25 красавiка 2024, Чацвер, 3:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амбасадар Украіны ў Менску: Мае словы былі вырваныя з кантэксту

Амбасадар Украіны ў Менску: Мае словы былі вырваныя з кантэксту
ІГАР КІЗІМ
ФОТА: ВАДЗІМ ЗАМІРОЎСКІ / TUT.BY

Ігар Кізім выказаў здзіўленне з нагоды выкліку ў Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Пасол Украіны Ігар Кізім выказаў здзіўленне з нагоды ввыкліку ў Міністэрства замежных спраў Беларусі ў сувязі з «тэндэнцыйнымі выказваннямі ў СМІ ў дачыненні да вучэнняў «Славянскае братэрства - 2017», паведамляе nn.by.

«Мне шкада, што журналіст партала tut.by выхапіў з майго выступу не тое, што было там галоўным», - сказаў пасол Кізім журналістам у ходзе прыёму ў амбасадзе Украіны ў Менску з нагоды Дня канстытуцыі Украіны. Пасол адзначыў, што ўвагу беларускага дыпламатычнага ведамства звярнуў нават не выступ, а рэпліка з залі падчас дыскусіі на канферэнцыі, дзе ён прысутнічаў у якасці слухача. Пасол адзначыў і тое, што выклік у МЗС меў месца праз тыдзень пасля публікацыі той рэплікі.

«Мяне [на канферэнцыі] здзівіла, што ўкраінскі досвед успомнілі ў негатыўным сэнсе, - расказаў пасол. - Можа быць, мая памылка, што [рэагуючы на гэта] я быў занадта адкрытым, - прызнаў пасол Украіны. - Ідэя мая галоўная была - што трэба больш празрыстасці. Беларусь, калі хоча быць пачутая, павінна дзейнічаць з большай адкрытасцю. Калі да вучэнняў «Захад-2017» столькі ўвагі, трэба праяўляць асаблівую адкрытасць», - адзначыў пасол.

На пытанне, ці ёсць ва Украіны занепакоенасць адносна будучых вучэнняў «Захад-2017», амбасадар Кізім адзначыў: «Можна давяраць таму, што сказаў прэзідэнт Беларусі. Задэкларавана, што з межаў Беларусі пагрозы Украіне не будзе, - сказаў пасол і дадаў. - Але я не давяраю расейцам, бо ўсе пагадненні з Украінай Расеяй былі парушаныя».

На пытанне што да затрымання грамадзяніна Беларусі ў Чарнігаве ў падазрэнні ў шпіянажы супраць Украіны, пасол спаслаўся на афіцыйную інфармацыю, што гэты чалавек падазраецца ў працы на Расею.

На пытанне аб падрыхтоўцы візіту Лукашэнкі ва Украіну пасол Кізім адказаў, што яна ідзе ў адпаведнасці з планам на ўзроўні рабочых груп. Падчас візіту адбудзецца беларуска-украінскі бізнэс-форум, а таксама чакаецца падпісанне шэрагу пагадненняў. «Ільвіная доля будзе прысвечана эканамічным адносінам, - адзначыў дыпламат. - Гэта развіццё дамоўленасцей [дасягнутых Аляксандрам Лукашэнкам і Пятром Парашэнкам на сустрэчы] у Ляскавічах», - сказаў пасол Кізім.

Варта адзначыць, што візіт Аляксандра Лукашэнкі павінен адбыцца да канца лета, г.зн. перад прызначанымі на верасень вучэннямі «Захад-2017», і такі таймінг можа расцэньвацца як жаданне Менска паказаць, што гэтыя вучэнні не накіраваны супраць Украіны.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках