16 красавiка 2024, aўторак, 21:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як праходзіць служба ў самым незвычайным касцёле Беларусі

1
Як праходзіць служба ў самым незвычайным касцёле Беларусі

Рэпартаж з закінутай у лясах каля Віліі Дубкоўскай капліцы.

Гэтую капліцу пабудавалі ў 1929 годзе. Святую Імшу тут служаць толькі раз на год, пры запаленых свечках – да гэтага часу ў капліцы няма электрычнасці.

Гэта адна з нешматлікіх «лясных святыняў» Беларусі. Асвечана яна ў гонар Маці Божай Нястомнай Дапамогі, а пабудаваная ў лясным гушчары на ўзгорку. Верагодна, менавіта таму мясцовыя жыхары называюць галоўны абраз капліцы абразом Маці Божай Курганнай.

Капліца ў Дубку размешчаная ў Астравецкім раёне і належыць да прыходу Найсвяцейшай Тройцы ў Жодзішках, дзе вось ужо 15 гадоў пастырскае служэнне нясе айцец Павел Калеснік.

«Традыцыйна адзіная св. Імша ў Дубкоўскай капліцы здзяйсняецца ў першую нядзелю ліпеня на фестываль Маці Божай Нястомнай Дапамогі», – распавёў Catholic.by кс. Павел Калеснік.

Святар дадаў, што з моманту пабудовы (будаўніцтвам у канцы 1920-х заступаўся мясцовы пробашч з Жодзішак) капліца ні разу не перабудоўвалася. Быў зменены толькі алтар.

«Мясцовыя вернікі самі нагледзелі і выбралі прыгожае месца ў лесе, дзе было пастаноўлена пабудаваць капліцу, – прадаўжае кс. Павел. – З таго часу капліца тут і існуе».

Паводле словаў святара, капліца знаходзіцца за 10 км ад Жодзішак і падчас свята ў Дубок традыцыйна з'язджаюцца вернікі навакольных парафіяў з Астраўца, Сол, Гервятаў і Вішнева. Падчас Імшы, якая здзяйсняецца тут раз на год, у капліцы збіраецца да 150–200 чалавек.

А яшчэ, як адзначаюць старажылы, у гэты дзень амаль заўсёды ідзе дождж. Не стаў выключэннем і сёлетні фестываль, калі над мясцовасцю прайшлася навальніца.

Ксёндз Юрый Ясевіч, вікарый парафіі святых Касмы і Дам’яна ў Астраўцы, сёлета ўпершыню наведаў Дубок. Святар прызнаўся, што капліца ўразіла яго ў першую чаргу сваёй самабытнасцю.

«Тут адчуваецца асаблівы дух, што звязана, відаць, з асаблівасцю размяшчэння капліцы. Адзінства з прыродай, адсутнасць электрычнасці, незвычайнасць вітражоў – усё гэта стварае незвычайнае ўражанне на цябе», – дзеліцца святар.

З Жодзішак у Дубок быў арганізаваны асобны аўтобус. Сёлета ўрачыстасць сабрала блізу 150 вернікаў з суседніх вёсак і хутароў. Некаторыя прыехалі на роварах і матацыклах.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках