28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хай едзе назад у Александрыю!

84
Хай едзе назад у Александрыю!

Перакормленыя Дразды давялі беларусаў да галечы.

Пра крызіс беларускай эканомікі лепш за ўсё распавядаюць не сухія статыстычныя звесткі, а гісторыі пра тое, як спрабуюць выжываць звычайныя сям'і. На днях адна такая гісторыя – пра сям'ю з Глускага раёна Магілёўскай вобласці – літаральна ўзрушыла інтэрнэт.

Хлеб з гарбатай, на абед – суп, увечары – каша ці гарбата... Гэта не апісанне турэмнага меню з эпохі Жана Вальжана – гэта рацыён беларускай сям'і ў 21-м стагоддзі.

Пракаментаваць сацыяльную сітуацыю ў беларускіх рэгіёнах сайт Charter97.org папрасіў каардынатара БХД у Віцебску, настаўніцу з 36-гадовым стажам Таццяну Севярынец:

– Вядома ж, я чытала гісторыю гэтай няшчаснай сям'і і проста ўзрушаная. Узрушаная не проста канкрэтнай сітуацыяй канкрэтных людзей, а сітуацыяй у краіне ў цэлым. Бо тое, што адбываецца ў Глуску – гэта не выключэнне, а правіла для беларускіх рэгіёнаў. Людзі павінны выжываць на тыя капеечныя заробкі, пенсіі або дапамогі, якія дзяржава захацела ім вылучыць за іхнюю працу.

І праблема не толькі ў памеры пенсіяў і заробкаў у Беларусі. Праблема яшчэ і ў тым, што ў нас у краіне непрапарцыйна высокія кошты на прадукты першай неабходнасці. Яны нашмат вышэйшыя, чым у суседзяў і прадаўжаюць расці. Я ведаю пенсіянерку, якая атрымлівае 320 рублёў пенсіі – і ў яе ў другой палове месяца не застаецца на руках нічога.

Ды што тут далёка па прыклады хадзіць? Я сама атрымліваю нядрэнную паводле беларускіх мерак пенсію. Але нам дваім з мужам нашых 340 рублёў на месяц увогуле не хапае! Пасля аплаты камуналкі за кватэру і лекаў мужу (толькі на іх сыходзіць да 100 рублёў) грошай практычна не застаецца. З 20 дня кожнага месяца мы без перабольшання жывем на хлебе і вадзе – якраз як у тым інтэрв'ю з Глуска. Я не кажу ўжо ні пра якія вітаміны, гародніну, садавіну, мяса. Гэта ўсё невыказна дарагое. Не кожны, у каго няма свайго гароду, цяпер можа сабе гэтую разнастайнасць дазволіць!

Але так жывуць не толькі пенсіянеры. У мяне ў кожнай з дачок трое дзяцей. Так ім таксама не хапае на жыццё да канца месяца. Часам даводзіцца нават за тэлефон ім заплаціць – а самой сядзець, маўчаць без сувязі.

Тое, што ў нас у рэгіёнах такая сітуацыя – гэта абсалютна цалкам віна ўладаў. Беларусы гатовыя працаваць і зарабляць, але ў рэгіёнах проста няма працы, а калі ёсць, то рэальны заробак часта не больш за 100 рублёў. Ды якое там 100?! Ужо і за 60 рублёў за месяц людзі працуюць! А колькі такіх сітуацый, калі двое цалкам дарослых людзей праз беспрацоўе павінны жыць на дзіцячую дапамогу. Або на дапамогу ў сувязі з інваліднасцю. Вось ужо сапраўды парадокс: людзі мусяць радавацца і дзякаваць лёсу за тое, што сям'і ёсць інвалід.

Гэта проста жах! І ёсць да ўладаў толькі адно пытанне: чаму мы, «расквітнелая краіна», так жывем? Чаму мы не можам ездзіць на адпачынак? Чаму грошай хапае толькі на самую простую ежу, а на культуру, тэатр, кнігі – ужо не?

Выйсце тут адно: мы павінны арганізавацца і патрабаваць у тых, хто зажэрся (не пабаюся гэтага слова) у сваіх Драздах – аддайце народу тое, што яму належыць. Хай Наталля Качанава выйдзе са свайго ўтульнага дамка, пабудаванага напэўна таму, што «круцілася на дзвюх працах», і пажыве на заробак або пенсію простага беларуса. Хай адчуе сапраўдны ўзровень жыцця ў нашай краіне, спазнае, якія на самай справе кошты ў крамах, на што хапае нікчэмнай штомесячнай падачкі ад дзяржавы.

Я цяпер знаходжуся ў віцебскім мікрараёне Білева. Так тут на вуліцах – адны толькі жанчыны. Мужчынаў як вайной выкасілі! Хто з'ехаў на заробкі ў Расею, хто ў Еўропу. Таму што ў Беларусі пракарміць сям'ю проста немагчыма. А гэтая мадам Качанава яшчэ і папракае беларусаў, што не хочуць «круціцца на 2-3 працах». Ды могуць і ўмеюць беларусы круціцца – вы ім проста ніякай працы не даяце!

Зрабіць тут можна толькі адно: выходзіць і патрабаваць ва ўрада годнага жыцця.

– А вось Лукашэнка мяркуе, што яшчэ не ўсе рэзервы з беларусаў выціснутыя, і на выходных сам запатрабаваў, каб людзі добраўпарадкоўвалі рэгіёны, «уздымалі» свае малыя радзімы...

– І дай Бог, каб на гэтай хвалі ён назаўжды вярнуўся ў сваю Александрыю! Вось хай і едзе на сваю малую радзіму, шчаслівай дарогі! Хай ён накіруе гэты заклік на «сябе любімага», вернецца ў Александрыю і «падымае» яе.

Нават можа пабудаваць сабе там новае жыллё замест той хаткі, у якой нарадзіўся. Толькі перад гэтым няхай аддасць усе свае 17 рэзідэнцыяў дзецям беларусаў, якія маглі б адпачываць у гэтых пабудаваных на народныя грошы палацах.

Напісаць каментар 84

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках