28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Куды насамрэч пайшлі грошы з «дармаедаў»

47
Куды насамрэч пайшлі грошы з «дармаедаў»

Накіраваннем грошай на дзяцей тут і не пахне.

У сакавіку Лукашэнка абяцае, што ўсе грошы, якія былі сабраныя праз «дэкрэт аб дармаедах», павінны застацца ў раённых бюджэтах і быць накіраванымі выключна на дзяцей. А кожны кіраўнік раёна на сесіі раённых і гарадскіх саветаў павінен даць справаздачу з нагоды гэтых грошай.

На мінулым тыдні намесніца міністра ў падатках і зборах Святлана Шаўчэнка паведаміла, што падатковыя пачалі вяртаць грошы «дармаедаў». Праўда, у падатковых пра гэта не ведаюць. А ці сапраўды грошы ад падатку ідуць на дзяцей? Вось якія адказы «Еўрарадыё» атрымала ў раёнах.

Крупскі выканкам, Юлія Камарова, намесніца кіраўніка ў эканоміцы:

«У нашым раёне 87 чалавек заплацілі збор, атрымалася блізу 23 тысячаў рублёў. Усе павінны былі накіравацца на школы, таму што праходзяць паводле сацыяльнага артыкула бюджэту. Але мы пакуль іх нікуды не трацілі, таму што цяпер жа высветлілася, што іх трэба будзе вяртаць тым, хто працаўладкаваўся ў 2017 годзе. Цяпер у нас быццам бы ў падатковай ляжыць адна заява на зварот грошай, але мы пакуль не можам на яе адказаць, таму што ў нас няма інструкцыі, як гэта вяртаць, на падставе чаго».

Смаргонскі райвыканкам, Генадзь Харужы, кіраўнік выканкама:

«У нас у раёне Дэкрэт зусім не шмат чалавек закрануў, дзесьці пяць чалавек, больш-менш добрая абстаноўка. А тут яшчэ літаральна тыдзень таму навіна пра вяртанне гэтых грошай, і нашы спецыялісты цяпер працуюць над гэтым».

Жлобінскі райвыканкам, Аляксандр Макееў, кіраўнік аддзела фінансаў:

«Агульная сума збораў у Жлобінскім раёне – 98 тысячаў рублёў. Але рэч у тым, што на дзяцей гэтыя грошы не пойдуць. Выйшаў ж новы дакумент, дзе гэтыя грошы трэба вярнуць (на самай справе, ніякага дакумента пакуль няма, – заўв.). Тыя грошы, што мы атрымалі ад людзей, пайшлі ў бюджэт і былі размеркаваныя на фінансаванне выдаткаў, яны ж там змешваюцца, і таму пайшлі на фінансаванне аховы здароўя, адукацыі. А так, канкрэтна на нешта адно яны не ішлі».

Брэсцкі выканкам, Ігар Лабада, кіраўнік аддзела эканомікі:

«Я не маю інфармацыі пра сабраныя грошы. А нават калі б яна ў мяне і была, я вам усё адно не сказаў бы».

У Менскім, Гомельскім, Ашмянскім раёнах нават не ведаюць пра ўказанні Лукашэнкі накіраваць грошы «дармаедаў» дзецям: «Тэлефануйце ў падатковую, мы гэтым не займаемся і нічога пра гэта не ведаем».

Падатак на «дармаедства» заплацілі 51,6 тысячы чалавек. Усяго бюджэт атрымаў ад «дармаедаў» ужо 15,6 мільёна рублёў. Абвесткі на выплату збору атрымалі больш за 470 тысячаў чалавек.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках