29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вакалістка з Беларусі атрымала Гран-пры конкурсу ў Італіі

1
Вакалістка з Беларусі атрымала Гран-пры конкурсу ў Італіі
ГАННА МІКІЦІЧ

Ганна Мікіціч перамагла на конкурсе вакальнага і інструментальнага майстэрства «Крылы талентаў» у горадзе Рыміні.

Беларуска Ганна Мікіціч перамагла на конкурсе вакальнага і інструментальнага майстэрства «Крылы талентаў» у горадзе Рыміні (Італія), які стаў часткай міжнароднага фестывалю дзяцей і моладзі «Рэгата талентаў». Пра гэта БелТА паведамілі педагогі выканаўцы Канстанцін Драпеза і Аляксандра Кірсанава, удзельнікі вядомага беларускага дуэта Аляксандра і Канстанцін, першыя прадстаўнікі Беларусі на міжнародным конкурсе песні «Еўравізія».

Музыкі былі запрошаныя ў якасці хэдлайнераў фестывалю з сольным выступам. Разам з артыстамі ў Італію прыехалі і іхнія выхаванцы для ўдзелу ў конкурсе. Ганна Мікіціч з горада Івацэвічы стала ўладальніцай Гран-пры конкурсу вакалістаў.

Ганна Мікіціч пазнаёмілася з Аляксандрай і Канстанцінам на рэспубліканскім конкурсе «Новыя імёны Беларусі», арганізаваным Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі ў 2016 годзе. Музыкі сталі куратарамі і прадусарамі Ганны. Юная выканаўца мяркуе, што ўдзел у конкурсе ў Італіі выдатная магчымасць паказаць свае вакальныя дадзеныя за межамі роднай краіны. Яе выкананне песні I will always love you з рэпертуару Уітні Х'юстан міжнароднае журы ацаніла гэтак высока, што прысудзіла галоўную ўзнагароду творчага спаборніцтва.

А навучэнцы Сеніцкай сярэдняй школы імя Я.Купалы Паліна Карніцкая і Настасся Краўчанка падзялілі другое месца.

Акрамя таго, у інструментальным жанры першае месца дасталася вучню гімназіі №16 Менска Максіму Захарынскаму, а другое – гурту «Ледзяшы» ў складзе Алісы і Лізаветы Носік з Сеніцкай сярэдняй школы.

Дзеці ўжо некалькі гадоў займаюцца ў зорных педагогаў. Для некаторых з іх гэта было першае выступленне на міжнароднай сцэне, іншыя ўжо станавіліся пераможцамі розных конкурсаў.

У харэаграфічным жанры Беларусь прэзентаваў заслужаны аматарскі калектыў ансамбль танца «Дружба» з горада Гомеля, які таксама быў уганараваны высокімі ўзнагародамі.

Гала-канцэрт і ўзнагароджанне лаўрэатаў праходзіла на вялікай сцэне пад адкрытым небам у мурах старадаўняга замка XV стагоддзя Кастэль Сісмонда. Італьянскія слухачы з вялікай цеплынёй і ўвагай прымалі беларускіх выканаўцаў.

Міжнародны фестываль «Рэгата талентаў» за 5 гадоў ягонага правядзення прыняў удзельнікаў з дзевяці краінаў свету.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках