25 красавiка 2024, Чацвер, 19:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларусы вяртаюць падатак за «дармаедства»

32
Як беларусы вяртаюць падатак за «дармаедства»

Улады далі задні ход?

Тыя беларусы, хто заплаціў падатак "на дармаедства", сталі атрымліваць грошы назад, паведамляюць улады. DW знайшла чалавека, які здолеў іх вярнуць яшчэ месяц таму.

Кандыдат эканамічных навук з Магілёўскай вобласці, пенсіянер Пётр Мігурскі сцвярджае, што першым у Беларусі вярнуў добраахвотна выплачаны ім падатак "на дармаедства". Яшчэ 2 чэрвеня на банкаўскую картку Мігурскаму былі пералічаныя 360 рублёў, хаця беларускія ўлады толькі на мінулым тыдні заявілі пра афіцыйны пачатак выплатаў грошай тым, хто мог не ўносіць гэты падатак.

Скандальны дэкрэт

Лукашэнкаўскі дэкрэт №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", празваны ў Беларусі дэкрэтам "аб дармаедстве", з'явіўся на свет у красавіку 2015 года. Дзейнічаць ён пачаў восенню 2016-га, калі падатковыя інспекцыі сталі рассылаць грамадзянам, якія працавалі менш за 183 дні за год, паведамленні з патрабаваннем выплаціць 360 рублёў збору (каля 175 еўраў у эквіваленце). 20 лютага сёлета скончыўся тэрмін ягонай выплаты, але высветлілася, што толькі 54 тысячы чалавек (крыху больш за 11% ад тых, хто атрымаў паведамленні) унеслі грошы.

З надыходам гэтай даты практычна ва ўсіх буйных гарадах краіны прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць дэкрэта, і ягонае дзеянне было прыпыненае. А ў ліпені некаторым "дармаедам" ужо пачалі вяртаць грошы. Пра гэта паведаміла намесніца міністра ў падатках і зборах Святлана Шаўчэнка. Праўда, колькім грамадзянам вярнулі збор, яна сказаць не змагла.

Вярнуў першым

Жыхар вёскі Дабрэйка Шклоўскага раёна, кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі сцвярджае, што першым у Беларусі вярнуў выплачаны падатак "на дармаедства". Ужо 2 чэрвеня на банкаўскую картку яму былі пералічаныя 360 рублёў, занесеных ім у бюджэт дзевяць месяцаў таму. А "пастанова пра ануляванне паведамлення" – так называецца афіцыйна дакумент, які выдаецца падатковай інспекцыяй, – з'явілася яшчэ раней, 30 траўня.

Такіх людзей, як ён, будзе мала, упэўнены Мігурскі. Бо патрабаваць вяртання грошай эканаміст пачаў яшчэ ў сакавіку. Пасля лютаўскіх акцыяў пратэсту, тлумачыць ён, улады самі пачалі шукаць варыянты, як спусціць дэкрэт на тармазах. І 15 сакавіка ва ўсіх абласных газетах быў апублікаваны матэрыял-растлумачэнне памерам на цэлую паласу і пад назвай "Усё, што трэба ведаць пра дэкрэт №3". Менавіта тады да Мігурскага прыйшла ўпэўненасць, што свае грошы ён верне.

Зыходзячы з агучаных тлумачэнняў, каб не плаціць падатак, сельскім жыхарам дастаткова ўзяць даведку пра наяўнасць прысядзібнага надзела, паказвае Мігурскі. Такі дакумент, хоць і не з першага разу, ён дастаў. Але, у адрозненне ад аднавяскоўцаў, эканаміст ужо заплаціў падатак, таму яму давялося падаць у падатковую інспекцыю новую пісьмовую заяву пра вяртанне сродкаў. І цягам месяца падатковае паведамленне, якое ён атрымаў у кастрычніку летась, было ануляванае. "А грошы прыйшлі літаральна праз два дні", – задаволена канстатуе Пётр Мігурскі.

Самі сябе загналі ў кут

Улады, мяркуе Мігурскі, самі загналі сябе ў кут. Спачатку сярод сельсаветаў было цэлае "сацспаборніцтва", хто больш за ўсіх выявіць "дармаедаў". Была агучаная лічба, нагадвае вучоны, прыкладна 400 тысячаў "дармаедаў" ва ўсёй краіне, і яе трэба было раўнамерна раскінуць на 118 раёнаў Беларусі, а значыць, трэба было абавязкова знайсці сацыяльнага ўтрыманца ў кожнай вёсцы.

Як толькі дэкрэт №3 быў апублікаваны, на Мігурскага наляцела кіраўніца сельсавета з пытаннем пра ягонае месца працы. Пасля нядоўгіх разглядаў эканаміст быў прызнаны "дармаедам". Падатак Пётр Мігурскі заплаціў таксама адным з першых, хоць у 2016 годзе ўжо выйшаў на пенсію. На ягоную пастанову паўплывалі тры чыннікі.

Па-першае, абвінавачанне ў дармаедстве для яго было абразлівым. Па-другое, усе, хто атрымаў паведамленні, ужо амаль год знаходзяцца ў прыгнечаным псіхалагічным стане – Мігурскі хацеў ад яго пазбавіцца. А па-трэцяе, навуковец часта бывае за мяжой, таму баяўся абмежаванняў на замежныя паездкі.

Але аплата паведамлення, дадае ён, дала нечаканы вынік. У вёсцы пра яго сталі казаць, як пра "сапраўднага дармаеда": калі сам заплаціў, значыць вінаваты. Гэта раззлавала Мігурскага яшчэ больш, чым сам дэкрэт. Пры гэтым у адной толькі Дабрэйцы сацыяльнымі ўтрыманцамі прызналі 20 чалавек, якім не было чым плаціць высокі паводле вясковых мерак збор. І неўзабаве высветлілася, што падатковая інспекцыя сама не ведае, як сабраць грошы. Тады і з'явілася афіцыйнае тлумачэнне з, у сутнасці, алгарытмам таго, як пазбегнуць аплаты. Чым Мігурскі адразу і скарыстаўся.

Праваабаронцы маюць рацыю

Магілёўскі юрыст праваабарончага цэнтра "Вясна" Барыс Бухель адзначае, што стратэгія супраціву праз абскарджанне падатковага паведамлення ва ўсіх інстанцыях аж да Вярхоўнага суда, прапанаваная ў мінулую восень праваабаронцамі, дала свой эфект. Пётр Мігурскі, на думку Бухеля, проста паспяшаўся з аплатай збору, але яму пашанцавала адваяваць аддадзеныя грошы. А вось 580 магілёўцам, якія добраахвотна падалі паведамленні з прызнаннямі ва ўтрыманстве і атрымалі 10% скідкі пры выплаце, ужо грошы не вернуць дакладна. Пры гэтым, адзначае юрыст, ніхто да суду так і не дайшоў: "Улада значна раней дала задні ход".

Шляхам абскарджання пайшла і былая валанцёрка Вераніка Цэдрык, якая ў 2015–2016 гадах дзесяць месяцаў правяла ў Польшчы паводле праграмы Еўрапейскай валанцёрскай службы (EVS). Цэдрык, з уласнага прызнання, проста трапіла ў пастку дэкрэта №3: усім было зразумела, што не адступіць ад працы, але дэкрэт кваліфікаваў такіх асобаў як "дармаедаў".

У агульнай колькасці яна напісала чатыры скаргі, апошняя з якіх была адпраўленая ў Міністэрства падаткаў і збораў. Адказу з яе, кажа Цэдрык, да гэтага часу няма, але паколькі дзеянне дэкрэта прыпыненае, яна мяркуе, што яе пакінуць у спакоі.

Мінімальны заробак

У адпаведнасці з распараджэннем Лукашэнкі ад 5 лiпеня "Аб вяртанні збору на фiнансаванне дзяржаўных выдаткаў", грамадзяне, якія ўнеслі яго за 2015 і 2016 гады, маюць права на вяртанне выплачаных грошай, калі ў 2017 годзе яны ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржвыдаткаў, дасягнулі пенсійнага веку, прызнаныя недзеяздольнымі або інвалідамі.

Сёлета Вераніка Цэдрык ўладкавалася на працу, і значыць, нічога плаціць не павінна. Але задавальнення яна не адчувае. Пагроза трапіць у "дармаеды" прымусіла яе пагадзіцца на мінімальны памер аплаты працы, які складае 265 рублёў (каля 121 еўра) – такія ўмовы большасці вакансіяў на рынку працы, наракае Цэдрык.

Яна з'яўляецца маладым спецыялістам з вышэйшай адукацыяй і досведам працы ў адной з краінаў Еўразвяза, але ў Беларусі адчувае сябе непатрэбнай. А супакойвае сябе тым, што хоць бы знайшла цікавую працу. Бо можа быць і горш – за тыя ж грошы хтосьці займаецца манатоннай цяжкой фізічнай працай.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках