19 красавiка 2024, Пятніца, 18:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму з заявамі Лукашэнкі пра В'етнам «штосьці не так»

5
Чаму з заявамі Лукашэнкі пра В'етнам «штосьці не так»

«Плённае супрацоўніцтва» насамрэч не такое ўжо і плённае.

$500 млн тавараабароту. Дзе?

Лукашэнка і Чан сустракаліся ўсяго 7 месяцаў таму, у снежні 2016 года, і дамовіліся «значна актывізаваць эканамічнае ўзаемадзеянне, прамысловую кааперацыю, павялічыць тавараабарот і давесці яго ў 2017 годзе да 500 млн даляраў». Аднак пакуль што гэтая дамоўленасць застаецца не больш чым бадзёрай дэкларацыяй. За студзень-красавік 2017 года Беларусь і В'етнам нагандлявалі на $31,866 млн, піша «Еўрарадыё».

Так, гэта на 36,3% больш, чым у студзені-красавіку 2016 года. Але да дамоўленых $500 млн, прама скажам, далёка.

У 3 разы за 10 гадоў. Гэта колькі?

На пачатку года пра плённае супрацоўніцтва з В'етнамам выказаўся міністр прамысловасці Віталь Воўк. «За 10 гадоў тавараабарот паміж нашымі краінамі павялічыўся ўтрая», - перадае словы чыноўніка агенцтва «Менск-Навіны».

Воўк амаль не перабольшыў. У 2006 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і В'етнамам склаў $49,3 млн. А ў 2016 годзе тавараабарот быў - $121,0 млн. Такім чынам, за 10 гадоў ён павялічыўся ў 2,45 разы. Ну, у 2,5 разы, калі акругліць.

Варта заўважыць, што $121,0 млн - гэта блізу 0,2% ад агульнага таваразвароту Беларусі. Так што назваць В'етнам хоць колькі-небудзь важным гандлёвым партнёрам пакуль не атрымліваецца. Зрэшты, час такі - для нас цяпер усе партнёры важныя.

Асноўнымі артыкуламі беларускага экспарту ў В'етнам у 2006 годзе былі калійныя ўгнаенні ($25,6 мільёнаў даляраў), трактары ($4,1 млн), кар'ерныя самазвалы ($3,5 млн), запасныя часткі ($1,2 млн), рухавікі ($1,2 млн), станкі ($0,6 млн), падшыпнікі ($0,5 млн). За 10 гадоў структура экспарту амаль не змянілася. Акрамя ўгнаенняў, мы па-ранейшаму прадаём у В'етнам трохі трактароў, трохі грузавікоў і трохі запчастак да іх.

Пра што дамовіліся з папярэднім прэзідэнтам В'етнама?

Неяк так супадае, што кіраўнікі Беларусі і В'етнама сустракаюцца ў снежні. Напрыклад, 9 снежня 2015 года Аляксандр Лукашэнка правёў перамовы з Чыонг Тан Шанг, тагачасным прэзідэнтам В'етнама. Палітыкі «дамовіліся актыўна садзейнічаць павелічэнню тавараабароту і інвестыцыяў, ураўнаважыць гандлёвы баланс».

Што з гэтага атрымалася? Таваразварот за 2015 год - $149,9 млн, за 2016 год - $121,0 млн. Нічога не скажаш, паспрыялі павелічэнню тавараабароту.

Ды і гандлёвы баланс ураўнаважылі своеасабліва. Беларускі экспарт у В'етнам за 2016 год упаў на 31,1% - да $76,8 млн. А імпарт наадварот вырас - на 15,3%, да $44,2.

Чым Беларусь гандлюе з В'етнамам?

Цікавы факт: на купюры ў 200 в'етнамскіх донгаў намаляваны трактар «Беларус». Гэта зроблена ў памяць пра савецкую дапамогу, якую В'етнам атрымліваў пасля вайны з ЗША. Але атрымліваць - гэта адно, а купляць - зусім іншае. Што наконт экспарту беларускіх трактароў у В'етнам?

Апошнія звесткі статыстыкі на сайце Белстата - за 2015 год. Мы прадаем у В'етнам калійныя ўгнаенні, поліаміды (пластмасы, якія выкарыстоўваюцца ў аўтапраме, машынабудаванні і іншых галінах), шыны, рухавікі, часткі і прылады для аўтамабіляў і трактароў. І ёсць яшчэ два артыкулы экспарту: «аўтамабілі грузавыя» (у 2015 годзе - 27 штук!) і, уласна, «трактары і седлавыя цягачы». У 2015 годзе В'етнам купіў 75 беларускіх трактароў на $1,1 млн. Гэта на 18 трактараў болей, чым у 2014-м, але на 108 (!) трактароў менш, чым у 2013-м. Год на год не прыходзіцца...

А вось адзін з асноўных артыкулаў імпарту з В'етнама - абутак, што вельмі лагічна. В'етнамкі жа! У 2015 годзе мы завезлі 50,6 тысяч пар в'етнамскага абутку. Праўда, у дакументах гаворка ідзе пра «абутак з верхам з натуральнай скуры».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках