Амбасада Украіны накіравала ў МЗС Беларусі ноту пратэсту
12- 17.07.2017, 10:41
- 12,195

Украіна пратэстуе супраць магчымага паказу прапагандысцкага фільма пра Крым.
Пасольства Украіны ў Беларусі пратэстуе супраць магчымага паказу ў кінатэатрах расейскага прапагандысцкага фільма «Крым. З любімымі не расставайцеся». У Міністэрства замежных спраў накіраваная адпаведная нота ў сувязі з дэманстрацыяй у кінатэатрах трэйлера гэтага фільма.
У трэйлеры, якія пачалі круціць у менскіх кінатэатрах, гаворыцца, што драма «заснаваная на рэальных падзеях» на фоне «вяртання» паўвыспы «ў родную гавань». Прэм'ера запланаваная на сярэдзіну жніўня, стужка знятая на сродкі расейскага ўрадавага «Фонду кіно» рэжысёрам і тэлевядоўцам Аляксеем Піманавым.
Тым часам першы намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства «Кінавідэапракат» Андрэй Разжавайкін у каментары «Свабодзе» запэўніў, што «Крым» на вялікіх экранах дэманстравацца не будзе:
«Магу запэўніць, што ў нас гэты фільм да паказу ў кінатэатрах не планаваўся. Наколькі ведаю, там прэм'ера перанесеная са жніўня на верасень, але ў кожным выпадку мы не можам паказваць усе кінастужкі, якія выходзяць у Расейскай Федэрацыі. Яшчэ раз паўтараю: у нас «Крым» да паказу не планаваўся, яго не было нават у перспектыўных планах. І не будзе...»