25 красавiка 2024, Чацвер, 4:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гістарычныя клубы ажывілі Гародню часоў Стэфана Баторыя

1
Гістарычныя клубы ажывілі Гародню часоў Стэфана Баторыя
ФОТА: VGR.BY

Гістарычная рэканструкцыя з гусарамі, татарамі і вікінгамі прайшла каля муроў Старога замка.

Гістарычныя клубы з Польшчы ажывілі Гародню часоў Стэфана Баторыя ў суботу, 15 ліпеня. Воіны інсцэнізавалі бітвы на шаблях, паходную кузню, ваенныя нарады і правялі паказальны бой, паведамляе vgr.by.

У замку ажыла гісторыя

Так супала, што сёння адзначаецца 607-я гадавіна бітвы пад Грунвальдам – самай значнай бітвы ў гісторыі ВКЛ. На некалькі гадзінаў паляна каля Новага замка ператварылася ў сярэднявечны гарадок, перанёсшы гарадзенцаў на некалькі стагоддзяў таму.

На самым сонцы стаялі дзве палаткі – паходныя кузні вікінгаў і славянаў. Побач на вогнішчы варылася поліўка ў кацялку. Вікінгі – маладыя хлопцы і дзяўчына, апранутыя ў простыя строі з ільну, расказвалі гледачам пра кавальскую справу.

Па паляне шпацыравалі гусары з шаблямі, у шапках з пер'ем і ў чырвоных ботах. Іхнія яркія строі былі аздобленыя мехам, парчой і каштоўнымі металамі. Некаторыя воі былі цалкам узброеныя і апранутыя ў латы – гэта татары. Іхнія строі ўражвалі: футра і плашчы да зямлі, боты з металічнымі спражкамі, даспехі, аздобленыя медальёнамі і камянямі. Амаль усе мужчыны з бародамі – усё паводле канону.

Шпацыруючы сярод герояў «залатога стагоддзя», лёгка было паверыць, што ўсё па-сапраўднаму, а зусім не рэканструкцыя. У цені пад дубам паставілі стол, на якім ляжала мапа і стаялі кубкі з віном. Князі расселіся на лавах, побач прынеслі дзве дамы ў чырвоных сукенках з аксаміту – такую сцэну аматары серыялаў дакладна бачылі ў «Гульні пасадаў», але там яна была менш маляўнічай.

Дзеці змагаліся на шпагах, а героі распавядалі пра строі

Візіт клуба рэканструктараў стаў магчымы дзякуючы супрацоўніцтву палякаў з кіраўніцтвам гісторыка-археалагічнага музея. Арганізатар гістарычнага клуба гусар Барташ Седляр распавёў, што на гэты раз у Гародню прыехалі 30 удзельнікаў. Гусары з Варшавы, Кракава, Беластока і іншых гарадоў прыязджалі ў Гародню ў снежні 2016 года на гадавіну смерці Стафана Баторыя.

– Адзіная ўмова – нам нельга выходзіць з халоднай зброяй за межы замкаў, – сказаў Барташ.

Для дзяцей знайшоўся свой атракцыён – яны фехтавалі ў ахоўных масках на пластмасавых мячах і шпагах.

Гарадок на паляне жыве сваім жыццём, асобным ад сучаснай Гародні. Тут увесь час чуваць звон металу, гэта гусары ладзяць міні-бітвы на сапраўдных шаблях. Непадалёк вяльможа з сівой барадой грае на скрыпцы, а па тэрыторыі Новага замка бесперапынку ходзяць групы турыстаў з гідамі і вясельныя працэсіі.

Рэмігюш з Беластока распавёў пра свой строй: каштуе блізу 3 тысячаў злотых, а важыць амаль 30 кг. На ім шкура ваўка, але людзі “больш заможныя” ў тыя часы насілі шкуры рысі, тыгра або пантэры. Сваё захапленне мужчына называе «студняй без дна» – можна без канца марнаваць грошы на новыя атрыбуты, вопратку ці зброю.

Наведвальнікі падыходзілі да герояў, прасілі патрымаць шаблю, распытвалі пра строі і месцы, дзе можна знайсці зброю гэтай эпохі ў Польшчы.

Ля муроў Старога замка адбыўся бой

Павольныя гутаркі з героямі перапыніла ваенная нарада перад блізкай бітвай:

– Ну, давайце пастанаўляць, хто будзе золата браць, а хто жанчынаў захопліваць, – жартуюць ваяры.

– Я сваю жонку ніяк прадаць не магу, – падхоплівае жарт іншы.

– Віват! – падымаюцца рукі з кубкамі ўгору, і нарада сканчаецца.

Усе збіраюцца ля моста паміж замкаў, каб паглядзець бітву. Польскія гусары занялі абаронную пазіцыю каля брамы Старога замка. Чуваць крык – па мосце бягуць жанчыны, сярод іх ёсць нават цяжарная.

– Хавайцеся, хавайцеся! – крычаць ім гусары.

Татары з шаблямі ў руках хутка наступаюць з боку Новага замка. На сярэдзіне дарогі сутыкаюцца з гусарамі.

Бой ішоў нядоўга, але ярка і дынамічна. Воіны гучна крычалі, стралялі з лукаў, змагаліся на шаблях і падалі на зямлю ад уяўных раненняў.

Бітва спадабалася гарадзенцам, яны гучна пляскалі рэканструктарам і нават крычалі: «Брава».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках