25 красавiка 2024, Чацвер, 14:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуска выйшла ў 2-і раунд кваліфікацыі Уімблдона

5
Беларуска выйшла ў 2-і раунд кваліфікацыі Уімблдона
АРЫНА САБАЛЕНКА

Па-рознаму стартавалі ў кваліфікацыі жаночага адзіночнага разраду Уімблдона беларускія тэнісісткі Арына Сабаленка і Вольга Гаварцова.

Юная Сабаленка прарвалася ў 2-і раунд, а дасведчаная Гаварцова склала зброю.

Дэбютантка дарослага Уімблдона 19-гадовая Арына Сабаленка (№135 рэйтынгу WTA) у стартавым паядынку падолела 24-гадовую На-Лае Хан (№205) з Паўднёвай Карэі - 4:6, 6:2, 6:4. Саступіўшы ў першым сэце, беларуска пераламала ход гульні і дамаглася перамогі. Сустрэча доўжылася 1 гадзіну 36 хвілін, паведамляе tut.by.

А вось 28-гадовая Вольга Гаварцова (№139) у двух сэтах за 79 хвілін саступіла 21-гадовай расейцы Лізавеце Кулічковай (№146) - 3:6, 5:7. Найлепшым дасягненнем Гаварцовай на Уімблдоне з'яўляецца выхад у 4-ы раунд асноўнай сеткі ў 2015 годзе.

Для выхаду ў асноўную сетку, матчы якой пачнуцца 3 ліпеня, у адзіночным разрадзе трэба пераадолець тры кваліфікацыйныя раунды.

Без кваліфікацыі ў асноўную сетку жаночага адзіночнага турніру дапушчаныя 23-гадовая Аляксандра Сасновіч (№87) і 27-гадовая Вікторыя Азаранка (№678), якая атрымала Wild Card ад арганізатараў.

Найлепшымі дасягненнямі Сасновіч на Уімблдоне з'яўляюцца выхады ў 2-і раунд асноўнай сеткі ў 2015 і 2016 гадах. Вікторыя Азаранка двойчы дабіралася да паўфіналу (2011, 2012).

У кваліфікацыі мужчынскага адзіночнага разраду Уімблдона няўдала выступілі беларусы Ілля Івашка і Ягор Герасімаў, пацярпелыя паразы ўжо ў стартавых паядынках.

А вось у кваліфікацыі мужчынскага парнага разраду беларус Аляксандр Буры разам з уругвайцам Арыэлем Бэхарам выйшлі ў 2-е кола, ва ўпартым паядынку зламаўшы супраціўленне гаспадароў корта брытанцаў Люка Бембрыджа і Лойда Гласпула.

Беларус Максім Мірны разам з палякам Марцінам Маткоўскім стартуюць у мужчынскім парным разрадзе Уімблдона адразу з асноўнай сеткі спаборніцтваў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках