28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эколагі пратэстуюць супраць захоўвання радыеактыўных адыходаў на тэрыторыі Беларусі

5
Эколагі пратэстуюць супраць захоўвання радыеактыўных адыходаў на тэрыторыі Беларусі

Беларуская антыядзерная кампанія выступіла з прынцыповым заявай пра БелАЭС.

У Беларусі прадаўжаецца будаўніцтва Астравецкай АЭС. У канца 2018 года паступіць ядзернае паліва для рэактара першага энэргаблока. Будаўніцтва праходзіць з парушэннем усіх міжнародных нормаў. Радыеактыўныя адыходы будуць захоўвацца на тэрыторыі краіны, што можа прывесці да незваротных наступстваў.

Беларуская антыядзерная кампаніі зрабіла адмысловую заяву ў пытанні захавання радыеактыўных адыходаў Астравецкай АЭС.

Сайт Charter97.org публікуе заяву кампаніі:

Заява ўдзельнікаў Беларускай антыядзернай кампаніі ў пытанні захоўвання радыеактыўных адыходаў Беларускай АЭС

10 ліпеня Міністэрства энэргетыкі Рэспублікі Беларусь размесціла на сваім сайце паведамленне "Аб навуковым суправаджэнні будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Рэспубліцы Беларусь", дзе гаворыцца пра такую праблему як захоўванне радыеактыўных адыходаў Беларускай АЭС. Сярод іншага, Мінэнэрга інфармуе пра тое, што ў мэтах бяспечнага захоўвання і ізаляцыі радыеактыўных адыходаў АЭС былі падрыхтаваныя "прапановы да праектных пастановаў у перапрацоўцы радыеактыўных адыходаў Беларускай АЭС, іх часовым захоўванні на тэрыторыі АЭС з наступным пахаваннем".

Акрамя таго, у інфармацыі на сайце гаворыцца, што ў цяперашні час распрацоўваецца "канцэптуальны праект пункта пахавання радыеактыўных адыходаў (акрамя высокаактыўных), якія ўтвараюцца ў працэсе эксплуатацыі і вываду з эксплуатацыі Беларускай АЭС, а таксама выконваюцца даследаванні для яго збудавання".

З гэтай інфармацыі вынікае, што на тэрыторыі Беларусі прадугледжваецца збудаванне магутнасцяў для перапрацоўкі, часовага захоўвання і нават пахавання радыеактыўных адыходаў Беларускай АЭС, а таксама, што ўжо гатовыя тэхнічныя патрабаванні і некаторыя праектныя пастановы для гэтых магутнасцяў.

Мы нагадваем Міністэрству энэргетыкі Рэспублікі Беларусь, што праекты падобных збудаванняў, як тых, што маюць высокую экалагічную небяспеку, павінны ў адпаведнасці з Орхускай канвенцыяй і канвенцыяй Эспаа ЕЭК ААН праходзіць працэдуру Ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і абмяркоўвацца з грамадскасцю. На жаль, у паведамленні Мінэнэрга нічога пра гэта не гаворыцца. Адсутнічае і інфармацыя пра тое, якая тэхналогія разглядаецца для перапрацоўкі, захоўвання і пахавання радыеактыўных адыходаў, якая арганізацыя выступае распрацоўнікам канцэптуальнага праекта пункта пахавання радыеактыўных адыходаў. Няма інфармацыі пра месца размяшчэння гэтага пункта, у той час як інфармацыя пра даследаванні для яго збудавання кажа пра тое, што вядуцца, у тым ліку, даследаванні пляцовак для размяшчэння гэтага пункта.

Мы са шкадаваннем адзначаем той факт, што з грамадскасцю не была абмеркаваная Стратэгія абыходжання з радыеактыўнымі адыходамі Беларускай АЭС, прынятая ў чэрвені 2015 года, у той час, як Орхуская канвенцыя патрабуе такога абмеркавання.

Мы хочам нагадаць таксама пра тое, што праблема бяспечнай перапрацоўкі, захоўвання і пахавання радыеактыўных адыходаў атамнай энэргетыкі не развязаная нідзе ў свеце. Надзейную ізаляцыю радыеактыўных адыходаў ад навакольнага асяроддзя не атрымоўваецца забяспечыць нават цягам дзесяцігоддзяў, не кажучы пра тэрмін небяспекі пэўных адыходаў, якi налiчваецца сотнямі тысячаў гадоў. Краіны з развітой атамнай галіной, як ЗША, Нямеччына, сутыкаюцца з праблемай радыяцыйных выцечак са сховішчаў радыеактыўных адыходаў. Працэс перапрацоўкі радыеактыўных адыходаў (АЯП – адпрацаванага ядзернага паліва) у найбольш індустрыяльна і тэхнічных развітых краінах (ЗША) прызнаны эканамічна і экалагічна неэфектыўным і таму не вядзецца. Сцвярджаючы, што ў Беларусі будзе ажыццяўляцца бяспечныя перапрацоўка і захаванне адыходаў, Мінэнэрга дэзынфармуе грамадзянаў і ўрад, падводзячы пад дадатковыя рызыкі не адно пакаленне жыхароў нашай краіны.

Мы хочам нагадаць пра тое, што збудаванне Беларускай АЭС вядзецца з парушэннямі тэхнічных нормаў і заканадаўства, будаўніцтва рэактарнага будынка першага энэргаблока пачатае ў адсутнасць неабходнай праектнай дакументацыі, на гэты энэргаблок усталяваны корпус рэактара, які пацярпеў пры чыгуначнай перавозцы, што стварае дадатковую рызыку радыяцыйнай аварыі.

Мы патрабуем спынення будаўніцтва Беларускай АЭС і перагляду звязаных з ёй пастановаў з належным удзелам грамадскасці, як гэтага патрабуюць міжнародныя абавязальніцтвы і заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках