24 красавiка 2024, Серада, 1:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка — галоўны тормаз

18
Лукашэнка — галоўны тормаз

Сістэма, зладжаная дыктатарам, раскідваецца.

Беларускія рэгіёны зацікаўленыя ў развіцці малога бізнэсу на фоне пагаршэння стану прамысловых прадпрыемстваў. Да такой высновы прыйшлі экспэрты Даследчага цэнтра ІПМ у выніку рэгіянальных кансультацый, праведзеных у рамках KEF (Кастрычніцкага эканамічнага форуму) пры падтрымцы Еўрапейскага Звязу.

Як распавёў у інтэрв'ю Thinktanks.by дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык, першае даследаванне аб канкурэнтаздольнасці рэгіёнаў Беларусі было зроблена ў 2013 годзе – тады экспэрты даследчага цэнта прэзентавалі яго ў міністэрстве эканомікі і абласных цэнтрах краіны і высветлілі, што многія праблемы рэгіёнаў можна было б развязаць на ўзроўні цэнтральнай улады, але для гэтага трэба, каб цэнтральная ўлада як мага часцей чула аб гэтых праблемах.

Роля традыцыйных галін знізілася ў эканоміцы ўсіх рэгіёнаў

Ужо першыя кансультацыі ў рамках KEF з прадстаўнікамі бізнэсу, грамадзянскай супольнасці і мясцовых органаў улады, праведзеныя Даследчым цэнтрам ІПМ супольна з НДЭІ Мінэканомікі і Асацыяцыяй еўрапейскага бізнэсу, далі даволі шмат інфармацыі. Як распавёў экспэрт, «розныя рэгіёны па-рознаму прайшлі крызіс. У Магілёўскай вобласці, напрыклад, падзенне эканомікі назіраецца ўжо чатыры гады, у той час як у астатніх абласцях – толькі два. Прамысловасць Менскай вобласці наогул не была ў рэцэсіі, Берасцейская вобласць таксама нядрэнна сябе адчувала дзякуючы харчовай прамысловасці. На ўзроўні раёнаў адрозненні значна вялікія – ёсць рэгіёны, дзе пагаршэнне эканамічных паказчыкаў пачалося 5 і нават 10 гадоў таму, а ёсць тыя, хто практычна не адчуў крызісу».

Пры гэтым ёсць пэўныя праблемы, якія характэрныя для ўсіх рэгіёнаў. Са слоў Аляксандра Чубрыка, прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны паказалі на тое, што роля многіх традыцыйных галін – машынабудавання, лёгкай, хімічнай прамысловасці – істотна знізілася. Асноўным драйверам росту ў апошнія паўтара года стала харчовая прамысловасць, арыентаваная на расейскі рынак – але сельская гаспадарка, у якую былі ўкладзены велізарныя рэсурсы, не забяспечвае попыту перапрацоўшчыкаў. Праз гэтага паміж раёнамі, а часам і ўнутры іх, ёсць абмежаванні канкурэнцыі – пастаўкі сыравіны на прадпрыемствы рэгіёна-«канкурэнта» даволі жорстка абмяжоўваюцца.

Часам дзеля выканання паказчыкаў нават робяцца спробы перашкаджаць найму работнікаў з іншых раёнаў.

«І гэта не праблемы рэгіёнаў – гэта задачы для цэнтральных органаў кіравання для змены ўмоў, у якіх працуюць мясцовыя ўлады. Сельская гаспадарка дайшла да цяперашняга стану не з-за дзеянняў мясцовых уладаў, а праз рэгуляванне коштаў, сумешчаных з маштабным субсідаваннем – гэтая сістэма наладвжвалася на ўзроўні ўсёй краіны», – кажа Аляксандр Чубрык.

Няхай варункі будуць роўнымі

Практычна ва ўсіх рэгіёнах традыцыйныя галіны прамысловасці страцілі сваю дзель на замежных рынках, а ўнутраны рынак занадта малы. Альтэрнатывай савецкай прамысловасці, што паціху памірае, можа стаць развіццё сферы паслуг, якое пакуль ідзе недастаткова хутка. «Найбольш дынамічная частка сферы паслуг – IT сектар. Ва ўсіх галінах бізнэсоўцы казалі аб тым, што для іх рэгіёну важна яго развіваць, але толькі ў Берасці ёсць свой Парк высокіх тэхналогій. Трэба як мінімум стварыць варункі, каб рэгіёны не так хутка страчвалі, а ў ідэале – не страчвалі наогул, найбольш кваліфікаваных спецыялістаў. Без гэтага разлічваць на прыход хоць крыху значных інвестараў не даводзіцца», – распавёў Аляксандр Чубрык.

Ужо дзесяць гадоў прамысловыя гіганты скарачаюць занятасць, і адзіны спосаб развязання гэтай праблемы – развіццё малога і мікра бізнэсу. У 2007-2013 гадах менавіта мікра і малыя прадпрыемствы абсарбавалі большую частку людзей, якія сышлі з сектара дзяржпрадпрыемстваў. Але на сённяшні дзень існуюць бар'еры, якія гэтаму перашкаджаюць. Ва ўсіх абласцях бізнэсоўцы паказалі на тое, што няроўнасць варункаў у параўнанні з замежнымі інвестарамі і дзяржпрадпрыемствамі перашкаджае развіццю бізнэсу.

«Ва ўсіх рэгіёнах прадпрымальнікі кажуць – або дайце нам льготы, альбо не давайце льгот замежным кампаніям. Хай варункі будуць роўнымі. І гэта патрабаванне цалкам заканамернае: мясцовыя прадпрымальнікі жывуць там, яны больш за іншых зацікаўленыя ў развіцці гэтых тэрыторый», – выказаў меркаванне Аляксандр Чубрык.

Яшчэ адна праблема, аб якой аднагалосна выказаліся прадстаўнікі ўсіх беларускіх рэгіёнаў, – гэта абмежаваныя фінансавыя магчымасці мясцовых улад для развіцця інфраструктуры. «Напрыклад, для рэалізацыі праекта неабходная новая чыгуначная лінія, і ўсё ўпіраецца ў тое, што ў абласцях - а тым больш раёнах - няма грошай на яе будаўніцтва. Ці неабходна падвядзенне камунікацый. Нават для малога бізнэсу патрэбна інфраструктура. І калі ў мясцовых бюджэтаў няма магчымасці фінансавання або хоць бы супольнага фінансавання ў рамках дзяржаўна-прыватнага партнёрства такіх інвестыцыйных выдаткаў, многія магчымасці для развіцця страчваюцца», – адзначыў Аляксандр Чубрык.

Агулам па выніках кансультацый, праведзеных у пяці абласных цэнтрах краіны, экспэрты прыйшлі да высновы, што патрэба ў развіцці прыватнага бізнэсу ў рэгіёнах адчуваецца значна больш, чым на ўзроўні Менска. «Рэгіёнам трэба развязваць лакальныя праблемы, што ва ўмовах стагнацыі прамысловасці становіцца ўсё складаней. І развіццё прыватнага прадпрымальніцтва становіцца выхадам – без яго адрозненні ва ўзроўні развіцця рэгіёнаў будуць станавіцца ўсё большымі і большымі», – рэзюмаваў экспэрт.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках