24 красавiка 2024, Серада, 6:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Пінску ўпершыню адзначылі Дзень гераічнай перамогі пад Грунвальдам

2
У Пінску ўпершыню адзначылі Дзень гераічнай перамогі пад Грунвальдам

Жыхары Палесся ўспаміналі слаўны дзень перамогі беларускай зброі.

У антыкавярні «Time relax» сабраліся пінчукі, неабыякавыя да гісторыі сваёй радзімы. Мерапрыемства праходзіла ў нефармальнай абстаноўцы, людзі рознага веку размаўлялі, глядзелі гістарычныя фільмы на тэму Грунвальду, абменьваліся думкамі пра ўплыў бітвы на ход гісторыі, піша «Медыя-Палессе».

Асаблівая атмасфера падтрымлівалася сярэднявечнай музыкай, якую выконвалі на лютні – інструменце рыцараў.

Любы ахвотны мог прымераць сапраўдныя рыцарскія даспехі і патрымаць у руках меч або алебарду. Напрыканцы мерапрыемства паступіла прапанова больш маштабна адзначыць 610-годдзе Грунвальду ў 2020 годзе.

Арганізатар мерапрыемства рэканструктар Аляксей Ноздрын падзяліўся сваім меркаваннем пра значнасць падзеі:

– Эпоха Сярэднявечча зачароўвае, яна вельмі моцна рамантызаваная. Нароўні з інтрыгамі, здрадамі, забойствамі, гэта быў час сапраўдных людзей, якія сваёй адвагай і ўменнем валодаць зброяй дасягалі перамогі.

– Што датычыцца Грунвальдскай бітвы, – прадаўжае Аляксей, то гэтая вялікая бітва змяніла ход сярэднявечнай гісторыі. Таму свой погляд на яе маюць палякі, літоўцы, расейцы, немцы. Усе яны хочуць паказаць сябе ў выгодным святле. Але трэба апісваць гэтыя падзеі і з беларускага гледзішча. У хаўрусным з Польскай Каронай войску практычна палову складалі ваяры ВКЛ, большасць з якіх былі продкамі беларусаў. Паводле адной з версіяў вялікі князь Вітаўт завабіў крыжакоў у пастку, і літвіны вытрымалі жахлівы націск тэўтонскіх войскаў, аслабілі іх, і далей справу закончыла войска Каралеўства Польскага пад кіраўніцтвам караля Ягайлы.

На думку Аляксея, веданне сваёй гісторыі дапамагае захаванню і развіццю любога народа.

Юры Бушык распавёў некалькі цікавых фактаў пра бітву пад Грунвальдам:

– Добра, што тут сабраліся людзі, якія неабыякавыя да гісторыі нашай краіны і нашага горада. Грунвальдская бітва стала знакавай і для нашага горада. У ёй удзельнічала Пінская харугваў, пра што ёсць згадкі ў польскіх і французскіх хроніках. Роля Пінскай харугвы была значная, на яе прыйшоўся значны ўдар крыжакоў, вядома таксама яе размяшчэнне на поле бою.

Юры Бушык адзначыў, што на баку Тэўтонскага ордэна змагаліся не толькі нямецкія рыцары, але і прадстаўнікі амаль усёй сярэднявечнай Еўропы, так званыя гасцявыя рыцары. Таму вестка пра паразу тэўтонцаў пракацілася па шматлікіх краінах.

– Гэты фрагмент гісторыі аб'ядноўвае беларусаў розных светапоглядаў, – мяркуе Юры, таму важна адзначаць яго разам.

Дарэчы, Пінск – адзін з чатырох гарадоў Беларусі, у якіх ёсць вуліца Грунвальдская.

– Праз тры гады будзе 610-я гадавіна Грунвальдскай бітвы, думаю, што варта адзначыць яе на гарадскім узроўні. Давайце зробім супольны праект, гарадскія ўлады чакаюць ідэяў і прапановаў, – сказаў напрыканцы Юры Бушык.

Любы мог патрымаць у руках зброю і прымераць даспехі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках