23 красавiка 2024, aўторак, 16:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіроўца аўтобуса высадзіў у моцны дождж менчука з роварам

84
Кіроўца аўтобуса высадзіў у моцны дождж менчука з роварам

Разам з ім з транспарту таксама выйшла ягоная сястра, якая везла гадавалае дзіця ў дзіцячым вазочку.

Кіроўца аўтобуса ў дождж высадзіў менчука, які зайшоў у салон з роварам. Разам з ім з транспарту таксама выйшла ягоная сястра, якая везла гадавалае дзіця ў дзіцячым вазочку. У аўтапарку тлумачаць: такія правілы перавозак.

– Я ўпершыню сутыкнуўся з такой сітуацыяй. Нельга сказаць, што заўсёды перавожу ровар у грамадскім транспарце, але гэта была экстраная сітуацыя, – распавядае tut.by мянчук Арцём. – 11 ліпеня ў 21.35 мы зайшлі ў аўтобус № 70 на прыпынку «Пераходная». Пачыналася навальніца, дождж, надвор'е было не самае ўдалае, пастанавілі пад'ехаць. Я быў з роварам, сястра з трыма дзецьмі: малодшаму адзін год, старэйшаму – 7. Гадавалае дзяця сядзела ў дзіцячым вазочку. Не паспелі зайсці ў салон, як кіроўца сказаў: «Выйдзі». На пытанне «чаму?» сказаў, што мы займаем «занадта шмат месца ў салоне». Дык там было чалавек 5-6, шмат свабодных месцаў, мы нікому не заміналі. Так, я палаяўся з кіроўцам, і мы выйшлі.

Арцём кажа, што яны «трохі прамоклі», праз 15 хвілінаў прыйшоў іншы аўтобус № 70, і яны без праблемаў даехалі дадому.

– Скажыце, гэта з якога часу ў нас нельга перавозіць ровар? І як кіроўца мог выставіць нас з дзецьмі на вуліцу ў такую непагадзь? – абураецца Арцём.

Малады чалавек запісаў нумар аўтобуса, час, запомніў кіроўцу, праўда, са скаргай у аўтобусны парк не звяртаўся. У аўтобусным парку № 6, якому належыць аўтобус № 70, звяртаюць на гэта ўвагу: пра якую праверку можа ісці гаворка, калі пасажыр афіцыйна да іх не звяртаўся. Аднак у дзеяннях кіроўцы не бачаць ніякага парушэння.

– Ён правільна ўсё зрабіў. Паводле правілаў пасажырскіх перавозак з буйнагабарытным прадметам нельга заходзіць у салон. Уявіце, вы едзеце ў чыстай куртцы, а нехта запэцквае яе роварам. Што далей? Правілы забараняюць перавозіць і ровары, і дзіцячыя вазочкі, – каментуе Вячаслаў Фёдаравіч, кіраўнік аддзела перавозак аўтобуснага парка № 6.

Спецыяліст адзначае: чыста па-чалавечы кіроўца можа пусціць у салон маму з дзіцячым вазком і нават раварыста, калі пасажыраў мала і яны нікому не перашкаджаюць. Што тычыцца гісторыі з Арцёмам, то верыць толькі словам маладога чалавека ў аўтапарку не могуць.

– Дзе фота, што ў салоне было 6 чалавек? Паводле правілаў ровар і дзіцячы вазок можна перавозіць толькі ў сабраным выглядзе, – удакладняе Вячаслаў Фёдаравіч.

Паводле ягоных словаў, правіла не датычыцца толькі вазка-кія, які займае мала месца і не называецца буйнагабарытным прадметам.

Аднак, у «Дамове перавозкі пасажыраў камунальным пасажырскім транспартам» Менсктрансу сказана інакш: пасажыр можа бясплатна правозіць інвалідны вазок, лыжы, вуду, стрэльбу ў чахле, дробны садовы інвентар, памеры якіх у суме вымярэнняў даўжыні, шырыні і вышыні не перавышаюць 200 сантыметраў, дзіцячы ровар, санкі і вазок.

Чытач Арцём даслаў у рэдакцыю відэа, на якім зафіксаваны нумар аўтобуса, а таксама скрыншот, у які дзень і а якой гадзіне была зробленая здымка. У аўтапарку № 6 паспрабавалі знайсці кіроўцу № 70, каб пачуць гісторыю з першых вуснаў, але не змаглі.

– GPS паказвае, гэты аўтобус стаяў у парку. На лінію ён выехаў толькі а 5-й 12 ліпеня, – адказалі ў аўтапарку.

Напісаць каментар 84

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках