29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віціс Юрконіс: Залежнасць Беларусі ад Крамля – на сумленні спадара Лукашэнкі

2
Віціс Юрконіс: Залежнасць Беларусі ад Крамля – на сумленні спадара Лукашэнкі
ВІЦІС ЮРКОНІС
ФОТА: DELFI

Польшча і Літва павінны рэальна ацэньваць пагрозы, якія зыходзяць ад рэжыму ў Беларусі.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс.

– У чым заключаецца пагроза расейска-беларускіх вучэнняў «Захад-2017»? Пра гэта было заяўлена нават у справаздачы Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы.

– Эскалацыя стасункаў з Захадам працуе на карысць афіцыйнага Менска, бо падымаюцца стаўкі. А гэта аснова выжывання рэжыму, інакш Беларусь была б малацікавая для Расеі. Цяпер беларускія ўлады могуць сябе пазіцыянаваць як нейкага гульца. У гэтым сэнсе ёсць пэўныя рызыкі, бо ў працэсе можна загуляцца. Залежнасць ад Крамля расце, а давер нават сярод некаторых сваіх афіцыйных асобаў падае, так што тонкасць гэтага пытання разумеюць і некаторыя беларусы.

Польшчы і Літве гэтыя рызыкі трэба ўлічваць і ў ваеннай перспектыве разглядаць самы горшы сцэнар. Крэмль у гэтым плане заўсёды будзе апеляваць да дзеянняў NATO, інакш ім вельмі цяжка апраўдаць сваю агрэсію ў Грузіі ці Украіне, а таксама маштабныя рэсурсы, якія выдаткоўваюцца на рознага кшталту вучэнні.

– Ці можна сказаць, што дзверы для Лукашэнкі ў Еўропу былі адчыненыя троху шырэй, чым звычайна?

Парламенцкая асамблея АБСЕ ў Менску была практычна зорнай гадзінай для вонкавай палітыкі Беларусі, хоць чаканні наконт былой намесніцы міністра Алены Купчыной і не апраўдаліся. Дзверы для Лукашэнкі адчынялі ўжо не раз, і трэба прызнаць, што афіцыйны Менск паспяхова грукаецца ў дзверы розных еўрапейскіх сталіцаў, уключаючы Брусэль. Аднак скарыстацца гэтым будзе складана, таму што адна справа дзверы адкрыць, іншая справа – паводзіць сябе па-еўрапейску, калі заходзіш у госці. А да еўрапейскіх стандартаў беларускаму рэжыму пакуль што далёка, і нейкіх перадумоваў для пераменаў у найбліжэйшы час, на жаль, не відаць.

– Якія інструменты ціску цяпер мае Расея для ўтрымання рэжыму Лукашэнкі ў сваёй сферы ўплыву?

– У арсенале Крамля ёсць усе меры ціску – ад эканамічных да энэргетычных. Нягледзячы на гэта, Лукашэнка цягам многіх гадоў умела манеўраваў. Не проста адказаць на пытанне, дзе была б Беларусь, калі б ва ўладзе былі іншыя людзі, але даволі выразна можна сказаць, што цяперашняя амаль поўная залежнасць ад Расеі – гэта вынік кіравання Лукашэнкі і ягоная асабістая адказнасць.

– Міністр замежных справаў Літвы ў адным з інтэрв'ю заявіў, што «ўжо больш не ведае, як паводзіць сябе з суседам», гэта значыць з Беларуссю. Гэта было сказана ў кантэксце Астравецкай АЭС. Пра што ўвогуле цяпер Літва можа сабе дазволіць казаць, маючы на ўвазе маральныя прынцыпы, у адносінах з Беларуссю?

– Геаграфію не зменіш і нам давядзецца жыць побач. На чалавечым узроўні быццам бы стасункі паміж беларусамі і літоўцамі даволі добрыя, але калі пачынаецца гаворка пра геапалітыку, пачынае праяўляцца розніца. Сумна, хоць і зразумела, што апошнім часам дамінуе тэма Астраўца, але колькі можна было б зрабіць у тэме гістарычнай памяці? Абмеркаванне спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, наступстваў знаходжання ў складзе Расейскай імперыі, сталінскіх рэпрэсіяў і г. д. Гэта адразу многае паставіла б на месца. Калі беларускія ўлады гатовыя сур'ёзна пра гэта гутарыць, гэта быў бы крок наперад. А калі не, то гэта было б самым яркім аргументам таго, што нічога не мяняецца і мець нейкія чаканні ад афіцыйнага Менска не варта.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках