24 красавiка 2024, Серада, 7:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: Стась не адмаўляўся ад беларускага пашпарта

2
СМІ: Стась не адмаўляўся ад беларускага пашпарта
АНДРЭЙ СТАСЬ
ФОТА: BELARUSHOCKEY.COM

Раней паведамлялася, што капітан каманды Беларусі ў хакеі атрымаў расейскае спартовае грамадзянства.

Як паведамлялася раней, беларускі нападнік Андрэй Стась падпісаў трохгадовы кантракт з «Авангардам». Адзначым, што пры гэтым Стась не будзе ўважацца за легіянера ў омскім клубе. Як паведаміў генеральны мэнэджар «Авангарда» Віктар Шалаеў, хакеіст афіцыйна атрымаў расейскае грамадзянства, у тым ліку і спартовае.

«Аднак спартовае грамадзянства не мяняецца раптоўна, прынамсі паводле мерак ІІХФ. Для гэтага Стась, які гуляў за Беларусь, павінен правесці ў расейскіх клубах амаль чатыры гады бесперапынна. У найлепшым выпадку ён стане сваім да костак пад 2021 год. А пакуль Андрэй, магчыма, пісьмова праінфармаваў тамтэйшую федэрацыю ў адмове выступаць за радзіму (так званы «адмоўны ліст»). Такая папера па-ранейшаму пасуе для ўнутранага карыстання, але для ўстановы Рэнэ Фазеля не больш чым фількава грамата. І калі захочацца - юрыдычна нішто не перашкодзіць нападніку «вярнуцца» пад чырвона-зялёны сцяг. Безумоўнай адмовай стане факт здачы беларускага пашпарта - вось тады сапраўды знікне права прадстаўляць краіну на міжнароднай арэне.

Паводле нашых звестак, форвард гэтага не зрабіў ды і наўрад ці калі-небудзь зробіць. У антыпатрыятычным настроях ён заўважаны не быў - напрыклад, яшчэ год таму пазітыўна выказваўся пра «мову». І ад паездак на чэмпіянаты свету ніколі не ўхіляўся - дзевяць форумаў запар! Што адбываецца, выглядае адмовай у кароткатэрміновай перспектыве, дзе галоўнае - падпісаць кантракт як нелегіянер. Астатняе - праблемы травеньскага Стася. Думаецца, пакуль мы страцілі капітана толькі на час найбліжэйшых кэмпаў каманды.

Калі Андрэю не ўдасца замацавацца ў «Авангардзе» (вядома, зычым хакеісту адваротнага), і ён вернецца ў менскае «Дынама» альбо знойдзе сабе клуб са свабоднымі легіянерскімі пазіцыямі, то зможа дапамагчы нацыянальнай камандзе ўжо ў кэмпах гэтага сезону. Прыкладна тое ж самае адбудзецца, калі з Омскам не складзецца ў Андрэя Скабелкі (натуральна, зычым і трэнеру адваротнага) і яго зменшчык захоча набраць іншых замежнікаў.

Самы ж спрыяльны варыянт развіцця падзей - гэта прызнанне беларусаў нелегіянерамі. Калі КХЛ падпарадкуецца пастанове калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі і здыме абмежаванні для спартоўцаў з краін ЕўрАзЭС, то пытанне адпадзе само сабой: Стась будзе гуляць за «Авангард» і без усялякіх думак прыязджаць да Дэйва Льюіса альбо ягонага пераемніка, з усмешкай успамінаючы аб ліпеньскай адмове. Праўда, Мінспорту Расеі пакуль пярэчыць патрабаванню і, мяркуючы з усяго, прадоўжыць супраціўляцца як мінімум да зімовай Алімпіяды-2018, якая пройдзе з 9 да 25 лютага ў Пхенчхане.

Самая складаная развязка наступіць, калі мянчук шчасна замацуецца ў аснове «ястрабаў», а беларусаў пры гэтым так і пакінуць легіянерамі ў суседскай лізе. Тады ў траўні сапраўды паўстане выбар: клуб або нацыянальная каманда? Каб застацца на другі год трохгадовага кантракту, напэўна давядзецца праігнараваць выклік на дацкі чэмпіянат свету. А потым, каб застацца на трэці, магчыма, і на славацкі форум-2019», - напісаў журналіст «Прессбола» Артур Жоль у аўторкавым нумары газеты.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках