19 красавiка 2024, Пятніца, 20:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Хашчавацкі: Чакаем падаткаў на паветра

71
Юрый Хашчавацкі: Чакаем падаткаў на паветра
ІЛЮСТРАЦЫЯ: ЯЎГЕН КРАН

Лукашэнка капае траншэю да кішэні кожнага беларуса.

Учора, 15 ліпеня, увайшоў у дзеянне новы закон аб дэклараванні даходаў фізічнымі асобамі, то бок самымі звычайнымі грамадзянамі нашай краіны.

Цяпер падаткавікі ўжо змогуць патрабаваць у кожнага беларуса дэкларацыю хоць штомесяц, прычым з пацвярджэннем даходаў за апошнія 10 гадоў. Пацвердзіць свае даходы трэба будзе на працягу месяца, а дэкларацыю падаць – на працягу 10 дзён пасля атрымання запыту.

Што азначае чарговая «ініцыятыва» улад – сайт Charter97.org пацікавіўся ў вядомага беларускага кінарэжысёра Юрыя Хашчавацкага.

- Навошта ўсё-ткі падатковай спатрэбілася так часта зазіраць у кішэню беларусаў, ды яшчэ і за апошнія 10 гадоў?

- Гэты закон – цалкам у рэчышчы дзяржаўнай палітыкі нашага нязменнага «старшыні калгаса». Усё адбываецца так, як і мелася здарыцца.

Усё рухаецца па тым рэчышчы, якое было выкапанае ў нашым вялікім калгасе. У калгасе, дзе ўжо зусім няма грошай. І цяпер гэта «рэчышча» месцамі ператвараецца ў каналізацыю. Замест вялікага, светлага канала ў будучыню ўлады капаюць траншэю да кішэні кожнага беларуса.

Дзіва што! Бо ім цяпер катастрафічна бракуе грошай. З кітайскімі інвестыцыямі ўзніклі праблемы. Расея ўжо не дае столькі, колькі хацелася б. МВФ намагае рэформаў, якія могуць прычыніцца да падзення ўлады Лукашэнкі.

Бо ўмовы, якія прапануе МВФ, вядуць да свабоды прадпрымальніцтва і наогул да грамадзянскіх свабод. Калі гэтыя рэформы правесці – галоўным у краіне стане не дзяцюк з дубінкай, а той чалавек, які можа пракарміць сябе і сваю сям'ю, арганізаваць справу і працоўныя месцы для іншых людзей.

Тыя, хто чытаў «1984» Джорджа Оруэла, памятаюць, як там улада абыходзілася з «проламі». Іх трэба было трымаць у няведанні, галечы, без адукацыі – гэта значыць, паніжаць узровень грамадства, чым і займаецца рэжым Лукашэнкі. Але пры гэтым грошай уладам ужо не стае на саміх сябе, дарагіх. Ужо 17-ю рэзідэнцыю пабудавалі, а 18-ю будаваць няма за што! Значыць, выйсце адно: падаткі, падаткі і яшчэ раз падаткі.

Самае смешнае ў гэтай сітуацыі тое, што новыя падаткі не акупяць тых выдаткаў, якія ўлады кінуць на іх збіранне. Вось і выходзіць, што і новы падатковы закон – гэта ўсё той жа цырк. Усё гэта вельмі неразумна, злеплена па-калгаснаму, па-ідыёцку. Як мы трапілі ў суцэльны ідыятызм з нашым «старшынём калгаса», так і жывем у ім далей. Чаму тут здзіўляцца?

- На што яшчэ, на Вашу думку, стане фантазіі ва ўлады? Якія яшчэ выбрыкі яна здольная зрабіць, прыдумляючы метады папоўніць свае засекі?

- О, тут прастора для фантазіі велізарная! Напрыклад, могуць увесці падатак за карыстанне ўнітазамі, якія цяпер сталі настолькі дарагія для ўлады, што ўдзельнічаюць у дзяржаўных парадах.

Але і тут выходзіць замкнёнае кола: чым больш улады ўвядуць падаткаў на каналізацыю, тым менш людзі стануць есці, каб радзей ёю карыстацца. Разумееце, ва ўлады цяпер акрутная сітуацыя.

Гэты напаўжартоўны прыклад з унітазамі вельмі добра дэманструе агульную тэндэнцыю: заціскаючы падаткамі людзей, Лукашэнка дамагаецца ўсеагульнай беднасці і гэта ў сваю чаргу ператварае яго ў жабрака. Што яшчэ браць у шмаразова абабраных людзей? Толькі ўвесці падатак на паветра застаецца ў выніку.

На што яшчэ? На тое, што сядзіш і гаворыш. На тое, што ляжыш і думаеш. На тое, што можаш сустрэцца з сябрамі на вуліцы . На ўсё гэта ўлады могуць прыдумаць падатак. Ды ўжо і ўводзяць паволі. Бо, каб сабрацца на вуліцы, у нас у краіне трэба заплаціць міліцыі за «ахову акцыі».

Улада, як клептаман, не можа не лезці ў нашу кішэню. Яна не мае іншых метадаў уладарыць, акрамя рабавання насельніцтва. Раней хоць Расея давала Лукашэнку падачкі. Хоць гэта былі нават не падачкі, а свайго кшталту плата за спусташэнне Беларусі, гібрыдная выведка перад правядзеннем вайсковых вучэнняў «Захад-2017».

Гэта была з боку Расеі 20-гадовае «ўгнойванне глебы» для таго, каб з'есці Беларусь. Лукашэнка з велізарным задавальненнем браў гэтыя падачкі, жыў на іх, знішчаючы наўзамен усё жывое і нацыянальнае ў нашай краіне. А цяпер ён знаходзіцца ў поўным жаху: дзе ўзяць грошы? Вось і вычвараецца ў прыдумлянні новых падаткаў.

- Але калі, як Вы сказалі, улада таксама залежная ад гэтых падаткаў, нічога больш не ўмее рабіць – можа, ёсць нейкі метад, каб выкарыстоўваць іх як яе слабае месца? Байкатаваць ці нешта накшталт гэтага?

- Беларусы самі сабой – народ партызанскі. І неўзабаве гэты партызанскі характар адчуецца. Больш чым упэўнены, што нашы людзі ўжо ўсё зразумелі і будуць рабіць усё магчымае, каб максімальна байкатаваць падаткі і нічога не плаціць паводле новых «лістоў шчасця».

Гэта, вядома, няблага, але ў выніку мала што дасць. Трэба тлумачыць людзям, што рэч зусім не ў падатках, што далей будзе яшчэ горш.

Бо чаму ўлада так расперазалася апошнім часам? Таму што, правёўшы чарговыя незаконныя «выбары», Лукашэнка ўсё ператварыў у свае рэпрэсіўныя структуры. Падатковая інспекцыя – гэта таксама цяпер рэпрэсіўнвая структура, якая распрацоўвае і праводзіць карныя аперацыі супраць беларусаў. Улада проста «ачмурэла» канчаткова. І людзі павінны гэта зразумець і супрацьстаяць гэтай уладзе не толькі ў канкрэтных выпадках, а ў цэлым.

А супрацьстаяць трэба ўсеагульным байкотам на ўсё: і падаткі не плаціць, і на працу не хадзіць... Вось просты прыклад: студэнта адлічылі за ўдзел у акцыі супраць падатку на «дармаедаў». А калі б усе ягоныя аднакурснікі пасля гэтага, як адзін чалавек, сышлі з заняткаў – вы думаеце, кіраўніцтва ўніверсітэта ім штосьці зрабіла б? Ды не! Яно тут жа б падцяла хвост.

Самае важнае: мы павінны навучыцца адзін аднаго абараняць. Разумець адну простую праўду: абараняючы адзін аднаго – мы баронім саміх сябе. Ёсць праблемы ў прадпрымальнікаў – трэба ўставаць на абарону прадпрымальнікаў. Калі рабочыя выйшлі на страйк праз тое, што працуюць 48 хвілін на дзень – мы таксама маем яго падтрымаць.

Вось цяпер кожны беларус павінен азірнуцца назад і падумаць: калі я дапамагу камусьці цяпер, а потым нехта дапаможа мне – то разам мы зможам дапамагчы адно аднаму. Разам мы зможам спыніць гэты калгасны жах, які вакол нас чаўпецца.

Напісаць каментар 71

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках