24 красавiка 2024, Серада, 11:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзе захоўваць адкіды з БелАЭС, або Гульня ў расейскую рулетку

7
Дзе захоўваць адкіды з БелАЭС, або Гульня ў расейскую рулетку

Экспэрты мяркуюць, што ўлады хаваюць комплекс праблем, якія ўзнікнуць у сувязі з будаўніцтвам ядзернага могільніка.

Дыскусіі аб першай беларускай АЭС, якая будуецца ў Астраўцы, усчаліся з новай сілай пасля таго, як на сайце Мінэнэрга Беларусі на мінулым тыдні з'явілася паведамленне аб «распрацоўцы канцэптуальнага праекта пункта для захавання радыеактыўных адкідаў». У ім адзначаецца, што «збудаванне прадухіліць іх магчымы негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе».

Між тым апытаныя «Нямецкай хваляй» экспэрты папярэджваюць, што ўлады ў Менску хаваюць цэлы комплекс праблем, якія ўзнікнуць у сувязі з будаўніцтвам ядзернага могільніка. На думку спецыялістаў, грамадства павінна ведаць, колькі каштавацьме сховішча радыеактыўных адкідаў, як яго пабудова адаб'ецца на экалогіі і здароўі людзей, а таксама куды будзе накіраванае адпрацаванае ядзернае паліва з БелАЭС.

Праблема развязаная... на паперы

Ядзернае паліва на пляцоўку ў Астравец завязуць ўжо ў другім паўгоддзі 2018 года, паведаміў 13 ліпеня «Росатомнадзор». Першы энэргаблок будаванай паводле праекту Расатама АЭС у Астраўцы плануецца ўвесці ў дзеянне ў 2019 годзе, другі - у 2020-м. Згодна з «Стратэгіяй абыходжання з радыеактыўнымі адкідамі БелАЭС», зацверджанай два гады таму урадам Беларусі, прагназуецца, што на працягу ўсяго тэрміну эксплуатацыі станцыі (60 гадоў) утворыцца блізу 10 тысяч кубамэтраў радыеактыўных адкідаў розных катэгорый.

Мінэнэрга паведаміла аб цэлым шэрагу захадаў, зробленых для павышэння бяспекі. Распрацаваныя «праграмы для разліку міграцыі радыенуклідаў з сістэмы захавання ў геасфэру», знойдзеныя тэхнічныя развязкі для ачысткі і ізаляцыі ад навакольнага асяроддзя, «прапанаваныя метады ачысткі вадкіх адкідаў з выкарыстаннем прыроднай сыравіны і матэрыялаў айчыннага вырабу» і «прааналізаваныя варыянты абыходжання з высокаактыўнымі адкідамі, якія ўтвараюцца ў выніку перапрацоўкі ў Расеі адпрацаванага ядзернага паліва».

Аднак незалежныя спецыялісты аптымізму улады не падзяляюць. У гутарцы з журналістамі яны зазначылі, што гэтыя заявы - толькі дэкларацыя аб намерах. «Вядома, добра, што пытанне бяспекі мы абмяркоўваем да таго, як рэактары БелаАЭС пачалі вырабляць адкіды. Але пакуль мы бачым спробу развязаць усе праблемы на паперы», - адзначае экспэрт Расейскага сацыяльна-экалагічнага Саюза, інжынер-фізік Андрэй Ажароўскі. І дадае, што нідзе яшчэ не знойдзена гарантаванай абароны здароўя людзей і навакольнага асяроддзя на ўвесь тэрмін захоўвання (а гэта могуць быць сотні гадоў) радыеактыўных адкідаў.

Бяспечных ядзерных магільнікаў не бывае

Радыеактыўныя адкіды (РАТ) - сярэдне-, нізка - і высокаактыўныя, цвёрдыя або вадкія - гэта тое, што падлягае захаванню. А адпрацаванае ядзернае паліва (АЯП) пасля 5-гадовай вытрымкі ў спецыяльных басейнах або можа быць вывезенае ў Расею для здабывання з яго ўрану і плутонію, альбо захаванае на месцы з значна больш высокімі выдаткамі на бяспеку.

Адказны сакратар грамадскай экалагічнай экспэртызы праекта Беларускай АЭС Таццяна Новікава спасылаецца на досвед найбольшых ядзерных дзяржаў, дзе «навукоўцы спрабуюць знізіць рызыкі захоўвання адкідаў з радыенуклідамі, аднак ад аварыйных сітуацый ніхто не мае засцярогі». СМІ не раз паведамлялі аб розных інцыдэнтах, звязаных з імі.

Напрыклад, у ЗША былі зафіксаваныя радыяцыйныя выцекі ў глыбокіх падземных могільніках. У Обнінску, дзе працавала першая ў свеце атамная станцыя, радыеактыўныя адкіды знаходзяцца ў сховішчах з працёкамі. СМІ пісалі, як некалькі гадоў таму ў нямецкім горадзе Асе грунтавыя воды затапілі дзясяткі тысяч бочак з закладзенымі ў бетон слаба - і сярэднерадыеактыўнымі адкідамі. У Швэцыі прызнана ненадзейным захоўванне АЯП у медных капсулах, якія трэба было рабіць таўшчынёй некалькі мэтраў для гарантаванага супраціву карозіі.

«Гэта зусім не значыць, што сховішча ў Беларусі абавязкова будзе працякаць, але для БелАЭС - палітычнага праекту Масквы, гэтая сітуацыя - накшталт расейскай рулеткі. Бо тут будзе складана знайсці прымальную геалагічную фармацыю для захавання такіх адкідаў», - падкрэсліў Андрэй Ажароўскі. Аднак, мяркуючы з рапарту Мінэнэрга, у Беларусі ўжо развязалі праблемы, над якімі беспаспяхова б'ецца навуковая думка ўсяго свету, іранізуе Таццяна Новікава.

Чаго не кажа ўлада

Беларусаў запэўніваюць, што ўсё ядзернае смецце будзе захоўвацца на тэрыторыі АЭС да 10 гадоў. Затым адкіды будуць перамешчаныя ў спецыяльны пункт захавання. «Але, па-першае, мы не ведаем, паводле якіх крытэраў будзе вызначанае месца для могільніка, і якія кантэйнеры будуць вырабленыя для іх захоўвання», - заўважае Андрэй Ажароўскі. Па-другое, невядома, што будзе далей з АЯП. Ці застанецца яно на вечным захоўванні ў Беларусі альбо яго ўсё ж вывезуць, як раней дакляравалі.

Забароненая зона ў Гомельскай вобласці, якая з'явілася пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС

Міжурадавае пагадненне паміж Менскам і Масквой на гэты конт дагэтуль не падпісанае, хоць да запланаванага адкрыцця першага энэргаблока БелАЭС застаецца крыху больш за год. Як сказаў Ажароўскі, умовы перапрацоўкі АЯП у Расеі маюць быць абмеркаваныя зарання, або беларуская старана будзе вымушаная будаваць уласнае сховішча для адпрацаванага паліва.

Пакуль жа беларускія атамнікі настойліва прасоўваюць тэзіс аб вывазе АЯП на перапрацоўку ў Расію, канстатуе экспэрт. Але пры гэтым яны не згадваюць, што пасля ўтылізацыі небяспечны цяжар вернецца ў Беларусь - у адпаведнасці з змененым заканадаўствам РФ. Да таго ж колькасць гэтых адкідаў з радыёнуклідамі аб'ёмам у сотні разоў перавысіць першапачатковы аб'ём адпрацаванага ядзернага паліва - такая тэхналогія перапрацоўкі АЯП.

Колькі каштуе бяспека

Кошт будаўніцтва аб'ектаў пахаванняў РАА не ўключаны ў агульны кошт будаўніцтва БелАЭС. Урад Беларусі мяркуе, што беларускі магільнік будзе каштаваць як «аналагічны аб'ект у Літве - блізу 60 млн даляраў ЗША, а будаўніцтва першай чаргі - 10 млн даляраў».

Але ў прэс-службе закрытай у 2009 годзе Ігналінскай АЭС журналістам назвалі значна большую суму, якая спатрэбіцца на падтрыманне рэжыму бяспекі. Толькі адзін з апошніх кантрактаў на будаўніцтва могільніка нізкаактыўных адкідаў і яго інжынерных сетак, які быў падпісаны ў чэрвені, каштаваў 9 млн еўраў.

Пабудова комплексу для абыходжання і захоўвання цвёрдых радыеактыўных адкідаў каштуе больш за 188 млн еўраў, прамежкавае сховішча АЯП - 194 млн еўраў. РАА і АЯП з Літвы нікуды не транспартуюцца і застаюцца ў сховішчах Ігналінскай АЭС. Агулам да 2018 года ў працэсе вывядзення гэтай атамнай станцыі з эксплуатацыі будзе выдаткавана блізу 2,6 млрд даляраў.

Паводле законаў ЕЗ, выбар месца, метаду і тэхналогіі ядзерных захаванняў павінен праходзіць публічна і з улікам наяўнасці альтэрнатыў. «Праблема Беларусі ў тым, што пастановы прымаюцца вузкай групай ці наогул адным чалавекам, а ў мільёнаў людзей, якім жыць з гэтай радыеактыўнай спадчынай, ніхто і не пытаецца», - заўважае Таццяна Новікава.

У адпаведнасці з Орхускай канвенцыяй, улады былі абавязаныя абмеркаваць з грамадскасцю «Стратэгію абыходжання з радыеактыўнымі адкідамі» і свой канцэптуальны праект пункта захавання адкідаў. Але ў паведамленні Мінэнэрга нічога пра гэта не гаворыцца. «Пакуль жа ясна адно: ядзерныя захаванні нясуць беларусам занадта высокія рызыкі, калі будоўлю АЭС не спыніць на той стадыі, пакуль паліва яшчэ не заладаванае», - перакананая Новікава.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках