28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юры Хашчавацкі: Перамагчы цмока

41
Юры Хашчавацкі: Перамагчы цмока
Юры Хашчавацкі

Як вярнуць нарабаванае ў народа.

Пра тое, чаму незаконныя паборы адновяцца і хто павінен стаць беларускім Лансэлотам, у інтэрв’ю Charter97.org распавёў вядомы кінарэжысёр Юры Хашчавацкі.

– На днях стала вядома, што падатковая не збіраецца вяртаць грошы, заплачаныя за «дармаедства». Больш за тое, паводле словаў падаткавікоў, дэкрэт №3 ніхто не скасоўваў і ён прадаўжае працаваць. Чаго чакаць беларусам на гэты раз ад уладаў? Ці атрымаецца вярнуць свае грошы?

– Цалкам відавочна, што ўлады ад дэкрэта пра «дармаедаў» не адмовяцца і будуць спрабаваць ажыццявіць яго. Яшчэ больш відавочна, што грошай, якія ўзялі ў людзей, ужо ніхто не аддасць. Бо ўлады жывуць паводле прынцыпу: бярэш чужыя, а аддаваць трэба свае.

Зноў-такі, трэба нешта адбудоўваць, рамантаваць у сябе ў Драздах – на ўсё гэта патрэбныя грошы. Трэба плаціць АМАПу, які іх ахоўвае. Грошы патрэбныя і на дзяцей з унукамі, і на шыкоўныя паездкі за мяжу – выдаткаў поўна! Як жа ўлады будуць цяпер вяртаць гэтыя грошы?

А цяпер усё будзе і зусім, як у казцы: чым далей – тым страшней. Паколькі грошай у Драздоў усё менш і менш, а жаданняў усё больш і больш. І апарат Лукашэнкі становіцца ўсё больш і больш прагным. Дзеці, зноў жа, у апарату падрастаюць і ўнукі.

Спадзявацца грамадзянам Беларусі можна толькі на тое, што мы здолеем нейкім чынам аб’яднацца супраць гэтых прусакоў і павукоў, якія смокчуць з беларусаў апошнія сокі. Іншага выйсця проста няма.

– Як і калі гэта можа адбыцца?

– Я чакаў пратэстаў, якія скінулі б гэтую ўладу, яшчэ ў 1995 годзе, калі знішчалася беларуская сімволіка, разганяўся парламент і забаранялася свабодная прэса. Пасля гэтага Беларусь шмат гадоў жыла на падачках ад усходняга суседа. Улады ведалі, што жывуць «на халяву», і бралі падачкі ад Расеі, каб прымусіць людзей маўчаць.

Цяпер халява скончылася. І я вельмі хачу, каб беларусы вярнулі сабе пачуццё ўласнай годнасці. Мноства людзей працуе для таго, каб гэта адбылося: да беларусаў звяртаюцца праз незалежныя СМІ, у тым ліку праз Charter97.org, выдатныя спецыялісты ў галіне эканомікі, палітыкі, гісторыі.

Да нядаўняга часу беларусы думалі і чакалі, што прыйдзе нейкі герой, сэр Лансэлот, і здолее скінуць цмока, адсячы яму галаву, а дакладней – усе чатыры галавы, бо чацвёртая практычна ўжо вырасла. Але жыццё – гэта не казка. Такім героем павінен станавіцца сам беларускі народ. Увесну сёлета ён паказаў, што можа гэта рабіць, і я вельмі хачу ўбачыць, як у яго атрымаецца канчаткова перамагчы цмока.

На прыклад таго, як гэта зрабілі ўкраінцы. Хай гэта і было няпроста, але народ ва Украіне прымусіў усіх сябе паважаць. Вельмі хачу, каб прымусілі сябе паважаць і беларусы. Для гэтага кожны на сваім месцы павінен рабіць тое, што ён можа. З’яднаўшыся і перастаўшы хавацца за спіны адзін аднаго, мы зможам ў хуткім часе справіцца з цмокам. Галоўнае – перастаць «енчыць»: а хто гэта зробіць? Ніхто, акрамя нас. Ці пытацца пастаянна: а хто замест «яго», а што будзе потым? А будзе вось што: як у нармальнай краіне, абярэм новага. Калі абярэм дрэннага – перавыберам. І так да таго часу, пакуль ва ўладзе не з’явіцца ўсведамленне таго, што яна адказвае перад намі. Што іхнія адбіткі пальцаў на стырне нашай дзяржавы мы заўсёды можам зняць і з іх дапамогай прад’явіць свае законныя патрабаванні і змусіць да адказу.

Галоўнае – пачаць аб’ядноўвацца ўжо цяпер, каб не даць драздоўскім забраць будучыню ў нашых дзяцей.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках