраўнік раёна Ігар Бузоўскі.

Але прысутныя не супакойваліся. Кіраўнік раёна прапанаваў правесці стыхійнае галасаванне: за і супраць правядзення прэзентацыі. Рукі паднялі і «за», і «супраць», але палічыць іх ніхто не паспрабаваў. Але і з тых, хто выступіў супраць, з залі ніхто не выйшаў.

Галоўны архітэктар праекта, калі яму ўсё ж такі далі мікрафон, спрабаваў расказаць прысутным, што прапануецца пабудаваць у квартале на месцы жылых дамоў.

- Вы нам раскажыце, што нас чакае! Дзе мы будзем жыць, пакажыце! - крычалі ў залі.

- У мяне толькі адно пытанне, - падышла да архітэктара праекта дзяўчына. - Мы будзем жыць у гэтых дамах, якія вы тут пабудуеце? Не? Ці я буду жыць у гэтым вашым гандлёвым пасажы? Калі вы скажаце, што чакае нас, тады мы сюды і прыйдзем! Ваш гандлёвы цэнтр, паркоўка, дзіцячыя сады мяне не цікавяць. Мяне цікавіць, дзе буду жыць я! І гэтым людзям таксама цікава. Мы пяць разоў папрасілі: скажыце, што будзе з намі? Навошта мы сюды прыйшлі, калі вы ўсё роўна маўчыце?

- Гэтую кватэру мой дзядуля атрымліваў. Мы пакаленнямі тут жывем. Мне ўсё роўна, што тут будзе нейкі пасаж. Я куды паеду? - падхапіла іншая мясцовая жыхарка. - Вось калі ў вас інфармацыя будзе для нас, тады мы і прыйдзем.

Абстаноўка ў залі была вельмі нервовая. Жанчыны абмахваліся нататнікамі, мужчыны трывалі задуху як маглі.

- Гэты праект быў распрацаваны яшчэ ў 2014 годзе. Затрымка ва ўзгадненні была звязана са спробай вырашыць у Мінкульце пытанне аб наданні кварталу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Але, на жаль, пытанне так і не было вырашана, - распавёў галоўны архітэктар праекта Аляксандр Бандарчык. - На сёння насельніцтва квартала складае крыху больш за 800 чалавек, 355 кватэр. Плануецца, што жыллёвы фонд павялічыцца на 1400 квадратных метраў жылля. Павінен падкрэсліць, што па праектах дэталёвага планавання, якім з'яўляецца гэты праект, ніхто не будуе. Праект пойдзе на далейшае ўзгадненне, далей будуць распрацаваны дэталёвыя планы. Але калі не будзе інвестара, зносіць і будаваць ніхто не будзе.

«Мой бацька асабіста, сваімі рукамі, насіў цэглу, каб аднавіць наш дом»

Кіраўнік раёна таксама спрабаваў панізіць градус абстаноўкі ў залі.

- Грамадскае абмеркаванне - працэдура, якая ідзе 25 дзён, - паведаміў Ігар Бузоўскі. - Зразумейце правільна, у кожнага мясцовага жыхара сёння велізарная колькасць жаданняў і заўваг. Але каб праца была больш канструктыўнай, патрэбна ініцыятыўная група ад жыхароў. Усе свае прапановы і заўвагі вы можаце кінуць у апячатаную скрыню, якая стаіць у адміністрацыі. Сёння мне ўжо прынеслі пачак зваротаў. Але канструктыву там няшмат. Я, як кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна, шчыра хачу вам дапамагчы. Але для таго каб вы правільна выступілі са сваімі ініцыятывамі, падысці да іх трэба канструктыўна і згодна з законам. Далейшы крок - трэба сабраць ініцыятыўную групу, якая выступіць ад вас у камісіі.

- А ваша пазіцыя якая? - пацікавіліся ў кіраўніка раёна.

- Я не магу агучваць сваю асабістую пазіцыю, - адказаў Бузоўскі. - Нават у гэтай залі ёсць людзі з рознымі меркаваннямі: да нас сёння прыходзілі тыя, хто хоча пераехаць з Асмалоўкі, таму што дом састарэлы, капрамонту няма і гэтак далей. Ёсць розныя падыходы і ініцыятывы. Вось, магу зачытаць першы які трапіў зварот: «Я не хачу, каб мой дом зруйнавалі, я не хачу нікуды з'язджаць».

Усе заапладзіравалі. Да мікрафона падышоў адзін з мясцовых жыхароў.

- Калі вы сапраўды бароніце нашу пазіцыю, то я прапаную не проста казаць пра добры ці дрэнны. Вось у мяне ёсць заключэнне, якое я зрабіў сам: пра тэхнічны стан бэлек, паддашкавых перакрыццяў, якія знаходзяцца ў здавальняючым стане. Магу сказаць, што мой бацька асабіста, сваімі рукамі, насіў цэглу, каб аднавіць наш дом. Ён перажыў бамбёжку, выстаяў. Мы не сталі выдаляць сляды вайны, мы любім свій дом і ўкладваем у яго свае грошы. І тое, што Мінкульт не надаў гэтаму ансамблю будынкаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, - гэта халатнасць. Гэта месца для прыцягнення турыстаў: я сам прывёў сюды блізу 50 турыстаў, каб паказаць ацалелыя пасля вайны будынкі.

Сярод прысутных было і шмат актывістаў з розных гарадскіх арганізацый і ініцыятыў. Сябра кампаніі "Генплан - для менчукоў!» Дзяніс Кобрусеў паспрабаваў перавесці вельмі эмацыянальную размову ў канструктыўнае рэчышча.

- Хачу сказаць, што ўвесь наш пратэст, гора і абурэнне, якія мы можам выказаць у гэтай залі, не прывядуць да выніку, - сказаў актывіст. - Нам трэба рыхтаваць канкрэтныя заўвагі і прапановы па ўсіх парушэннях, якія мы выявілі, датычна экалогіі, транспарту, горадабудаўнічых рэгламентаў і гэтак далей. Пад гэтым зваротам трэба вельмі шмат подпісаў сабраць і даказаць адміністрацыі раёна, Мінкульту, Адміністрацыі прэзідэнта, калі трэба будзе, даказаць, што гэты раён вельмі важны не толькі мясцовым жыхарам, але і ўсім менчукам. Давайце пакажам Менгарвыканкаму, што нас шмат і мы хочам раён захаваць.

- У людзей толькі адна просьба: пакінуць нас у спакоі і не чапаць. Вы кажаце, паставілі скрыню нейкую для прапаноў. Так мы можам на адным ватмане напісаць гэтую просьбу, сабраць пад ёй подпісы і кінуць у яе, - устаў з месца мужчына. - Не чапайце нас ці растлумачыце, што нас чакае.

- Так! - закрычалі ў залі. - Ёсць інвестар? Хто ён?

- Інвестара на сёння няма. І наогул, такая вялікая тэрыторыя пад зруйнаванне - вялікая праблема для любога інвестара. Калі ён не знойдзецца, руйнаваць і будаваць ніхто не будзе, - яшчэ раз падкрэсліў архітэктар праекта.

- Мы сабралі пад электроннай петыцыяй супраць зруйнавання 6047 подпісаў і 29 подпісаў - за прыняцце гэтага праекта. Як вы можаце пракаментаваць? - звярнуўся да кіраўніка раёна актывіст і блогер Антон Матолька.

- Каментаваць нічога цяпер не будзем, - адказаў Бузоўскі.

- Але ж гэта афіцыйны зварот, гэтыя галасы павінны быць улічаныя, - удакладніў Матолька.

- Так, вядома, - адказаў Бузоўскі. - Але працэдура абмеркавання мае іншую форму.

- Скрыню маеце на ўвазе, так? - крыкнуў малады чалавек з залі. - Ідзіце ўсе ў скрыню.

- Як ваша прозвiшча? Удзельнічайце ў камісіі, каб ваш голас быў улічаны, - прапанаваў яму кіраўнік раёна. - Яшчэ раз паўтару: зараз вы павінны выбраць ініцыятыўную групу, якая будзе прадстаўляць вашы інтарэсы ў камісіі. Усе пажаданні і заўвагі будуць улічаныя. А цяпер афіцыйную частку будзем лічыць скончанай.

Разыходзіцца людзі не спяшаліся. Усе працягвалі абмяркоўваць праект і будучыню сваіх дамоў.

- Ведаеце, што крыўдна? - шаптала адна пажылая жанчына сваім суседкам па шэрагу.

- Што нас не спыталі. Чаму? Гэта ж нашы дамы, наша будучыня. Чаму яны са сваімі дамамі так не робяць, а з намі лёгка і без усялякага сораму? Хай паставяць сябе на наша месца, можа, тады зразумеюць, наколькі гэта крыўдна і балюча.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках