19 красавiка 2024, Пятніца, 22:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцяблянін, які кідаўся пад танкі на парадзе: Я не прыдурак, я супраць вайны

14
Віцяблянін, які кідаўся пад танкі на парадзе: Я не прыдурак, я супраць вайны

Віцебскі джазмэн патлумачыў матывы свайго смелага ўчынку.

Падчас рэпетыцыі параду хлопец кідаўся прама пад танкі каля ЦУМа.

«Наша Ніва» высветліла яго імя — гэта віцебскі джазмен Андрэй Ускоў, які ў той дзень меўся выступаць (і выступіў) на Джазавым вечары ля Ратушы.

«Адбылося ўсё такім чынам — я з сябрамі-калегамі быў на плошчы Якуба Коласа, калі ехалі гэтыя танкі. Сядзеў на лаўцы і, убачыўшы, проста пачаў выказвацца — месцамі лаянкай — пра сваё стаўленне да парадаў. Маўляў, як вы ўжо надакучылі сваёй зброяй махаць! Вы нас прымушаеце плаціць падаткі на дармаедства, пры гэтым работы не даючы, а грошы вось сюды ідуць? На гэта апошнія капейкі адбіраеце? Абурыўся я, карацей. Так, быў трохі нападпітку, але не моцна п'яны, як гэта выставілі. Мне ўсё адно трэба было на канцэрт, таму я падумаў — а што, калі напрасткі? Было таксама цікава, ці паспее танк спыніцца, што мне за гэта будзе?

Але галоўнае — я супраць любой вайны і зброі. Я — музыкант.

Пры гэтым я не адношуся ні да якой палітычнай арганізацыі: ні БРСМ, ні БНФ. Я проста граю музыку», — расказаў нам Андрэй.

Таксама ён прызнаўся, што яму было цікава, як хутка яго прыбяруць з дарогі — такі сабе эксперымент гіпатэтычнага выбягання на дарогу дзіцяці.

«Інспектары ДПС, якія затрымлівалі, паклалі мяне на капот, потым пасадзілі ў машыну, выпісалі штраф за пераход у неналежным месцы. Вось і ўсё. Пасля я яшчэ выступіў на канцэрце, як і меўся», — кажа ён. Ускоў дадае, што ніякіх пашкоджанняў пры затрыманні ён не атрымаў.

«Ці быў я пачуты? Я не ведаю, ці будуць нейкія вынікі. Медыя-вынікі хіба што, — смяецца джазмен. — Я ж масавых акцый не ладзіў, гэта я праявіў грамадзянскую пазіцыю сваю. Што да таго палкоўніка, які параўнаў людзей з антымілітарыстычнай пазіцыяй з нашчадкамі Кубэ? Я так скажу — ёсць спецыяльныя месцы, палігоны. Калі яны хочуць паказаць сваю мілітарыстычную сілу, то хай там парады праводзяць. Я згодны — кожная краіна ў наш час неспакойны мусіць мець зброю, у нас не ідэальны свет. Але парады ў такім выглядзе — калі проста па вуліцах горада ездзяць, то я супраць», — адказаў Макараву хлопец.

Пра рэакцыю сваякоў і сяброў ён кажа так: маўляў, бацькі проста ў шоку і думаюць, што сын звар'яцеў. А многія пішуць: «Ты герой, адзін пайшоў супраць мілітарызму, супраць вайны».

«Я вось музыкант не горшы ў краіне, так скажам, нават вядомы ў джазе, скажу не тоячы — я граў і з сімфанічным аркестрам філармоніі, граў у аркестры Фінберга. Але для мяне працы ў Віцебску толкам няма. І я не прыдурак, проста не люблю такія парады», — падсумаваў Андрэй.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках