21 верасня 2017, Чацвер, 4:18

Канфіскуйце «маўзалеі» Лукашэску

78

Якасць жыцця ў Беларусі набліжаецца да афрыканскай.

Беларусь апошнім часам дае ўсё больш нагодаў для разважанняў аматарам параўнальнага аналізу. З аднаго боку – загадкавыя драўляныя палацы для панскага адпачынку на прыродзе і звесткі пра 800 мільёнах даляраў, што асядаюць у руках чыноўнікаў пасля дзяржзакупак. З другога – апавяданні пра тое, як цэлыя сем'і, да прыкладу ў Баранавічах, збіраюць у лесе ягады, каб мець магчымасць набыць прадукты. І падатковая, якая чамусьці выдасканальваліся ў прыдумлянні пабораў менавіта з другой часткі насельніцтва.

Ці не нагадвае гэта калі не рэвалюцыйную сітуацыю, то, як мінімум, упартае «падбухторванне да бунту» – з боку саміх жа ўладаў? З такім пытаннем журналісты Charter97.org звярнуліся да вядомай беларускай актывісткі, рэжысёру дакументальных фільмаў Вольгі Нікалайчык.

– Як Вы пракаментуеце ўсе гэтыя факты з жыцця простых беларусаў? Ці можна казаць пра жахлівае сацыяльнае расслаенне ў краіне?

– Усе гэтыя выпадкі – збіранне ягадаў дзеля выжывання, «тры скарыначкі хлеба» на снеданне, абед і вячэру – усё гэта мне вельмі добра зразумела. Я сама практычна так жыву, як і сотні тысячаў простых людзей ва ўсёй краіне.

І я не стамляюся нагадваць і ім, і тым, каго эканамічны крызіс пакуль яшчэ не крануў: у нас ёсць выйсце. Выйсце вельмі простае – на акцыі пратэсту, на вуліцу. Такі вось парадокс: калі не хочаце, каб улада выкінула вас на вуліцы – выйдзіце на вуліцы самі і запатрабуйце ад яе тое, што нам, народу, павінна належаць.

Улада не хоча пачуць нас па-чалавечы і пайсці на рэформы дзеля будучыні краіны. Што ж, давайце тады ёй нагадаем на вуліцы, што мы доўга трываць не будзем. Нагадаем на акцыях і раскажам пра сітуацыю ў Беларусі дзе толькі можна – у сацыяльных сетках, пры кантактах з еўрапейскімі чыноўнікамі, у ААН нарэшце.

Хай яны ўжо зразумеюць, што не толькі палітычная, але і сацыяльная сітуацыя ў Беларусі патрабуе тэрміновай і неадкладнай рэакцыі. Бо рэжым Лукашэнкі ператварыў нас у самую сапраўдную «чорную Афрыку» ў цэнтры Еўропы. Ці трэба гэта еўрапейцам пасярод іх шчаснага кантынента?

А сітуацыя такая, што ў галаве еўрапейскага чалавека гэта проста выкліча разрыў «шаблонаў». Вось тут, побач, знаходзіцца дзяржава, дзе дзеці ў сем'ях бачаць марозіва два разы на месяц. Я не перабольшваю: гэта частая сітуацыя для рэгіёнаў. Мой сябар, незалежны журналіст Кастусь Жукоўскі распавёў пра «народную статыстыку» ў Гомельскай вобласці: марозіва – два разы на месяц, сок ці печыва – раз на тыдзень. Час ужо біць у званы ва ўсіх міжнародных структурах, што якасць жыцця ў Беларусі набліжаецца да афрыканскай.

Таленавітыя беларускія дзеці, ды і дарослыя, жывуць зусім не тым жыццём, якога заслугоўваюць. А ў вёсках людзі ўвогуле жывуць на «падножным корме» – за кошт таго, што яны самі на зямлі вырасцілі. Таму што заробкі ў калгасах – ніжэйшыя ад усялякай нормы. Як можна пражыць на 60 рублёў за месяц?!

А кошты на прадукты даўно ўжо пераўзышлі еўрапейскія. Я выдатна гэта ведаю, часта бываю ў Вільні. І там, і ў Беластоку ўсё можна набыць у два-тры разы танней. Тут ужо прыйшоў час ставіць пытанне пра фізічнае выжыванне беларусаў як народа.

– Вы творчы чалавек, вядомы сваімі перфомансамі. Як у такой сітуацыі можна адрэагаваць, каб за тоўстымі Драздоўскі сценамі іх нарэшце «праняло»?

– Калі вы пра прынесены да будынка падатковай «суп-тухляк», то так, памятаю гэты перфоманс і мяркую яго ўдалым. Бо паспытаўшы «супу-тухляку» ў выглядзе масавых пратэстаў, улада «абдумалася» і дала задні ход. Дэкрэт №3 замарозілі ды яшчэ кажуць, што сабраныя за «дармаедства» грошы будуць вяртаць.

Што тычыцца сённяшняй сітуацыі, то, прабачце за рэзкасць, але хочацца прынесці наўпрост да Драздоў звычайную труну. І пакласці ў яе саламяныя лялькі – такія, як нашы прашчуры рабілі. І напісаць, як калісьці Сталіну пісалі: «Дзякуй, таварыш Лукашэнка, за наша шчаслівае жыццё!»

Каб убачыў, да чаго прывялі 23 гады ягонага кіравання...

Вы згадалі манеўр уладаў з дэкрэтам №3. Верыце ў тое, што дэкрэт канчаткова скасуюць і грошы вернуць?

– Пасля нашых вясновых акцыяў пратэсту ўлады «зачухаліся», зрабілі выгляд, што яны «адкруцілі» назад. Але я заўсёды гаварыла і паўтару: не веру ў чалавечнасць лукашэнкаўскай улады.

Яны ў адным месцы «адпусцяць» – а ў іншым адбяруць. Маса таму прыкладаў: пачалі збіраць падатак з ахвяраў Халакосту, пагражаюць абкласці «падаткам на раскошу» ўладальнікаў прыватных дамоў...

Таму што краіну штарміць ад эканамічнага калапсу і «скарбонку» сям'і Лукашэнкі падатковая будзе папаўняць.

Таму я прапаную выйсці да Міністэрства падаткаў і збораў з плакатамі, дзе былі б намаляваныя прыжыццёвыя «маўзалеі» (дамамі і рэзідэнцыямі я гэта і не назаву) Лукашэнкі і ягоных чыноўнікаў, і патрабаваць: канфіскуйце гэтыя «маўзалеі», пашукайце грошы там. А найлепш – проста перадайце іх на патрэбы беларускіх дзяцей, пакуль сам абураны народ гэтага не зрабіў. Таму што сітуацыя ўжо падобная на Румынію напярэдадні іх рэвалюцыі, а Лукашэнку час назвацца Лукашэску.