24 красавiка 2024, Серада, 14:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Атака віруса-вымагальніка выклікала хаос ва ўсім свеце

3
Атака віруса-вымагальніка выклікала хаос ва ўсім свеце

У Брытаніі расследаваннем чарговага нападу хакераў займаецца Нацыянальнае агенцтва ў барацьбе са злачыннасцю.

Кампаніі шмат якіх краін свету паведамляюць пра атаку віруса-вымагальніка. У ліку пацярпелых у выніку кібератакі - брытанскае рэкламнае агенцтва WPP, яго IT-сістэмы выйшлі са строю, піша bbc.com.

У Брытаніі расследаваннем чарговага нападу хакераў займаецца Нацыянальнае агенцтва ў барацьбе са злачыннасцю.

Паведамляецца, што больш за ўсіх пацярпелі ўкраінскія кампаніі - вірус заразіў кампутары некалькіх міністэрстваў, энэргетычных кампаній і банкаў, СМІ, сотавых аператараў, буйной сеткі заправак, кіеўскага аэрапорта Барыспаль і кіеўскага метро.

Экспэрты мяркуюць, што шкоднасная праграма выкарыстоўвае тыя ж уразлівасці, што і вірус Wannacry, што вывеў з ладу тысячы сервераў ва ўсім свеце ў мінулым месяцы.

«Падобна на тое, што гэта разнавіднасць шкоднаснага праграмнага забеспячэння, якое з'явілася летась», - уважае спецыяліст у галіне кампутарнай бяспекі прафесар Алан Вудворд.

Прадстаўнік фірмы Recorded Future, якая спецыялізуецца на кампутарнай бяспецы, распавёў Бі-бі-сі, што за апошнія 12 месяцаў на шматлікіх форумах бачыў шкоднасную праграму, выстаўленую на продаж.

«На форумах за яе просяць толькі 28 даляраў ЗША, - сказаў Андрэй Барысевіч. - Але мы не ведаем, ці выкарыстоўваецца апошняя вядомая версія праграмы або яе новы гатунак».

На думку Барысевіча, атакі не спыняцца, таму што кіберзлачынцы лічаць гэты бізнэс вельмі прыбытковым.

«Паўднёвакарэйская хостынгавая кампанія заплаціла мільён даляраў, каб аднавіць звесткі, - сказаў ён. - Гэта велізарная матывацыя, гэта самае вялікае ўзнагароджанне, якое маглі б прапанаваць кіберзлачынцу».

«Пеця» ці не «Пеця»

У Расеі маштабнаму хакерскаму нападу падпалі серверы «Раснафты» і «Башнафта», металургічная кампанія Evraz і некалькі драбнейшых кампаній.

Пра атаку на свае рэсурсы паведамілі і некаторыя замежныя кампаніі, у тым ліку дацкая A.P. Moller-Maersk, якая займаецца марскімі грузаперавозкамі, гішпанскае прадстаўніцтва адной з найбуйнейшых у свеце юрыдычных кампаній DLA Piper і харчовай гігант Mondelez.

У ліку пацярпелых таксама французская кампанія будаўнічых матэрыялаў St Gobain і неназваная нарвежская кампанія - яе паведамленне цытуюць спецслужбы.

Telegram-канал «Сайберсекьюрыці» сцвярджае, што кампутарныя сістэмы «Раснафты» атакаваў не WannaCry, а яго клон - вірус-вымагальнік Petya.A, які шыфруе змесціва цвёрдага дыска і патрабуе грошы за расшыфроўку.

У «Лабараторыі Касперскага» аднак лічаць, што для новай кібератакі выкарыстоўваўся не «Пеця», а нейкі іншы, новы вірус, які спецыялісты цяпер вывучаюць. Аналагічнага меркавання прытрымліваюцца і ў кампаніі Dr.Web - яе спецыялісты перакананыя, што новы вірус распаўсюджваецца самастойна.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках