25 красавiка 2024, Чацвер, 9:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларусы робяць свой унёсак у развіццё карупцыі ў Расеі

7
Як беларусы робяць свой унёсак у развіццё карупцыі ў Расеі

Смаленскую вобласць скалынулі два буйныя карупцыйныя скандалы.

Следчыя СК Расеі ў Смаленскай вобласці закончылі расследаванне дзвюх крымінальных справаў, у якіх хабарадавальнікамі выступілі грамадзяне Беларусі. Адзін спрабаваў падкупіць супрацоўніка ФСБ, а два іншыя – ці не ўвесь асабісты склад Смаленскай мытні, піша belaruspartisan.org.

У першай гісторыі фігуруе генеральны дырэктар беларускай фірмы, якая ажыццяўляе міжнародныя аўтамабільныя перавозкі. Ён абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага п. "Б" ч. 4 арт. 291 КК РФ (даванне хабару ў буйным памеры).

Следствам вызначана, што 30 траўня 2017 года з Беларусі на мытную тэрыторыю было ўвезена больш за паўтары тысячы скрыняў з яблыкамі, увоз якіх на тэрыторыю РФ забаронены. Пры гэтым таварасуправаджальныя дакументы былі аформленыя на перавозку напою віннага газаванага, увоз якога дазволены. На наступны дзень, у рамках аператыўных мерапрыемстваў, якія праводзяцца супрацоўнікамі рэгіянальнай управы ФСБ Расеі, аўтамабіль маркі DAF з прычэпам, якім кіраваў найманы кіроўца быў спынены на стацыянарным посце ДПС, размешчаным на 384 км аўтадарогі М-1 «Масква–Беларусь» і заблакаваны супрацоўнікамі Смаленскай мытні.

Пра затрыманне аўтамашыны даведаўся генеральны дырэктар фірмы, які прапанаваў супрацоўніку УФСБ Расеі ў Смаленскай вобласці хабар памерам 10 тысячаў еўраў. За гэтыя грошы ад расейскага чэкіста патрабавалася зняць ахову з фуры і грузу, выключыць мытны дагляд альбо дазволіць замяніць прычэп на іншы, гружаны незабароненым да ўвозу на тэрыторыю РФ таварам, і магчымасць прадоўжыць шлях.

Афіцэр ФСБ умовы прыняў, аднак 1 чэрвеня пры перадачы першых 5 тысячаў еўраў гендырэктара ўзялі з доказамі злачынства. Як паведамляе прэс-служба СК Смаленскай вобласці, сваю віну ў даванні хабару ён прызнаў цалкам.

Другая гісторыя яшчэ больш дзёрзкая. У ролі хабарадавальнікаў у ёй выступілі дырэктар беларускага ТАА і ягоны 45-гадовы знаёмы.

Супрацоўнікі ФСБ затрымалі беларусаў 9 лістапада 2016 года. Бралі іх з доказамі злачынства ў месцы, дзе пабочных быць не павінна, у момант вельмі дзіўнага занятку. Абодва знаходзіліся ў распранальні супрацоўнікаў Смаленскай мытні, дзе ў персанальныя кабінкі мытнікаў раскладвалі канверты з грашыма. Усяго ў кабінках яны пакінулі больш за 90 «падарункаў» на суму 3 мільёны расейскіх рублёў (блізу 50 тыс. дал.).

Затрыманыя патлумачылі, што такім чынам хацелі задобрыць мытнікаў, каб паскорыць працэдуру афармлення грузаў з Беларусі. Матэрыялы для правядзення даследчай праверкі ў дачыненні да службовых асобаў мытні вылучаныя ў асобную вытворчасць і накіраваныя ў следчую ўправу на транспарце. Усяго было дапытана больш за 200 сведкаў, аб'ём крымінальнай справы склаў 43 тамы.

Пракуроры зацвердзілі абвінаваўчыя заключэнні, справы накіраваныя ў суд для разгляду ў сутнасці. Беларускім хабарадавальнікам пагражае пакаранне: штраф да 3 мільёнаў рублёў, штраф памерам ад шасцідзесяці да васьмідзесяцікратнай сумы хабару або пазбаўленне волі тэрмінам ад 7 да 12 гадоў са штрафам памерам да шасцідзесяцікратнай сумы хабару.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках