20 красавiка 2024, Субота, 1:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Перамога патрабуе выхаду на вуліцу

27
Перамога патрабуе выхаду на вуліцу

Масавую акцыю, якая скіне рэжым Лукашэнкі, падрыхтуюць больш дробныя.

Пра гэта ў «Фэйсбуку» напісаў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч.

«Кожны раз, калі Беларускі Нацыянальны Кангрэс аб'яўляе аб чарговай акцыі, у сетцы інспіруецца дыскусія аб мэтазгоднасці масавых пратэстаў увогуле. Інтэрнэт-карыстальнікаў палохаюць «Майданам, які нічога добрага не дае». Ад арганізатараў патрабуюць відавочна нерэальных «гарантый». Беларусам прапануюць лёгкія і бяспечныя шляхі дэмакратычных пераменаў. Сярод іх - удзел у «выбарах» на ўмовах рэжыму; зварот у міжнародныя інстанцыі; збор подпісаў за рэферэндум ці пад петыцыямі; стварэнне альтэрнатыўных «уладных органаў».

Перамены праз выбары - гэта выдатна. Але праблема ў тым, як атрымаць сапраўдныя выбары замест таго выбарчага цырка, які арганізуе рэжым. Прызначэнне ў тым цырку «дэпутатамі» некалькіх нібыта апазіцыянераў да дэмакратыі нас не набліжае. Не важна, хто пагадзіўся стаць клоунам. Цырк ад гэтага не перастае быць цыркам.

Скаргамі ў міжнародныя суды або масавымі петыцыямі ў мясцовыя інстанцыі яшчэ ніхто і нідзе ў свеце сабе волю не здабылі. Пастановы Камітэта ААН у правах чалавека - адзінай міжнароднай інстанцыі, якая прымае скаргі беларусаў - ігнаруюцца беларускай дзяржавай. У 2015 годзе збор подпісаў за «народны рэфэрэндум» скончыўся толькі перавыкананнем «палатай прадстаўнікоў», куды перадалі подпісы, плана ў здачы макулатуры. А ўявіць сітуацыю, калі пасля атрымання ад грамадзян калектыўнай скаргі на «сябе любімую» незаконная карумпаваная ўлада засаромеецца і сыдзе ў адстаўку, я не магу. Фантазіі не стае.

Стварэнне альтэрнатыўных дзяржаўных інстытутаў мае сваю гісторыю. Яшчэ ў сярэдзіне 90-х, пасля паразы на выбарах, тагачасны БНФ пачаў прыём у «грамадзянства БНР» і нават выдачу адпаведных пашпартоў. Гэты сыход у альтэрнатыўную рэальнасць нічым не скончыўся і пра яго хутка забыліся. А вось спроба ўвесну 1999 года арганізаваць альтэрнатыўныя прэзідэнцкія выбары скончылася дрэнна. Тады спісы альтэрнатыўных выбарчых камісій, складзеных пераважна з членаў апазіцыйных арганізацый, былі пададзеныя ў мясцовыя выканкамы. У выніку ўсіх сябраў гэтых камісій пачалі цягаць у КДБ на допыты па крымінальнай справе аб стварэнні незаконных дзяржаўных органаў. Пасля такой «падставы» значная частка актывістаў адмовілася ад удзелу ў палітычнай дзейнасці.

Як бы нам не хацелася бяспечных і лёгкіх шляхоў да свабоды, іх не бывае. Мірныя перамены патрабуюць працы, мужнасці і цярпення. Бо прыйдзецца неаднаразова выходзіць на плошчы нашых гарадоў, каб прымусіць уладу да саступак. Перамога патрабуе выхаду на вуліцы сотняў тысяч. Буйныя акцыі могуць пачацца толькі пасля меншых. Усё пачынаецца мужнай меншасцю. Але цяжка прадказаць, калі канкрэтна ў яе атрымаецца запусціць гэты працэс.

У Дзень вызвалення - 3 ліпеня а 14.00 на Кастрычніцкай плошчы Менска пройдзе масавая акцыя. Наблізім час вызвалення. Беларусь будзе вольнай.

Улада - народу! Жыве Беларусь!»

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках