29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вудкрафт уключыў рэжым «дынама»

1
Вудкрафт уключыў рэжым «дынама»
Крэйг Вудкрафт
ФОТА: PRESSBALL.BY

Як найлепшую хакейную каманду давялі да ручкі.

Нясмелыя здагадкі, звязаныя з адносна нядаўнімі заявамі старшыні назіральнай рады клуба Ігара Шуневіча аб адмове ад паслуг легіянераў, на мінулым тыдні перараслі ў канчатковы дыягназ. Кантракт з клубам скасаваў галоўны трэнер Крэйг Вудкрафт, які ў мінулым сезоне стварыў сімпатычную і канкурэнтаздольную каманду, піша «БелГазета».

Зыходзячы з афіцыйнай заявы клуба, агучанай гендырэктарам Анатолем Курыльцам, спыненне дзеяння кантракту было ініцыятывай канадскага трэнера. У гэта ахвотна верыцца, але калі выказвацца мовай Крымінальнага кодэкса, гэты крок з боку кіраўніцтва можна трактаваць як «давядзенне да самагубства». Праўда, у сітуацыі, якая склалася для Вудкрафта, гэта азначае хутчэй вызваленне, але тое, што яго вымусілі прыняць такую пастанову, - сумневаў не выклікае.

Спачатку Ігар Шуневіч заявіў, што клуб у найбліжэйшы час збіраецца альбо істотна абмежаваць колькасць легіянераў, уключаючы трэнерскі штаб, альбо ад іх і зусім адмовіцца. Затым словы адказнага за флагман айчыннага хакея міністра МУС сталі падмацоўвацца справай: у магнітагорскі «Металург» перабраўся Мэт Элісан, які рабіў надвор'е ў «Дынама» цягам некалькіх сезонаў, за некалькі дзён да навіны аб сыходзе Вудкрафта ў адстаўку было адпраўленае трыо ягоных замежных памочнікаў. Відавочна, што галоўны трэнер іграў на апярэджанне - імавернасць таго, што ён дапрацуе да заканчэння «гладкага чэмпіянату» (у гэтым выпадку з амбіцыямі выхаду ў плэй-оф варта развітацца) зводзілася да нуля.

«Праз зніжэнне вынікаў каманды», «па стане здароўя», «у сувязі са стратай здароўя», «праз сямейныя абставіны»: падабраць фармулёўку разрыву дачыненняў падчас сезону або нават перад самым яго стартам - справа тэхнікі. Вудкрафт паступіў сумленна. Ён убачыў, што будучыні ў «Дынама» ў яго няма, і даў магчымасць свайму пераемніку, з імем якога пакуль не вызначыліся, рыхтаваць каманду на сваё меркаванне. Менавіта рыхтаваць, таму як пра нармальнае камплектаванне, улічваючы катэгарычную пазіцыю кіраўніцтва, якое спрабуе на ўсім зэканоміць, не варта нават весці і гаворкі. Акрамя таго, што канадзец своечасова сышоў, ён яшчэ пакінуў Менск прыгожа. У заяве Курыльца гаворыцца, што «мы дамовіліся аб звальненні паводле дамовы бакоў без выплаты выхадной дапамогі».

Высакароднасць Крэйга, які адмовіўся ад адыходных бонусаў, можна растлумачыць па-рознаму. Патрыятычна-рамантычная версія палягае ў тым, што тым самым канадзец аддзячыў працадаўцу за прадстаўлены самастойны досвед у, бадай, самай моцнай еўрапейскай лізе - да гэтага Вудкрафт па большай частцы перабіваўся роляй памочніка, у тым ліку у Дэйва Льюіса ў нацыянальнай камандзе Беларусі. Але больш верыцца ў саркастычную версію, выказаную на адным са спартовых форумаў: «Даэканоміліся! Крэйг нават ад кампенсацыі адмовіўся, абы збегчы адсюль». Трэцяя версія нябачнай ніткай звязаная з папярэдняй: раней агучвалася інфармацыя, што да Вудкрафта праяўляе цікавасць хакейная Швэйцарыя. У прынцыпе ўсё лагічна: калі канадзец загадзя наважыў памяняць працу (пра гэта хутка будзе вядома), навошта яму звязвацца з пытаннямі няўстойкі, марнаваць час на хаджэнне па пакутах і па камітэтах для развязання спрэчак, калі можна засяродзіцца на новай працы.

У кожным выпадку Вудкрафт - старонка перавернутая.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках