28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Рух маці-328» прыстрашыў Шуневіча мітынгамі

32
«Рух маці-328» прыстрашыў Шуневіча мітынгамі
Архіўныя фота «ЕЎРАРАДЫЁ»

Дэкрэт № 6 быў накіраваны супраць буйных верхаводаў наркабізнэсу, але ў выніку сядзяць простыя спажыўцы.

12 ліпеня міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч прыняў прадстаўнікоў «Руху маці-328». Гэтая арганізацыя дагэтуль, нягледзячы на зробленыя спробы, не зарэгістраваная ў Беларусі. Гэта адразу адзначыў міністр і прапанаваў задаваць пытанні ў сутнасці і весці дыялог не ў негатыўным, а ў канструктыўным ключы, піша «Беларускі дакументацыйны цэнтр».

Ён таксама адзначыў, што папярэдне былі вывучаныя асобы ўсіх удзельнікаў руху, і папярэдзіў пра непажаданасць перарастання яго ў палітычны рух ці партыю. Сустрэча доўжылася гадзіну, і за гэты час маці змаглі абмеркаваць з міністрам некаторыя найважнейшыя праблемы, звязаныя з «народным» артыкулам 328 – «Незаконны зварот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў...».

Лідарка ініцыятыўнай групы стварэння СПГА «Рух маці 328» Ларыса Жыгар, адзначыла, што ў сваім інтэрв'ю беларускаму тэлебачанню Шуневіч прызнаў, што ўспышку сінтэтычных наркотыкаў празявала само МУС. Доўгі час розныя курыльныя сумесі прадаваліся легальна, што дазволіла сфармаваць залежнасць ад іх у вялікай колькасці моладзі. Потым у адно імгненне, калі здарыліся смяротныя зыходы, гэты гандаль быў забаронены, а вось пазбавіцца ад вельмі цяжкай залежнасці ў адно імгненне нельга.

Дэкрэт № 6 быў накіраваны супраць буйных верхаводаў наркабізнэсу, але ў выніку сядзяць простыя спажыўцы. І хоць тэрміны прадугледжаныя велізарныя, гандаль наркотыкамі як доўжыўся, так і доўжыцца. Напрыклад, амаль адкрыта гандаль ідзе ў інтэрнэце, і вядомыя банкаўскія рахункі, на якія пераводзяцца грошы, але МУС на гэта ніяк не рэагуе. Калі маці звяртаюцца са сваімі праблемамі да чыноўнікаў (было адзначана, што імі было накіравана ўжо блізу 12 зваротаў у розныя высокія інстанцыі) ім распавядаюць пра тое, што ў іншых краінах пакаранне яшчэ больш жорсткае, маўляў, у Кітаі, увогуле прадугледжанае пакаранне смерцю...

На гэта І. Шуневіч сказаў, што ён арыентуецца толькі на беларускае заканадаўства, і ўсе ягоныя парушальнікі павінны сядзець у турме, а таксама што гандаль наркотыкамі існаваў і будзе існаваць. І прапанаваў гаварыць пра канкрэтныя праблемы, а не шукаць адказы на рытарычныя пытанні. Ён таксама адзначыў, што не можа развязваць пытанні пра прысуды, што гэта знаходзіцца ў кампетэнцыі пракурора або Вярхоўнага суда.

Ларыса Жыгар закранула шэраг актуальных пытанняў пра варункі адбыцця пакарання, сярод іншага тое, што ў Беларусі практычна не ўжываецца амністыя ці ўмоўна-датэрміновае вызваленне (УДВ) або замена пакарання на больш лёгкае, хаця ўсё гэта прадугледжана заканадаўствам. Кіраўнікі калоніяў не жадаюць браць на сябе адказнасць і часта УДВ прапаноўваюць за некалькі месяцаў, а вядомы выпадак, калі зняволенаму прапанавалі УДВ за 2 дні да вызвалення. У выніку паводле статыстыкі УДВ як бы існуе для ўсіх, а ў рэальным жыцці яно ўжываецца да забойцаў і гвалтаўнікоў, а да асуджаных паводле ч. 3 арт. 328 – не.

Таксама было закранутае пытанне пра абутак для зняволеных – чаму ім дазваляецца мець усяго адну пару абутку (чаравікі), вельмі гарачую для лета, і забароненыя туфлі. Таксама абмяркоўваліся ўмовы атрымання медыцынскай дапамогі і медыцынскіх бандэроляў, сярод іншага вітамінаў, бо харчаванне ў калоніях вельмі дрэннае. Паабяцаў міністр разабрацца і з пытаннем утрымання ў спецыялізаваных калоніях асуджаных паводле іншых артыкулаў.

Ларыса Жыгар адзначыла, што сітуацыя з пакараннем дзяцей паводле артыкула 328 настройвае іх блізкіх, а гэта вельмі вялікая частка грамадства, радыкальна, людзі гатовыя выходзіць на мітынгі і пікеты. Маці гатовыя праводзіць супольныя акцыі з Міністэрствам аховы здароўя і іншымі зацікаўленымі структурамі. На гэта міністр папярэдзіў, што ўсе ўдзельнікі несанкцыянаваных акцыяў будуць пакараныя, а калі маці ўдасца атрымаць дазвол, то міліцыя будзе іх ахоўваць.

Таксама Шуневіч, закранаючы магчымыя змены заканадаўства, адзначыў, што ў найбліжэйшы час не чакаецца ніякіх сур'ёзных зменаў, акрамя магчымага размежавання ў вазе наркатычных рэчываў і палягчэння пакарання для няпоўнагадовых.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках