18 красавiка 2024, Чацвер, 13:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былы палітвязень запатрабаваў кампенсацыі ад КДБ

8
Былы палітвязень запатрабаваў кампенсацыі ад КДБ
ЗМІЦЕР КРАМЯНЕЦКІ
ФОТА: "РАДЫЁ СВАБОДА"

Следчы камітэт адмовіў Змітру Крамянецкаму ў праве на кампенсацыю шкоды.

Следчы камітэт скасаваў уласную пастанову аб прызнанні за актывістам Змітром Крамянецкім права на кампенсацыю шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс. Новая пастанова была вынесеная 12 ліпеня, паведамляе ПЦ «Весна».

Пасля таго, як следчымі КДБ была вынесеная пастанова аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да «маладафронтаўца» за адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства, Зміцер Крамянецкі звярнуўся ў Следчы камітэт з заявай аб вынясенні пастановы на кампенсацыю шкоды. Актывіст перакананы, што ўтрыманне яго пад вартай было незаконным. Акрамя гэтага, на ўсе допыты Змітра вадзілі з надзетым на галаву чорным мяшком, што, відавочна, рабілася ў мэтах запалохвання і псіхалагічнага ціску і прычыняла яму асаблівыя пакуты, а таксама прыніжала ягоную чалавечую годнасць. Суму маральнай шкоды актывіст ацаніў на дзесяць тысяч рублёў.

Аднак, як вынікае з адказу начальніка ўправы СК Рэспублікі Беларусь В. Грыца, які Крамянецкі атрымаў некалькі дзён таму, следчыя прыйшлі да высновы, што ў пытанні прызнання права на кампенсацыю яны паспяшаліся:

«Вынесеная пастанова аб прызнанні за Змітром Крамянецкім права на кампенсацыю шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс, з'яўляецца неабгрунтаванай, бо затрыманне, утрыманне пад варту, а таксама пастанова аб спыненні ў дачыненні да Крамянецкага крымінальнага пераследу праводзілася Камітэтам дзяржбяспекі Рэспублікі Беларусь».

Маўляў, мы тут ні пры чым і з гэтым пытаннем лепш звяртацца непасрэдна ў КДБ, супрацоўнікі якога затрымлівалі актывіста і ўтрымлівалі ў камеры больш за два месяцы. Аднак пасля перадачы КДБ справаводства паводле справы ў Следчы камітэт, менавіта апошні з'яўляецца органам крымінальнага пераследу ў гэты час.

«Тут важна адзначыць, - каментуе праваабаронца Валянцін Стэфановіч, - што і сама працэдура атрымання кампенсацыі шкоды, якая была прычыненая грамадзяніну органамі следства, замацаваная ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе, выглядае вельмі дзіўнай: для атрымання такога права грамадзянін перш за ўсё ў дасудовым парадку павінен звяртацца ў следчы орган, які непасрэдна і ажыццяўляў яго пераслед, каб апошні прызнаў такое права за грамадзянінам. Без пастановы следчага органа аб прызнанні такога права грамадзянін не можа звяртацца з пазовам у суд. Трэба адзначыць, што паводле iншых абставiнаў прычынення маральнай і матэрыяльнай шкоды прадугледжаны наўпроставы судовы парадак разгляду пазову».

Зміцер Крамянецкі разам з некаторымі іншымі «маладафронтаўцамі» быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 23 сакавіка 2017 года паводле падазрэння ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў». 2 чэрвеня старшым следчым у асабліва важных справах 1 аддзела следчай управы КДБ А.В. Грыбам вынесеная пастанова аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да «маладафронтаўца» за адсутнасцю ў дзеяннях складу злачынства.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках